Рут Бенедыкт | |
---|---|
англ.: Ruth Benedict | |
| |
Дата нараджэння | 5 чэрвеня 1887[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 17 верасня 1948[3][1][…] (61 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Муж | Stanley Rossiter Benedict[d][3] |
Род дзейнасці | антраполаг |
Навуковая сфера | Культурная антрапалогія |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар філасофіі (1923) |
Альма-матар | |
Навуковы кіраўнік | Франц Боас |
Вядомыя вучні | Frederica de Laguna[d] |
Член у | |
Узнагароды | |
Цытаты ў Вікіцытатніку | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Рут Бенедыкт (пры нараджэнні: Рут Фултан, англ.: Ruth Benedict, 5 чэрвеня 1887, Нью-Ёрк — 17 верасня 1948, Нью-Ёрк) — амерыканскі антраполаг, прадстаўнік этнапсіхалагічнага напрамку ў амерыканскай антрапалогіі. Прафесар Калумбійскага ўніверсітэта (1946).
Вучаніца Франца Боаса. Прымала ўдзел у экспедыцыях па вывучэнні паўночнаамерыканскіх плямёнаў: серано (1922), зуньі (1924), качыты (1925) і піма (1926). Асновай яе ўласнага метаду стаў пошук адрозненняў у культурах (ізамарфізм культур), выражаны ў своеасаблівасці звычаяў і паводзін.
Прыхільніца падыходу «культура і асабовасць», прынесла ў антрапалогію досвед сваёй працы ў іншых гуманітарных дысцыплінах. Яна сцвярджала, што культура набывае свой непаўторны стыль, выбіраючы з мноства патэнцыяльных варыянтаў, падобна таму як асоба фарміруе сваю індывідуальнасць. На думку даследчыцы, усе культуры могуць быць ахарактарызаваны адпаведна таму, якія з гэтых варыянтаў былі імі ўспрыняты. Пазней Рут Бенедыкт даводзіла, што тыя аспекты ў культуры, якія супярэчылі генеральнаму накірунку, не развіваліся да таго часу, пакуль да іх не прыстасоўвалася ўся сістэма.
У 1934 годзе выйшла яе кніга «Мадэлі культуры» (Patterns of Culture), якая развівае некаторыя з гэтых тэзаў. Кніга перакладзена на 14 моў і выкладаецца ў амерыканскіх універсітэтах як класічная праца па культурнай антрапалогіі. Менавіта ў гэтай працы Рут Бенедыкт развіла новую тэарэтычную схему вывучэння культур. У аснове такога даследавання ляжыць канцэпцыя «мадэляў культуры», накіраваная на выяўленне ўласцівага кожнай культуры адзінства — цэнтральнага стрыжня, агульнай тэмы культуры, якая вызначае канфігурацыю ўсіх яе элементаў. Гэты цэнтральны момант Р. Бенедыкт называе этас культуры. Паводле Р. Бенедыкт, прырода асобнага чалавека такая пластычная, што грамадства «лепіць» з яго нешта самападобнае.
У якасці прыкладу апалонаўскага тыпу культуры яна прыводзіла племя зунья амерыканскага Паўднёвага Захаду, якое дэманстравала схільнасць да кампрамісаў і пазбягала псіхалагічных і эмацыянальных эксцэсаў. Да другога тыпу культуры, дыянісійскага, яна залічвала племя квакіютль на паўночна-заходнім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі. Для людзей дыянісійскага тыпу характэрны ўзбуджанасць, пачуццё страху і небяспекі.
Азначаныя Рут Бенедыкт тыпы культуры ў сваю чаргу характарызавалі псіхічны склад розных народаў. Набыткі ў гэтай гаяіне сталі асабліва важнымі падчас Другой сусветнай вайны, калі ўрад Злучаных Штатаў выкарыстоўваў іх вынікі, каб улічыць псіхалагічныя асаблівасці народаў, якія прымалі ўдзел у гэтай вайне. Найбольш уплывовай стала кніга даследчыцы «Хрызантэма і меч» (The Chrysanthemum and the Sword), выдадзеная ў 1946 годзе, якая адыграла сваю ролю ў апраўданні рэстаўрацыі імператарскай улады ў Японіі, да чаго спрычынілася амерыканская адміністрацыя.
Асноўнай мэтай аўтара было выяўленне этасу японскай культуры. Акрамя таго, з-за прынцыповай немагчымасці вывучаць японскую культуру знутры (кніга была напісана падчас Другой сусветнай вайны, дзе ЗША супрацьстаяла Японіі), Рут Бенедыкт быў прапанаваны і тэарэтычна абгрунтаваны метад вывучэння культуры на адлегласці. Гэты метад будуецца на вывучэнні гістарычных даследаванняў, мемуараў падарожнікаў, мастацкай літаратуры, філасофіі і рэлігіі, прапагандысцкіх і палітычных матэрыялаў.
Антрапалагічны падыход «культура і асабовасць» уяўляў сабой спалучэнне тыпалагічных акцэнтаў натуральна-гістарычнай школы і ідэй псіхалогіі. Характэрная для натуральна-гістарычнай школы гэндэнцыя пошуку тыпалогіі была перанесена з матэрыяльнага аспекту культуры на галіну псіхілогіі.
Крытыка азначанага падыходу стала асабліва адчувальнай к пачатку 1950-х гадоў. Прапанаваныя Рут Бенедыкт і іншымі прыхільнікамі гэтага накірунку катэгорыі былі празмерна спрошчанымі і разглядалі культуры ў адрыве і ад рэальнай гісторыі, і ад усяго астатняга. Напрыклад, Дуглас Хейрын сцвярджаў: каб зразумець такую рысу японца, як паслухмянасць, дастаткова прызнаць, што рыса гэтая ёсць вынік стагоддзяў існавання ў паліцэйскай дзяржаве, а не даследаваць пры гэтым такія спецыфічныя рэчы, як японская культура гігіены. Апроч таго, не варта катэгарычна сцвярджаць пра існаванне адзінага псіхалагічнага тыпу для ўсяго грамадства.