Ндонга

Гістарычная дзяржава
Ндонга
Сцяг
Сцяг
 >
1500 — 1671

Сталіца Кабаса
Рэлігія каталіцызм, мясцовыя культы
Грашовая адзінка Ракавіны малюскаў
Форма кіравання Манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ндо́нга (парт.: Reino do Ndongo) — гістарычная дзяржава на паўднёвым захадзе Цэнтральнай Афрыкі. Тытул манархаў Ндонга нгола даў назву сучаснай краіне Ангола.

У канцы XV—XVI стагоддзі, падчас першых кантактаў партугальцаў з Каралеўствам Конга, Ндонга было другім па велічыні дзяржаўным утварэннем у Цэнтральнай Афрыцы і займала тэрыторыю прыкладна ў адну траціну Конга[1]. Яно ахоплівала правінцыі Кванза-Нортэ, Кванза-Сул, Маланжэ і Бенга ў сучаснай Анголе.

Ндонга мела выхад да Атлантычнага акіяна і распасціралася ад мяжы з Конга, якая праходзіла па вусці ракі Бенга, да заліва, дзе рака Кванза ўпадае ў акіян.

Паўночная мяжа каралеўства ішла на ўсход ад Атлантычнага акіяна праз рэгіён Дэмбас і землі, якія межавалі з паўднёвымі правінцыямі Конга, такімі як Мбвіла, пакуль не дасягала ракі Лукала.

Паўднёвая мяжа праходзіла ўздоўж ракі Кванза на 270 км углыб кантынента, уключаючы землі па абодва яе бакі, і дасягала шэрагу вялікіх скальных утварэнняў у Пунгу Ндонга, якія знаходзяцца за некалькі кіламетраў на поўнач ад ракі.

Усходняя мяжа пачыналася крыху далей за Пунгу Ндонга і ўключала тэрыторыі, якія цягнуліся на поўдзень да ракі Кутата. Далей яна працягвалася на паўночны ўсход, ідучы ўздоўж ракі Лукала да мяжы з Конга.

Дзяржава Ндонга вылучылася са складу Каралеўства Конга ў XVI ст. Аснову насельніцтва складаў народ амбунду. У 1518 годзе манарх Ндонга -- Нгола Кілунджэ кіа Самба даслаў паслоў да партугальцаў з запытам пра арганізацыю каталіцкай місіі. Аднак партугальскія місіянеры сутыкнуліся з супраціўленнем караля Конга. Кароль Афонсу I вымусіў місіянераў пераехаць у Конга і сам даслаў у Ндонга свайго святара.

У 1556 г. Ндонга зноў звярнулася да караля Партугаліі з запытам аб ваеннай падтрымцы і хрысціянскай місіі. У 1560 г. у вусці ракі Кванза спынілася экспедыцыя на чале з Паўлу Дыяшам ды Навайшам, унукам знакамітага мараплаўца Барталамеу Дыяша, у якой прысутнічалі езуіты. Але высветлілася, што нгола, які дасылаў пасольства, памёр, а новы манарх адмовіўся ад прамых перагавораў. У 1564 г. Паўлу Дыяш вярнуўся ў Партугалію. У 1571 г. ён атрымаў дазвол ад Себасцьяна I на заснаванне ў дзяржаве нгола калоніі. Лічыцца, што права на ўзбярэжжа Ндонга Партугаліі перадаў Алвару I, кароль Конга.

У 1575 г. Паўлу Дыяш заснаваў крэпасць Сан-Паўлу-ды-Луанда, аднак да канца жыцця не здолеў усталяваць поўнага кантролю над узбярэжжам. Ваенныя канфлікты паміж партугальцамі і амбунду ў 15901599 гг., 16021604 гг., 1617 г. прывялі да саслаблення Ндонга. У войнах супраць амбунду партугальцы выкарыстоўвалі качэўнікаў-канібалаў яга. У 1621 г. Ганна Нзінга ад імя нгола заключыла мір з губернатарам Луанды, даўшы абяцанне прызнаць залежнасць ад Партугаліі. У 1624 г. яна незаконна прыйшла да ўлады ў Ндонга, што выклікала паўстанне супраць яе з боку мясцовых правадыроў. Паўстанне хутка перарасло ў грамадзянскую вайну, у якую актыўна ўмешваліся партугальцы, галандцы і прадстаўнікі суседніх афрыканскіх народаў. Канчаткова Ганна Нзінга адраклася ад улады толькі ў 1655 г.

Канчаткова дзяржава Ндонга была заваявана партугальцамі ў 1671 г. пасля задушэння чарговага паўстання з боку нгола.

Каралеўства падзялялася на сямнаццаць правінцый, якія ўключалі 736 тэрытарыяльных адзінак-грамад, вядомых як мурында (murindas), на чале з мясцовымі правадырамі соба. Грамады часам аб’ядноўваліся ў саюзы канда. Яны былі падпарадкаваны ўладзе адзінага манарха нгола. Манархічная ўлада перадавалася мужчынам па жаночай лініі. Хаця жанчыны адыгрывалі важную ролю ў цырымоніях і кіраванні, яны не мелі права займаць пасаду нгола. Спроба Ганны Нзінгі парушыць гэты закон прывяла да грамадзянскай вайны.

Некаторыя правінцыі, асабліва чатыры, размешчаныя паміж узбярэжжам і сталіцай у Кабасе, мелі больш высокую шчыльнасць насельніцтва і, адпаведна, больш мурындаў. Нгола меў больш прамую адміністрацыйную і фінансавую ўладу над гэтымі чатырма правінцыямі.[1]

Кабаса, размешчаная прыкладна ў 260 км ад узбярэжжа, была афіцыйнай рэзідэнцыяй нгола разам з яго жонкамі, дзецьмі і сваякамі, звязанымі па паходжанні і шлюбе. Першая партугальская дэлегацыя, якая наведала сталіцу ў 1560 годзе, апісвала тагачаснага кіраўніка як чалавека, які меў больш за семдзесят дзяцей і да чатырохсот жонак і наложніц. Галоўная жонка кіравала хатняй гаспадаркай і сачыла за тым, каб рабы, прыгонныя і вольныя людзі, якія жылі ў межах дома, неслі прадукты сваёй працы на штодзённы рынак і куплялі неабходныя рэчы для хатніх. Канкурэнцыя пры двары паміж рознымі групоўкамі была інтэнсіўнай, бо сваякі розных ліній, звязаных з папярэднімі нгола, таксама жылі ў сталіцы або ў прылеглых паселішчах[1].

Грамадства падзялялася на высакародных макота, свабодных членаў грамад ана мурында, прыгонных іджыка і рабоў абіка. У другой палове XVI—XVII стст. Ндонга адыгрывала выключна важную ролю ў забеспячэнні партугальскіх гандляроў рабамі.

Некалькі важных прыдворных чыноўнікаў, якія дапамагалі нгола, таксама жылі ў сталіцы. Найбольш значнымі былі тэндала — галоўны дарадца нгола, які кіраваў дзяржавай у яго адсутнасць, і кіраўнік войска[1]. Таксама ў сталіцы жылі або мелі афіцыйныя рэзідэнцыі вядучыя людзі Ндонга, вядомыя як макоты. Магчыма, яны былі звязаны з кіраўнікамі сямнаццаці правінцый. Сярод іх былі мвене лумба, які кіраваў хатняй гаспадаркай нгола, мвене кудзя, адказны за даніну і падаткі, і мвене місэтэ, які захоўваў рэліквіі мінулых кіраўнікоў. Мвене місэтэ быў найважнейшай рытуальнай асобай у Ндонга і курыраваў вялікую колькасць жрацоў, якія выконвалі асноўныя рытуалы, неабходныя, як верылі мбунду, для абароны нгола і самога каралеўства[1].

Па-за сталіцай макоты мелі палітычную, эканамічную і духоўную ўладу, якая была падобная да ўлады нголы. Таму макоты мелі ўласную іерархію ў сваіх тэрыторыях, і некаторыя з іх былі даволі аўтаномнымі. Іх статус як кіраўнікоў мурындас не паходзіў ад таго, што яны былі накіраваны з сталіцы як прадстаўнікі нголы, а з таго, што яны паходзілі ад самых старых родаў, якія жылі ў гэтай мясцовасці. Соба складалі яшчэ адну групу важных службовых асоб. Макоты былі выбаршчыкамі і дарадцамі, а соба выконвалі штодзённыя абавязкі па кіраванні вёскамі.[1]

  1. а б в г д е Linda Marinda Heywood. Njinga of Angola: Africa's warrior queen. — Cambridge, Massachusetts: Harvard University Press, 2017. — 319 с. — ISBN 978-0-674-97182-0, 978-0-674-97905-5.