Падві́шань (Clitopilus prunulus), народная назва Гладун — шапкавы грыб сямейства Энталомавыя (Entolomataceae).
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам да 10 см, пукатая, пазней увагнутая з няроўным хвалістым краем, светла-ружавата-бялёсая, падсохлая — белая. Пласцінкі прырослыя, зыходныя на ножку. Ножка белая, кароткая, унізе звужаная, даўжынёй 2—7 см. Мякаць белая, з пахам мукі. Споры эліпсападобныя, ружаватыя.
Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На тэрыторыі Беларусі трапляецца з ліпеня па верасень у лясах, на палянах, узлесках, садах, часта сярод імхоў. Расце густа, кучкамі.
Ядомы грыб.