Сапегі, у актах і хроніках: Sapieha, Sopieha, Sopiha, Sopiezycz — вялікалітоўскі шляхецкі род герба «Ліс», які ў 16 ст. ўвайшоў у лік магнатэрыі. Прадстаўнікі роду Сапегаў у 15-18 ст. валодалі буйнымі латыфундыямі і мелі значны ўплыў — займалі вышэйшыя дзяржаўныя, адміністрацыйныя і вайсковыя пасады — сярод іх 25 ваявод, 4 кашталяны, 3 вялікіх і 1 польны гетман, 2 канцлеры і 3 падканцлеры, 3 маршалкаў вялікіх, 3 генералы артылерыі, 2 біскупы, некалькі маршалкаў дворных і інш., агулам 16 Сапегаў займалі дыгітарскія пасады. Сапегі лічыліся другім па значнасці, пасля Радзівілаў, магнацкім родам ВКЛ. Першапачаткова Сапегі праваслаўныя, у 2-й пал. 16 ст. частка Сапегаў далучылася да пратэстанцтва, але ўжо ў кан. 16 ст. Сапегі перайшлі ў каталіцтва.
Паводле радаводаў Сапегаў, складзеных ў 17-18 ст., іх паходжанне выводзілася ад троцкага кашталяна Пунігайлы, нібыта сына Нарымонта Гедзімінавіча, сын якога Сунігайла Пунігайлавіч быццам ахрысціўся з імем Сямён. Гэтая генеалогія заснаваная «Historia Illustris domus Sapiehianae» (Вільня, 1724), панегірычным творы А. А. Міштольта, на падставе гэтага Сапегі прэтэндавалі на тытул князёў. Аднак Адам Банецкі, Юзаф Вольф і Уладзіслаў Сямковіч у сваіх даследаваннях паказалі, што Сапегі паходзяць ад Сямёна Сапігі (Сапегі) (узг. 1440-я), пісара гаспадарскага пры Казіміры Ягелончыку. Нашчадкі ж гістарычнага Сунігайлы, кашталяна троцкага, згодна даследванням У.Сямковіча не мелі нічога агульнага з Сапегамі. Першапачатковыя маёнткі Сапігі і яго сыноў знаходзіліся ў Смаленскай зямлі: Ельня, Гарадзішча, Апакаўскі Пасад, але ў з-за войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ страцілі іх, у вайну 1500—1503 — Гарадзішча і Апакаў, у вайну 1512—1522 — Ельню. Аднак Сапегі, як і шмат іншых баярскіх і княжацкіх родаў, захавалі вернасць Вялікаму княству Літоўскаму.
Сямён Сапега меў 4 сыноў, з якіх Багдан і Іван (Івашка) сталі пачынальнікамі 2 галоўных ліній роду — чарэйска-ружанскай і кодзенскай (у далейшым кожная з іх працягвала драбіцца). Багдан Сямёнавіч (да 1450 — пасля 1512) праз шлюб з княжной з Друцкіх-Сакалінскіх мацярынскія маёнткі сваёй жонкі: Чарэю ў Лукомскім княстве, Белую (сучасны Лепель) на Полаччыне, Тухачоў пад Віцебскам — пазнейшае ядро ўладанняў Сапегаў. Іван (Івашка) Сямёнавіч (каля 1450—1517) як і бацька, зрабіў кар’еру ў якасці пісара гаспадарскага, потым сакратара. Выконваючы шэраг пасольскіх і іншых дыпламатычных даручэнняў, ён атрымаў за службу шмат наданняў, з якіх буйнейшымі былі Друя, Іказнь і Пагост на Браслаўшчыне, Боткі на Падляшшы, Кодня на Берасцейшчыне.
Да 2-й паловы 16 ст. Сапегі не вылучаліся сярод іншай шляхты ні высокімі пасадамі, ні асаблівым багаццем. Але прадстаўнікі абедзвюх галін (асабліва старэйшай — чарэйскай) пашыралі свае ўладанні. Іван Багданавіч і яго сын Іван праз шлюбы і выслугі набылі Палону, Лемніцу і Астроўну ў Віцебскім ваяводстве, вялікую частку спадчыны князёў Друцкіх (Талачын і Стараселле каля Друцка, Горы і Горкі за Дняпром, Дзярэчыя Лукі на Віцебшчыне каля сучаснага Суража і інш.), Ляйпунікі ў Літве. Януш Багданавіч праз шлюб з княжной Крошынскай атрымаў Лунна на Гродзеншчыне. Прадстаўнік малодшай — кодзенскай галіны Павел Іванавіч, у далейшым новагародскі ваявода, дзякуючы шлюбу з княжной з Гальшанскіх, набыў частку Гальшан, а таксама Станькава і Жыцін у Менскім ваяводстве. Праўда, пасля смерці яго брата Міхала Іванавіча Іказненскі замак і іншыя браслаўскія ўладанні Сапегаў часова адышлі да нашчадкаў па жаночай лініі.
Узвышэнне роду звязана з дзейнасцю Льва Іванавіча Сапегі, які на працягу свайго жыцця займаў ледзь не ўсе найважнейшыя пасады ў дзяржаве — быў падканцлерам, канцлерам, вялікім гетманам, ваяводам віленскім. Спачатку перайшоўшы з праваслаўя ў кальвінізм, Леў Сапега пазней стаў католікам, адным з прыхільнікаў караля Жыгімонта Вазы, пры якім асабліва ўзмацнілася Контррэфармацыя. Багацці яго няўхільна пашыраліся; да бацькоўскай і мацярынскай спадчыны Леў далучыў Ласосін, Ружану і Зэлву на Слонімшчыне, Асвею і Бешанковічы на Полаччыне, Бялынічы, Цяцерын і Круглае ў Аршанскім павеце, частку ўладанняў князёў Лукомскіх, Здзяцель (Дзятлава) на Новагародчыне, Чарнобыль на Кіеўшыне і шмат больш дробных уладанняў. Ён жа выкупіў Іказнь і Друю ў нашчадкаў кодзенскай галіны роду Сапегаў. У яго ўладанні знаходзіліся і вялізныя дзяржаўныя маёнткі (староствы): Слонім, Свіслач, Магілёў, Куранец, Маркава, Мядзел і інш. У выніку шлюбу яго сына Яна Станіслава з дачкой і спадчынніцай Яна Караля Хадкевіча род Сапегаў прыдбаў маёнткі Быхаў, Ляхавічы, Цімкавічы, Любашанскае староства і шмат іншых уладанняў. Багацці Льва Сапегі дазвалялі яму нават фінансаваць вайну са Швецыяй за Інфлянты. Ён жа быў і адным з натхняльнікаў паходу на Маскву ў час гэтак званай Рускай смуты пачатку 17 ст.
Вялізныя багацці Льва Сапегі і яго сыноў пасля смерці ў 1656 апошняга з іх, Казіміра Льва, былі падзелены паміж аддаленымі родзічамі і сваякамі. Найбольшую іх частку атрымаў траюрадны брат Казіміра Льва — Павел Ян Сапега, які і без таго меў немалыя маёнткі (Высокае на Берасцейшчыне і Беліца ў Аршанскім павеце). Цяпер да іх далучыліся Ружана, Ляхавічы, Быхаў, Чарэя, Косава. Павел Ян увайшоў у лік найбуйнейшых магнатаў, што спрыяла і яго палітычнаму ўзвышэнню. У 1656, у крытычны час «Патопу», ён атрымаў віленскае ваяводства і гетманскую булаву. Менавіта пад яго кіраўніцтвам вайна з Расіяй і Швецыяй была скончана паспяхова, тэрыторыя ВКЛ была ачышчана ад рускіх войск.
Пры сынах Паўла Яна магутнасць Сапегаў дасягнула максімуму. Кароль Ян Сабескі, каб супрацьдзейнічаць роду Пацаў, даваў вышэйшыя дзяржаўныя пасады Сапегам, якія ў сваю чаргу не грэбавалі злоўжываннямі. Казімір Ян Сапега, які праз шлюб з дачкой Ежы Караля Глябовіча атрымаў палову спадчыны апошняга, у 1680-я дасягнуў дамінавання ў ВКЛ. У 1696 супраць Сапегаў пачалася адкрытая барацьба большай часткі шляхты ВКЛ на чале з віцебскім кашталянам Коцелам. На сойме 1696 шляхце ўдалося правесці канчатковае ўраўнаванне сваіх правоў з правамі польскай шляхты («каэквацыя»), у т.л. ў кантролі над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб, і хоць сойм 1697 пацвердзіў «каэквацыю» і прымірыў абодва бакі, канфлікт паміж Сапегамі і шляхтай працягваўся. Пасля абрання ў 1697 саксонскага кюрфюрста Аўгуста Моцнага каралём Рэчы Паспалітай К. Я. Сапега павёў курс на аддзяленне ВКЛ ад Польшчы з мэтаю захапіць вялікакняскую ўладу. 14.9.1700 імператар Леапольд I, каб узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, надаў прадстаўнікам чарэйска-ружанскай лініі роду Сапегаў тытул князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Маючы войска ў 9 тыс. наёмнікаў, Казімір Ян Сапега быў блізкі да сваёй мэты — толькі ўзброеная кааліцыя Караля Станіслава Радзівіла, князёў Агінскіх, Вішнявецкіх і іншых магнатаў, пачаўшы супраць Сапегаў сапраўднаю грамадзянскую вайну, здолела перамагчы іх у бітве пад Алькенікамі (1700) на поўдзень ад Вільні. Пасля гэтага Сапегі перайшлі на бок шведскага караля Карла XII у часе Паўночнай вайны (1700—1721) і падтрымалі караля Станіслава Ляшчынскага — шведскага вылучэнца на сталец Рэчы Паспалітай. Шляхта працягвала ваяваць супраць Сапегаў і заключыла з рускім царом Пятром I дагавор аб расійскай ваеннай і грашовай дапамозе (Сандамірская канфедэрацыя). Тады Сапегі пайшлі нават на стварэнне казацка-сялянскіх атрадаў на чале з Юрэвічам, Більдзюкевічам і Хмарай, яны дзейнічалі супраць шляхты ва ўсходняй частцы Беларусі (пад Дуброўнай, Галоўчынам, Быхавам). У 1702 гэтыя атрады былі разбіты. У 1704 расійская армія ачысціла цэнтральную частку ВКЛ ад шведскіх і сапегаўскіх атрадаў. Але ўжо ў 1707 Казімір Ян Сапега дамогся поўнай амністыі і ў далейшым быў віленскім ваяводам і гетманам да канца жыцця. Пасля Паўночнай вайны палітычны ўплыў Сапегаў значна паменшыўся, аднак яны па-ранейшаму атрымлівалі галоўныя пасады ў цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі ВКЛ. Нашчадкі Казіміра Яна Сапегі адышлі ў цень у параўнанні з нясвіжскай галіной Радзівілаў і князямі Агінскімі.
Малодшая — кодзенская галіна Сапегаў не мела такіх дасягненняў, але і яе прадстаўнікі былі не з апошніх у Рэчы Паспалітай. Асноўныя маёнткі кодзенскай галіны ляжалі за межамі сучаснай Беларусі: Кодзень на забужскай частцы Берасцейскага ваяводства, Боткі і Дубна на Падляшшы. На Беларусі адна з галін Сапегаў (Багдан Паўлавіч, затым яго сын Павел Стэфан) валодала Гальшанамі. Кодзенская галіна праз шлюб Тамаша Сапегі, сына Фрыдэрыка, у 1647 набыла спадчыну згаслага роду паноў Дарагастайскіх (Дарагастаі, Мураваную Ашмянку, Нарач і інш.). Брат Томаша Крыштаф меў за жонку княжну Саламярэцкую, уладальніцу Століна.
Непраўдзівымі з’яўляюцца звесткі пра наданне Івану Сямёнавічу графскага тытула імператарам Максіміліянам II 6.1.1572 і пацвярджэнне гэтага тытула Жыгімонтам Аўгустам 4.5.1572. Гэтыя фальсіфікаваныя дакументы былі ўпісаны ў Метрыку ВКЛ у 1744 канцлерам Янам Фрыдэрыкам Сапегам. У 1768 па просьбе Сапегаў сойм Рэчы Паспалітай на падставе гэтых запісаў прызнаў усіх Сапегаў князямі, нашчадкамі Нарымонта Гедзімінавіча. Княжацкі тытул быў пацверджаны ў Каралеўстве Польскім у 1822, у Аўстра-Венгрыі — 1840, у Расіі — 24.7.1874.
Сапегі збіралі бібліятэкі (Бібліятэкі Сапегаў), архівы (Архівы Сапегаў), калекцыі твораў мастацтва, трымалі тэатры. За ўдзел некаторых прадстаўнікоў роду ў паўстанні 1830—1831 гадоў іх маёнткі былі канфіскаваны расійскім урадам. У 1915—1918 Сапегі прэтэндавалі на сталец ВКЛ, якое меркавалася аднавіць пасля магчымай перамогі Германіі ў 1-й сусветнай вайне; У 1918—1939 у Польшчы — землеўладальнікі, дыпламаты, службоўцы. Пасля 2-й сусветнай вайны ў эміграцыі.
Сапегі на Вікісховішчы |