Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Маастрыхт (нідэрл.: Maastricht, лімб.: Mestreech) — горад на паўднёвым усходзе Нідэрландаў, сталіца правінцыі Лімбург. Насельніцтва 120,2 тыс. чалавек (2006).
Плошча тэрыторыі 59 км², плошча вады — каля 3 км². Горад размешчаны на берагах Мааса зблізку стыку меж Нідэрландаў, Германіі і Бельгіі.
Ужо каля 500 г. да н.э. ў раёне сучаснага Маастрыхту існавала кельцкае паселішча. У I стагоддзі да н.э. рымлянамі быў пабудаваны мост праз раку Маас, у сувязі з чым тут узнік гандлёвы цэнтр. Пазней, у III стагоддзі, ён быў пераўтвораны ў ваенны лагер — каструм. Такім чынам, Маастрыхт належыць да трох найстарэйшых гарадоў Нідэрландаў. У наступным стагоддзі тонгерэнскі біскуп Сервацый перанёс цэнтр біскупства ў Маастрыхт, якім ён заставаўся да VIII стагоддзя, калі біскупы абралі сабе новую рэзідэнцыю — Льеж. У сярэднявеччы ўладарамі горада адначасова лічыліся біскуп льежскі і герцаг брабанцкі. У 1579 годзе быў захоплены і зруйнаваны іспанцамі. У 1632 годзе Маастрыхт быў вызвалены ад іспанцаў і ўвайшоў у склад Аб'яднаных правінцый. У 1673, 1748 і 1793 быў акупаваны французамі. У 1839 годзе, нягледзячы на геаграфічную блізкасць да Бельгіі, быў канчаткова замацаваны за Нідэрландамі і стаў важным цэнтрам вытворчасці керамікі. У 1976 годзе быў заснаваны ўніверсітэт. У 1992 тут было падпісана пагадненне аб стварэнні Еўрасаюза, вядомае як Маастрыхцкі дагавор.
Клімат Маастрыхта | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Сярэдні максімум, °C | 4,4 | 5,5 | 8,9 | 12,6 | 17,3 | 20,3 | 21,9 | 21,9 | 18,8 | 14,5 | 8,6 | 5,4 | 13,3 |
Сярэдняя тэмпература, °C | 2,0 | 2,5 | 5,2 | 8,2 | 12,5 | 15,5 | 17,2 | 17,0 | 14,2 | 10,5 | 5,8 | 3,0 | 9,5 |
Сярэдні мінімум, °C | −0,6 | −0,5 | 1,6 | 3,8 | 7,6 | 10,7 | 12,4 | 12,3 | 9,9 | 6,8 | 2,8 | 0,4 | 5,6 |
Норма ападкаў, мм | 58,9 | 53,2 | 62,2 | 52,6 | 62,2 | 74,1 | 70,6 | 66,4 | 56,6 | 60,5 | 69,4 | 72,8 | 759,5 |
Крыніца: World Climate |
У Маастрыхце размешчаны самы малады ўніверсітэт Нідэрландаў — Універсітэт Маастрыхта (1976).
У Маастрыхце знаходзіцца адзін з каледжаў міжнароднай супольнасці (адкрыццё — у жніўні 2009).
Помнікі маастрыхцкай даўніны ўключаюць перакінуты праз Маас мост Святога Сервацыя (каля 1280 г.), былы будынак суда (каля 1475 г.), барочную ратушу (1658-64) і шматлікія асабнякі, якія адлюстроўваюць эвалюцыю фламандскіх архітэктурных густаў з часоў Рэнесансу.
Захаваліся фрагменты бастыёнаў і манументальная сярэднявечная брама (1229), званыя «варотамі пекла» (Helpoort). Астатнія ўмацаванні былі разбураны Вабанам пры аблозе Маастрыхта ў 1673 годзе: гэта падзея ўвайшла ў падручнікі ваеннага мастацтва. Пры ўзяцці горада паклаў галаву бравы мушкецёрскі капітан-лейтэнант д’Артаньян (у старым замкавым парку яму ўсталяваны помнік).
Сярод шматлікіх сярэднявечных храмаў вылучаецца сабор Святога Сервацыя — найстарэйшы ў краіне: базіліка была закладзена ў VI стагоддзі, блізкі да цяперашняга раманскае аблічча набыла ў XI—XII стст., яе пашырэнне і ўпрыгожванне працягвалася да канца сярэдніх стагоддзяў. Царква Святога Іаана, цяпер занятая пратэстантамі, славіцца сваёй 75-мятровай званіцай. У базіліцы Дзевы Марыі, нягледзячы на незлічоныя перабудовы, ацалела тысячагадовая крыпта.
На поўдзень ад Маастрыхта, у мястэчку Сінт-Пітэрсберг, з часоў антычнасці вялася здабыча мергеля. Агульная працягласць створаных рудакопамі тунэляў перавышае 320 км. Падчас войнаў маастрыхцы хавалі ў іх дзічыну, скаціну, бежанцаў і творы мастацтва.