Нямецкі гістарычны музей | |
---|---|
Deutsches Historisches Museum | |
Заснаваны | 28 кастрычніка 1987 |
Адкрыты | 1987 |
Месцазнаходжанне | Unter den Linden 2 10117 Берлін |
Наведвальнікі |
|
Дырэктар | Ханс Отамайер |
dhm.de (ням.) (англ.) | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нямецкі гістарычны музей (ням.: Deutsches Historisches Museum, скар. DHM) — музей гісторыі Германіі, размешчаны ў Берліне ў будынку Цэйхгаўза на вуліцы Унтэр-дэн-Ліндэн.
Музей быў заснаваны 28 кастрычніка 1987 года па выпадку святкавання 750-гадовага юбілею Берліна і ў той час размяшчаўся ў будынку Рэйхстага ў Заходнім Берліне. У гэты дзень адпаведнае пагадненне было падпісана федэральным канцлерам Гельмутам Колем і кіруючым бургамістрам Заходняга Берліна Эберхардам Дыпгенам у будынку рэйхстага. Першая пастаянная выстаўка «Карціны і сведчанні нямецкай гісторыі» адкрылася ў снежні 1994 года і складалася з больш чым 2 000 экспанатаў.
Нямецкі гістарычны музей меркавалася размясціць у спецыяльна пабудаваным для яго будынку недалёка ад рэйхстага. У архітэктурным конкурсе на праект новага музейнага будынка перамог італьянскі архітэктар Альда Росі. Падзенне Берлінскай сцяны ўнесла свае карэктывы ў гэтыя планы. Пасля аб'яднання Германіі 3 кастрычніка 1990 года федэральны ўрад перадаў Нямецкаму гістарычнаму музею калекцыю і плошчы Музея нямецкай гісторыі, які функцыянаваў у ГДР. Так Цэйхгаўз, самы стары будынак на Унтэр-дэн-Ліндэн, стаў домам для Нямецкага гістарычнага музея. Першыя экспазіцыі ў Цэйхгаўзе адкрыліся ўжо ў верасні 1991 года.
У 1998 годзе пачалася рэстаўрацыя Цэйхгаўза. Фае і ўнутраны дворык адкрыліся ў красавіку 2004 года. Пастаянная выстаўка музея адкрылася 2 чэрвеня 2006 года ў прысутнасці федэральнага канцлера Ангелы Меркель. З 2003 года быў адкрыты доступ наведвальнікаў у другі будынак музея, пабудаваны Бэй Юймінам, дзе праходзяць спецыялізаваныя выстаўкі.
Нямецкі гістарычны музей адным з першых музеяў Германіі адкрыў уласны вэб-сервер, які ператварыўся ў адзін з самых папулярных музейных сервераў у Германіі. Нямецкі гістарычны музей — адзін з самых наведвальных музеяў Германіі.
Пастаянная выстаўка музея ўключае больш за 8 000 гістарычных экспанатаў, якія распавядаюць пра асоб, падзеі, ідэі і працэсы ў амаль двухтысячагадовай нямецкай гісторыі: ад першага стагоддзя да н.э. і да нашых дзён. Апроч асноўнай экспазіцыі ў музеі рэгулярна праходзяць спецыялізаваныя выстаўкі.