Ніпмук

Ніпмук
Nipamaug
Агульная колькасць 1400
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова ніпмук
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы моэган, мантаўкет, пеквот, вангунк

Ніпмук (саманазва: Nipamaug, літаральна «людзі прэснай вады») — індзейскі народ, карэнныя насельнікі ўсходу ЗША. Агульная колькасць — каля 1400 чалавек.

У пачатку XVII ст. ніпмук насялялі цэнтральнае плато Масачусетса, суседніх раёнаў Род-Айленда і Канектыкута. Агульная колькасць невядома, паколькі яны былі падпарадкаваны пеквот і да 1637 г. не ўзгадваліся як самастойнае племя. Жылі ўздоўж рэк і азёр, займаліся земляробствам.

Пасля разгрому пеквот трапілі ў фактычную залежнасць ад англійскіх каланістаў, якія скуплялі іх найбольш урадлівыя землі. Пасля 1650 г. пурытанскія місіянеры заснавалі для ніпмук 12 так званых «малельных вёсак», дзе разам з хрысціянствам навязваўся еўрапейскі лад жыцця. Ніпмук удзельнічалі ў місіянерскай дзейнасці сярод іншых алганкінскіх народаў Новай Англіі. Аднак падчас вайны караля Філіпа частка воінаў на чале з правадыром Сэмам выступіла супраць англічан. У 1675 г. яны нападалі на Брукфілд і Дэрфілд. Пасля заканчэння вайны англічане працягвалі пераследаваць саюзнікаў караля Філіпа, забівалі іх або ператваралі ў рабоў і высылалі ў Вест-Індыю. Выжылыя гуртаваліся вакол малельных вёсак і нават захоўвалі самакіраванне.

Пасля абвяшчэння незалежнасці ЗША індзейскае насельніцтва былых малельных вёсак трапіла пад апеку Садружнасці Масачусетс. Нашчадкі ніпмук апынуліся ў 2 рэзервацыях Чаўбунагунгамаўг (каля 1 га) і Хасанамесіт (1,82 га). З 1930-х гг. сярод іх развіваецца рух за вяртанне нацыянальных традыцый. У 1980 г. ніпмук Хасанамесіт узялі назву нацыі Ніпмук і распачалі працэс федэральнага прызнання. У 2004 г. ён быў фактычна перарваны. У нашы дні аўтаноміі абедзвюх рэзервацый ніпмук прызнаюцца толькі Садружнасцю Масачусетс.