Месэнджар (англ.: messenger — кур’ер, пасланнік), таксама Сэрвіс імгненнага абмену паведамленнямі (англ.: instant messaging service) — гэта праграма для імгненнага абмену тэкставымі паведамленнямі, аўдыёзапісамі, фатаграфіямі і іншымі мультымедыя. Праграмы ўстанаўліваюцца на камп’ютар, смартфон, планшэт і працуюць праз інтэрнэт.
Першы ў свеце мэсэнджар EMISARI (Emergency Management Information Systems and Reference Index — Інфармацыйныя сістэмы кіравання надзвычайнымі сітуацыямі і даведачны індэкс) стварыў у 1971 годзе фізік і матэматык Мюрэй Туроф для ўрада ЗША. З дапамогай EMISARI дзяржаўныя службоўцы маглі хутка звязвацца адзін з адным. Яны падключаліся да сеткі па міжгародніх тэлефонных лініях праз тэлетайпы — электрамеханічныя друкарскія машыны. Так улады ЗША маглі хутка рэагаваць на крызісныя сітуацыі ў краіне, але звычайныя грамадзяне EMISARI не выкарыстоўвалі.
Першым месэнджэрам, даступным для грамадзянскіх асоб, стаў Internet Relay Chat, які ў 1988 годзе распрацаваў фінскі праграміст Ярка Ойкарынен. Праграма была папулярная ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы — у 2009 годзе на серверах размаўляла больш за 500 тыс. карыстальнікаў.
З-за высокай папулярнасці месэнджараў зніжаецца выручка сотавых аператараў за перадачу SMS- і MMS-паведамленняў паміж тэлефонамі. Па асобных ацэнках 2012 года, патэнцыйныя страты маглі дасягаць дзясяткаў мільярдаў долараў[1].
Сярод папулярных сэрвісаў імгненнага абмену паведамленнямі — Signal, Telegram, WhatsApp, WeChat, Threema, Viber і Snapchat. Папулярнасць некаторых праграм значна адрозніваецца ў розных краінах. Некаторыя праграмы робяць акцэнт на пэўных функцыях — напрыклад, Skype сканцэнтраваны на відэазванках, Slack — на абмене паведамленнямі і файламі для працоўных каманд, а Snapchat — на паведамленнях з малюнкамі.
Многія сацыяльныя сеткі маюць функцыю абмену паведамленням, сярод іх Instagram, Reddit, Tumblr і TikTok.