Мары-Галан

Мары-Галан
фр. Marie-Galante
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча158,01 км²
Насельніцтва10 655 чал.
Шчыльнасць насельніцтва67,43 чал./км²
Размяшчэнне
15°56′ пн. ш. 61°16′ з. д.HGЯO
АрхіпелагМалыя Антыльскія астравы
АкваторыяАтлантычны акіян
Краіна
Мары-Галан (Гвадэлупа)
Мары-Галан
Мары-Галан
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мары́-Гала́н, або Мары́-Гала́нт (фр.: Marie-Galante) — востраў у Атлантычным акіяне. Уваходзіць у склад французскага заморскага дэпартамента Гвадэлупа. Плошча вострава — 158,01 км². Насельніцтва — 10 655 чал. (2018 г.)

Геаграфія і прырода

[правіць | правіць зыходнік]
Карта

Востраў Мары-Галан размешчаны ў Атлантычным акіяне ў 25,9 км на паўднёвы ўсход ад вострава Гвадэлупа, у 6764 км на паўднёвы захад ад Парыжа і ў 8513 км на паўднёвы захад ад Мінска. Дзякуючы сваёй амаль круглай форме і амаль роўнай паверхні Мары-Галан часцяком жартоўна называюць блінцом. Найбольшы дыяметр гэтага «блінца» складае прыкладна 15,6 км.

Востраў мае вулканічнае паходжанне. Сфарміраваўся ў зоне субдукцыі літасферных пліт (гл. Тэктоніка пліт) каля 2,5 млн гадоў таму як падводнае плато, на якім паступова назапашваліся арганічныя асадкі. Яны склалі вапняковую аснову сучаснай паверхні. Далейшая субдукцыя выштурхала востраў над паверхняй акіяна. Гэты працэс адбываецца і ў нашы дні, так што геолагі адзначаюць далейшы «рост» сушы над узроўнем мора. Ён з’яўляецца прычынай землетрасенняў, якія здараюцца ў гэтым геаграфічным рэгіёне.

Нягледзячы на параўнанне з блінцом, мясцовы рэльеф адрозніваецца некаторай разнастайнасцю. Большую частку сушы займае вапняковае плато, якое ўтварае выступы ў выглядзе скал на заходняй ускраіне. Вапняк паступова разбураецца з-за ўздзеяння вады, таму на ўсёй тэрыторыі Мары-Галан можна бачыць глыбокія яры. У карставых пустэчах назапашваецца вада, але сталых паверхневых вадацёкаў амаль няма. Выключэнне складае адзіная рака, што ўпадае ў прасторную лагуну на захадзе. Астатнія рэкі маюць сезонны характар. На Мары-Галан шмат пясчаных пляжаў.

Клімат трапічны. Сярэдняя тэмпература на працягу года вагаецца ад +23 °C узімку да +26 °C улетку. З-за асаблівасцей кірунку вятроў сярэдняя колькасць ападкаў складае ўсяго 55 мм у лютым і 246 мм у верасні. Мары-Галан знаходзіцца ў зоне ўздзеяння трапічных цыклонаў.

Прырода вострава значна зменена чалавекам. Пераважаюць культурныя насаджэнні. На заходнім узбярэжжы добра захавалася фаўна каралавага рыфа.

Стары вятрак на захадзе Мары-Галан

Да прыходу еўрапейцаў востраў Мары-Галан быў населены індзейцамі-аравакамі, якія называлі сваю радзіму Аўлінаган («зямля бавоўны»). Захаваліся петрогліфы і кераміка першанасельнікаў. Брытанскі даследчык-аматар Гэвін Мэнзіс сцвярджае, што ў 1422 г. Мары-Галан дасягнула кітайская экспедыцыя на чале з Чжэн Хэ[1].

3 лістапада 1493 г. востраў быў адкрыты Хрыстафорам Калумбам, які даў яму назву аднаго са сваіх караблёў «Maria Galanda». 8 лістапада 1648 г. на востраве была заснавана першая французская калонія. Каля 50 перасяленцаў аселі ў раёне сучаснага горада Сен-Луі і займаліся вырошчваннем цукровага трыснягу. Аднак калонія стала ахвярай пірацкіх нападаў галандцаў у 1676 г. і англічан у 1690 г. і 1691 г. Французскі губернатар забараніў далейшае перасяленне на Мары-Галан да 1696 г. У 17591763 гг. і ў 18081814 гг. востраў зноў быў заняты брытанцамі.

У другой палове XVIII ст. французы актыўна развівалі цукровую гаспадарку. Да 1830 г. яны пабудавалі 105 цукровых заводаў. Кожны з іх меў ветраны рухавік, так што Мары-Галан атрымаў мянушку Востраў ветракоў. На плантацыях працавалі рабы афрыканскага паходжання.

У перыяд Вялікай французскай рэвалюцыі мясцовыя рабаўладальнікі падтрымалі прыхільнікаў манархіі і адмовіліся падпарадкоўвацца рэспубліканскім уладам. У 1794 г. рэспубліканцы ўсталявалі свой кантроль і адмянілі рабства. Але ў 1802 г. яно было ўзноўлена. Канчатковая адмена рабства адбылася толькі ў 1848 г. У 1849 г. чарнаскурае насельніцтва Мары-Галан паўстала супраць маніпуляцый на выбарах. У выніку задушэння паўстання загінула некалькі дзясяткаў чалавек.

У 1994 г. тры муніцыпалітэты Мары-Галан стварылі аб’яднанне, накіраванае на сумеснае развіццё вострава і ахову мясцовага навакольнага асяроддзя.

Асаблівасці мясцовага жыцця

[правіць | правіць зыходнік]

Мары-Галан застаецца пераважна сельскагаспадарчай ускраінай Гвадэлупы. Тут размешчаны ўсяго тры невялікія гарады. Найбольш важную ролю адыгрывае партовы горад Сен-Луі на заходнім узбярэжжы. Большая частка насельніцтва займаецца вырошчваннем цукровага трыснягу, вытворчасцю цукру і рому. Але дзякуючы гэтаму на востраве захавалася старадаўняя атмасфера і павольны лад жыцця. Астравіцяне вядомы сваім спеўным мастацтвам і традыцыйнай крэольскай музыкай.

У апошнія дзесяцігоддзі імкліва развіваецца турызм. Для патрэб наведвальнікаў на поўдні Мары-Галан дзейнічае аэрапорт. Акрамя цудоўных пляжаў, турыстаў сюды вабіць магчымасць пазнаёміцца з мінулым. У Сен-Луі захаваліся каланіяльныя пабудовы канца XIX — пачатку XX ст. На ўсёй тэрыторыі вострава можна сустрэць рэшткі старых цукровых заводаў са знакамітымі ветракамі. Ветракі выкарыстоўваюцца і ў наш час для атрымання электрычнай энергіі.

Зноскі