Мышы, мышыныя (Muridae) — сямейства млекакормячых атрада грызуноў (Rodentia) . Даўжыня цела ад 5 см (мыш-малышка (Micromys minutus)) да 48 см (пацук Phloeomys cumingi).
Адрозніваецца 5—6 падсямействаў, 100—120 родаў, больш за 500 відаў.
Распаўсюджаныя паўсюдна, большасць відаў — у лясах тропікаў і субтропікаў. Завезены ў Паўночную і Паўднёвую Амерыку і на шматлікія астравы. Жывуць у разнастайных прыродных і антрапагенных ландшафтах, у памяшканнях, стагах сена, саломы і інш. На Беларусі водзяцца пацук чорны (Rattus rattus), шэры пацук (Rattus norvegicus), мыш дамавая (Mus musculus), мыш жаўтагорлая (Apodemus flavicollis), мыш лясная (Apodemus uralensis), мыш-малышка (Micromys minutus), мыш палявая або жытнік (Apodemus agrarius).
Мышы актыўныя ў змярканні і ноччу. Большасць вядзе паўназемны лад жыцця, сілкуюцца насеннем, частка — жывёльнай ежай. Некаторыя — сінантрапныя жывёлы (дамавая мыш, некаторыя пацукі). Размножваюцца у цёплы час года, у селішчах чалавека — цэлы год. Палаваспелымі робяцца ў 1,5-3 месяца.
Шкодзяць збожжавым, лясным і садовым культурам. Мышыныя — корм для многіх звяроў, птушак, паўзуноў.
Многія віды — аб’ект генетыка-папуляцыйных, фізіялагічных і эталагічных даследаванняў.
Мышы — прыродныя носьбіты вялікай колькасці паразітаў і захавальнікі ўзбуджальнікаў многіх хвароб чалавека і хатніх жывёл, у тым ліку небяспечных інфекцый. Шкодзяць збожжавай і лясной гаспадарцы, пашкоджваюць матэрыялы і прадукты харчавання. Найбольшую шкоду прыносяць мышы з рода Mus (напрыклад, дамавая мыш). Меры барацьбы: ліквідацыя доступу да прадуктаў, адпужванне (ультрагукавымі выпраменьвальнікамі, мышы чуюць ультрагук да частот парадку 40 кГц), рэгуляцыя колькасці пры дапамозе пастак (мышаловак) і атруты.