Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 785 рус. • англ. • фр. |
Чыгунка Земерынг — першая ў свеце горная чыгунка.[1]
Знаходзіцца ў Аўстрыі. Найстарэйшы ўчастак даўжынёй 42 км, пабудаваны ў 1848—1854 гадах, праходзіць праз Земерынгскі перавал паміж Мюрцушлагам і Глогніцам у высакагорнай мясцовасці.
На пачатку эры сусветнага панавання чыгунак пракласці 4,5 км тунэляў і 1,5 км мастоў і віядукаў у горнай мясцовасці было складанай інжынернай задачай. Над ёю працавалі 17 тыс. рабочых пад кіраўніцтвам інжынера Карла фон Гега. Самай высокай кропкай чыгункі стала станцыя Земерынг — 895 м над узроўнем мора. Улічваючы вельмі складаны рэльеф і значныя перапады вышынь, з'яўляецца адным з выдатных дасягненняў цывільнай інжынерыі XIX ст.
Дзякуючы чыгунцы раён пачаў хутка развівацца, а горад стаў модным бальнеалагічным і гарналыжным курортам. Цягнік з Вены да Земерынга ідзе дзве гадзіны, за гэты час можна назіраць захапляльныя горныя краявіды. Унікальнасць маршрута і ў тым, што інжынерныя збудаванні не парушылі цэласць краявіду, а дапоўнілі яго.
Дарога цалкам функцыянуе і з'яўляецца часткай аўстрыйскай Паўднёвай чыгункі.
Чыгунка ўключана ў склад Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў 1998 г.