Панпеі

Панпеі
англ. Pohnpei
Пляж на Панпеі
Пляж на Панпеі
Характарыстыкі
Плошча334,21 км²
Найвышэйшы пункт782 м
Насельніцтва32 000 чал. (2010)
Шчыльнасць насельніцтва95,75 чал./км²
Размяшчэнне
6°51′ пн. ш. 158°13′ у. д.HGЯO
АрхіпелагКаралінскія астравы
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
РэгіёнШтат Панпеі
Панпеі (Ціхі акіян)
Панпеі
Панпеі
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Панпеі (англ.: Pohnpei), у мінулым вядомы як Панапэ — востраў у складзе Каралінскіх астравоў. Фарміруе аснову штата Панпеі ў складзе Федэратыўных Штатаў Мікранезіі. Плошча — 334,21 км². Насельніцтва — 32000 чал. (2010 г.).

Востраў Панпеі знаходзіцца ў Ціхім акіяне ў 1640 км на паўднёвы ўсход ад Гуама і 11850 км на паўднёвы ўсход ад Мінска. Даўжыня — 25,35 км. Найбольшая шырыня — 20,83 км. Востраў мае вулканічнае паходжанне. Фарміраваўся ў выніку вывяржэнняў, якія адбываліся на працягу апошніх 9 млн гадоў. Цэнтральная частка ўзгорыстая. Найвышэйшы пункт — гара Нанлау́д (782 м). Востраў атачае кола каралавых рыфаў, якія ствараюць вакол яго замкнёную лагуну.

Клімат экватарыяльны вільготны. Сярэднія тэмпературы на працягу года вагаюцца ад +22 °C да +31 °C, прычым выразнай змены тэмпературных сезонаў няма. Штогадовая сярэдняя колькасць ападкаў дасягае 4782 мм.

Панпеі часцяком клічуць «садам Мікранезіі». Большая частка тэрыторыі пакрыта лясамі і штучнымі насаджэннямі. Наземныя жывёлы — пацукі, кажаны, яшчаркі, птушкі. Ужо ў каланіяльныя часы былі інтрадукаваны алені і свінні. Даволі багаты марскі прыродны свет мясцовай лагуны.

Сцяг штата Панпеі

Людзі з’явіліся на Панпеі на мяжы нашай эры. Паводле паданняў, яны належалі да выхадцаў з розных бакоў свету. Даследчыкі мяркуюць, што гэта былі перасяленцы з Паўднёва-Усходняй Азіі і Акіяніі. Каля 11001300 гг. уладу на востраве захапіла легендарная дынастыя Сау-Дэлеураў (літаральна «валадароў вострава»), якая арганізавала складаную сацыяльную сістэму і здзейсніла будаўніцтва выдатнага мегалітычнага помніка Нан-Мадола. У канцы XVI — пачатку XVII ст. апошні Сау-Дэлеур быў пераможаны іншаземцам Ісакелекелам. Пераможца далей рэфармаваў грамадства і фактычна пашырыў правы мясцовых правадыроў. Ісакелекел заснаваў кіруючую дынастыю спадчынных правадыроў-нанмваркі.

23 снежня 1595 г. Панпеі быў адкрыты іспанскім мараплаўцам П. Ф. дэ Кірасам. Аднак першаадкрывальнік не прычальваў да берага. Першае дэталёвае апісанне Панпеі з’явілася толькі ў 1828 г., калі сюды наведалася расійская даследчая экспедыцыя.

У 1887 г. іспанцы падпарадкавалі сабе востраў і заснавалі на ім паселішча Сант’яга (сучасны горад Калонія). Прысутнасць іспанцаў абмежавалася дзейнасцю каталіцкіх місіянераў і гандлем з астравіцянамі. У 1899 г. яны прадалі Панпеі разам з іншымі Каралінскімі астравамі Германіі. Нямецкая адміністрацыя разбурыла абшчынна-феадальную сістэму зямельнай уласнасці, увяла прыватнае права на зямлю і маёмасць. Замест грашовых падаткаў на маёмаснікаў накладалася 15-дзённая рабочая павіннасць. У канцы 1910 г. — пачатку 1911 г. мясцовыя рабочыя ўзнялі паўстанне, якое скончылася арыштам 36 паўстанцаў.

Пасля I сусветнай вайны кантроль над Каралінскімі астравамі атрымала Японія. На востраве былі створаны японскія камерцыйныя аграрныя і рыбалоўныя прадпрыемствы, з’явіліся перасяленцы з Японіі і Карэі. Падчас II сусветнай вайны на Панпеі знаходзіўся японскі ваенны гарнізон (каля 2000 салдат). У 1945 г., калі Японія капітулявала, салдаты і большасць перасяленцаў вярнуліся на радзіму.

У 1947 г. востраў стаў часткай падапечнай тэрыторыі ААН пад кантролем ЗША. Калонія пры гэтым ператварылася ў галоўны адміністрацыйны цэнтр, а з 1986 г. — у сталіцу Федэратыўных Штатаў Мікранезіі. У 1989 г. сталіца была перанесена ў суседняе паселішча Палікір. Калонія застаецца адміністрацыйным цэнтрам штата Панпеі.

Асаблівасці культуры

[правіць | правіць зыходнік]

Карэнныя насельнікі Панпеі — мікранезійскі народ, які размаўляе на мове, блізкай да чуўк. Продкамі панпеіанцаў лічацца выхадцы з Меланезіі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Ужо да прыбыцця еўрапейцаў яны стварылі складаную сацыяльную сістэму і даволі арыгінальную культуру. Нягледзячы на значную мадэрнізацыю, захоўваюцца многія архаічныя рысы, карані якіх палягаюць у рэформах Ісакелекела. Востраў падзелены на 5 аўтаномных тэрытарыяльных аб’яднанняў, якія ў наш час маюць статус муніцыпалітэтаў. Хаця існуюць выбарныя органы ўлады, значны аўтарытэт маюць вярхоўныя правадыры-нанмваркі і правадыры аўтаномных аб’яднанняў-нанкен. Іх улада перадаецца па спадчыне ад бацькі да сына. Вызначальнай для культуры панпеіанцаў з’яўляецца ваху (літаральна «павага»). Яна кіруе паводзінамі ў дачыненні да іншых членаў грамадства, загадвае жыць цярпліва, праводзіць ачышчальныя рытуалы і рабіць добрыя ўчынкі «з запасам».

У мінулым правадыры практыкавалі палігінію і дзіцячыя шлюбы. Простыя абшчыннікі шукалі мужа або жонку звычайна сярод сваякоў бацькі. Спадчына перадавалася па мужчынскай лініі. У наш час сем’і нуклеарныя манагамныя, але на Панпеі часцяком практыкуюцца неафіцыйныя шлюбы. Наяўнасць у сям’і дзяцей лічыцца прыкметай дабрабыту. Сірот з задавальненнем усынаўляюць сваякі або суседзі.

На Панпеі важным заняткам застаецца земляробства. У мінулым і ў наш час асаблівая роля ў падтрыманні сямейнай эканомікі і рытуалах шанавання правадыроў адводзіцца хлебнаму дрэву. Для гуртавання грамадства праводзяцца сумесныя святы, падчас якіх спажываюць стравы са свінога мяса і клубневых, а таксама п’юць сакаў, напой з Piper methysticum. Да прыходу еўрапейцаў зямля кантралявалася матрылінейнымі родамі, хаця апрацоўкай палеткаў займаліся прадстаўнікі абодвух полаў. Гандлёвыя адносіны амаль не практыкаваліся. Замест іх існавала складаная сістэма падарункаў, калі ніжэйшыя пласты насельніцтва адорвалі вышэйшыя, адзін род — іншы, правадыры аднаго аўтаномнага аб’яднання — іншых правадыроў і нанмваркі. Але ў часы каланіялізму маёмасць на зямлю і асноўныя сродкі вытворчасці стала прыватнай. Яшчэ раней астравіцяне паспяхова засвоілі менавы і грашовы гандаль.

Панпеіанцы маюць даволі развіты фальклор. Характэрна, што для пэўных груп насельніцтва ўласціва спецыялізацыя ў перадачы міфаў, казак, выкананні танцаў і цырымоній.

У нашы дні, акрамя карэнных насельнікаў, на востраве таксама жывуць капінга, выхадцы з іншых Каралінскіх астравоў, краін Азіі і ЗША.