Спавіванне ног (кіт.: 纏足) — разнавіднасць мадыфікацыі чалавечага цела з мэтай змены формы ступні. Звычай спавівання ног у жанчын доўгі час існаваў у Кітаі.
У Кітаі існуюць розныя легенды пра паходжанне звычаю спавівання ног. Паводле адной, ён узнік у эпоху Шан, калі Дацзы, касалапая канкубіна апошняга імператара дынастыі, запатрабавала, каб ён зрабіў спавіванне абавязковым для ўсіх дзяўчат, і яе ступні сталі прыкладам прыгажосці. Другія легенды адносяць пачатак традыцыі да прыдворных танцорак Пань Юэр (VI ст.) або Яа Нян (X ст.), якія захапілі сваімі маленькімі нагамі імператараў і сталі аб’ектам пераймання пры двары, а потым і іншымі асобамі[1][2]. Самыя раннія пісьмовыя згадванні былі зроблены ў XIII стагоддзі, хаця апавядаюць пра танцорак болей ранняга перыяду[3]. Археолагі выявілі магільню жанчыны са спавітымі нагамі эпохі позняй дынастыі Сун, якая памерла ў 1274 г.[4]
Вывучэнне распаўсюджвання звычаю спавівання ног жанчын у Кітаі ў ранні перыяд яго існавання ўскладняецца адносна невялікай колькасцю пісьмовых крыніц, прычым звычайна яны маюць ускосны характар. Дадатковую інфармацыю даюць даследаванне заваханага жаночага абутку і археалагічныя раскопкі. Апошнія дэманструюць тое, што спавіванне ног пашыралася ад эпохі Мін да эпохі Цын[5]. Найбольш ранняя форма спавівання істотна адрознівалася ад пазнейшых, яна павялічвала прамалінейнасць і вузкасць ступні і не змяняла яе звод. Жаночы абутак больш ранніх перыядаў, як правіла, быў плоскім, яго памер толькі крыху паменшаны[4].
Прычыны пашырэння звычаю маглі быць наступнымі[6][7][8]:
У эпоху Цын спавіванне ног сустракалася ва ўсіх сацыяльных колах. Нават бедным жанчынам, прастытуткам і наложніцам у дзяцінстве спавівалі ступні. Сярод ханьскіх жанчын з вышэйшых колаў амаль 100 % мелі спавітыя ногі. Тым не меней, практыка не стала паўсюднай[9]. Яна тычылася каля 50 % усіх кітайскіх жанчын. На поўдні Кітая аперацыю мадыфікацыі ног звычайна рабілі толькі ў багатых сем’ях. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што тут жанчыны былі часцей уцягнуты ў сельскагаспадарчую працу на палетках. Крытыка звычаю вядома з XIII ст.[10]
Дынастыя Цын мела маньчжурскае паходжанне. Яе прадстаўнікі клапаціліся пра знешні выгляд падданых, што асабліва ўвасобілася ў навязванні кітайцам маньчжурскіх мужчынскіх прычосак[11]. Таму шырокае распаўсюджанне спавівання ног у імперыі Цын выглядае дзіўным. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што цынскія імператары сапраўды выдавалі загады супраць звычаю, забаранялі дэфармацыю ступняў сярод маньчжурскіх жанчын, але чыноўнікі на месцах не былі здолнымі кантраляваць рэчаісную сітуацыю. Пашырэнне практыкі спавівання нават тлумачыцца як супраціўленне ханьцаў дынастыі іншаэтнічнага паходжання. Аднак крыніцы не падцвярджаюць дадзеную думку[12]. У 1636 г. і 1638 г. яшчэ да заваявання Кітая Хунтайцзы, вялікі хан маньчжураў, сапраўды забараняў у сваёй дзяржаве кітайскую вопратку і спавіванне ног жанчын. Наступная забарона спавівання была зроблена ў 1664 г., але ў выніку адклікана. Забароны спавівання або адсутнасць гэтага звычаю сярод маньчжураў, што перасяліліся ў заваяваны Кітай, не ўзгадваюцца аўтарамі XVII ст. Відавочна, ён не быў важнай часткай кітайскай тоеснасці, а ўспрымаўся, хутчэй, як мода. У пазнейшых крыніцах, напісаных падчас узнікнення руху за забарону спавівання, аўтары нават патуралі дынастыю Цын за нежаданне забароны[13]. Хаця ў самой Маньчжурыі і пры двары імператара спавіванне ног сярод маньчжурак не заахвочвалася, што падцвярджаецца маньчжурскім жаночым абуткам цыпаа на высокай платформе, разлічаным на нармальны памер ступні[14], яна аказвала значнае ўздзеянне на маньчжурскую жаночую моду, якая імітавала хаду кітаянак са спавітымі нагамі[15]. Маньчжурскія жанчыны, што жылі ў правінцыяльных гарадах Кітая, меней залежалі ад афіцыйнага неўхвалення, а таму пазнейшая крытыка спавівання адносілася і да іх. Звычай дэфармацыі ступні таксама быў вядомы сярод этнічных і рэлігійных меншасцей Кітая, у прыватнасці сярод хуэй.
На працягу XIX ст. адносіны кітайскага грамадства да спавівання жаночых ног значна змяніліся, у тым ліку дзякуючы вонкаваму ўплыву. Характэрна, што першымі актыўнымі прыхільнікамі барацьбы з ім сталі прапаведнікі хрысціянства. Так, спавіванне ног было забаронена тайпінамі нароўні з рабствам, прастытуцыяй і ўжываннем наркатычных рэчываў[16]. Аднак пасля задушэння паўстання тайпінаў гэтая забарона страціла сваю сілу. У другой палове XIX ст. рух супраць спавівання ўзначалілі заходнія місіянеры. У 1874 г. брытанскі пратэстанцкі місіянер Джон Макгован і яго жонка заснавалі ў Сямыні Таварыства нябеснай ступні, якое выступала за натуральную форму нагі. Падобныя арганізацыі ствараліся і ў іншых гарадах Кітая. Ідэю барацьбы са спавіваннем прапагандавалі праз асабісты вопыт адмовы ад яго, літаратуру і сродкі масавай інфармацыі.
Хаця заходнія прыхільнікі забароны спавівання жаночых ног дэманстравалі павагу да традыцыйнай кітайскай культуры, іх крытыка абапіралася на асабістыя ўяўленні аб сутнасці гэтага звычаю. Першапачаткова хрысціянскія місіянеры выступалі супраць спавівання таму, што жанчыны з дэфармаваными ступнямі вялі замкнёны хатні лад жыцця і мелі абмежаваныя магчымасці падтрымліваць кантакты з прапаведнікамі і хрысціянскімі абшчынамі. Спавіванне абвяшчалася грахоўным, бо яно псавалі цела, дадзенае Богам, і распальвала мужчынскую юрлівасць[17]. Для заходняй не заўсёды рэлігійнай аўдыторыі спавіванне ног падавалася як сімвал рабскай залежнасці кітайскіх жанчын ад мужчын, што не адпавядала рэчаіснасці і ігнаравала падвышэнне сацыяльнага статусу жанчын на працягу існавання звычаю[18]. Аднак гэта прыцягнула на бок прыхільнікаў забароны спавівання змагароў за правы жанчын. У Шанхаі барацьбу за забарону вяла вядомая ў той час феміністка Алісія Літл.
Болей эфектыўным стаў зварот да кітайскіх інтэлектуалаў, для якіх спавіванне жаночых ног малявалася як застарэлая практыка, чыннік партыярхальнай адсталасці. Кан Ювэй, кітайскі рэфарматар, які наўмысна адмовіўся ад спавівання ног у сваёй сям’і і адным з першых падхапіў ідэю яго забароны, прыгадваў, што значны ўплыў на яго аказала менавіта адна з газет, заснаваных місіянерамі. У 1898 г. ён даслаў імператару мемарандум, у якім заўважаў, што спавіванне выклікае насмешкі іншаземцаў[19]. Такім чынам да пачатку XX ст. пытанне аб забароне дэфармацыі ступняў жанчын ператварылася ў адно з найболей вызначальных для прыхільнікаў рэформ.
У 1902 г. забарона спавівання жаночых ног увайшла ў склад серыі рэформ, анансаваных імператрыцай Цысі[20]. У 1912 г. спавіванне было забаронена ў Кітайскай Рэспубліцы[21]. Аднак дадзеныя забароны былі не заўсёды эфектыўнымі, асабліва ва ўскраінных рэгіёнах. Таму ў 1950 г. у Кітайскай Народнай Рэспубліцы была створана спецыяльная інспекцыя[22], што кантралявала сем’і ў сельскай мясцовасці. У нашы дні ў кантынентальным Кітаі захоўваецца толькі невялікая колькасць жанчын сталага ўзросту, якія перажылі дэфармацыю ступняў.
На Тайвані актыўная прапаганда супраць спавівання ног пачалася адразу пасля японскай акупацыі ў 1895 г., але афіцыйная забарона была абвешчана ў 1905 г. Адмова тайваньскіх жанчын ад звычаю ў значнай ступені тлумачыцца зменай эканамічнага ладу. Узбуйненне цукровай вытворчасці патрабавала жаночую рабочую сілу па-за межамі хатняй гаспадаркі. З 1905 г. да 1920 г. колькасць жанчын, якія спавівалі ногі, паменшылася з 68 % да 11 %[23]. Прыкладна праз пакаленне кітаянкі Тайваня наогул адмовіліся ад спавівання.
У Кітаі ўзрост дзяўчат, якім дэфармавалі ступню з дапамогай спавівання, вызначаўся наяўнасцю гнуткіх костак, а таму адбываўся ў прамежак паміж 2 і 13 гадамі. У багатым сем’ях звычайна пачынаўся ў 6 — 8 гадоў. У бедных, дзе патрабавалася дзіцячая праца, мог пачынацца пазней. Працэсам займалася маці або іншая жанчына з сям’і, хаця існавалі і прафесійныя спавівальшчыцы.
Ступні спачатку насычалі растворам для дэзінфекцыі, старанна падстрыгалі пазногці і вылузвалі змярцвелую скуру. На ступні намотваліся доўгія мокрыя палосы тонкай тканіны, якія потым сшываліся, каб захаваць форму пасля высыхання. Высахлая тканіна сціскалася. Па-над апраналі цесныя чаравікі. Іх памер паступова скарачаўся. Павязкі мянялі раз у месяц. Косткі ступні ў канчатковым выніку атрафаваліся і прымалі пажаданую форму. Даўжыня і шырыня ступні памяншаліся, а звод павялічваўся. Увесь працэс займаў каля 2 гадоў. Але і пасля гэтага ногі працягвалі спавіваць нават падчас сну, інакш яны ацякалі і балелі. Ідэальная даўжыня спавітай ступні складала 10 см, але ў рэчаіснасці вагалася ад 18 см да 22 см. Арыентацыя пяткавай косткі змянялася з гарызантальнай на вертыкальную. Змены адбываліся з падэшвай і вуглом зводу. У выніку ступня знешне выглядала як працяг галёнкі.
У XVII стагоддзі вылучыліся паўночны і паўднёвы стылі спавівання. На поўначы аддавалі перавагу ступням з вялікім абцасам і маленькай пярэдняй часткай. Пальцы з другога па пяты згіналі пад падэшву, так што яна пакідала трохкутны след. На поўдні пярэднюю частку ступні прыцягвалі да пяткі так, каб паміж імі заставалася рашчыліна, пальцы не згіналі. Жанчына была вымушана абапірацца на пальцы і сярэднюю частку ступні, рабіць кароткія крокі з нахілам наперад.
Сама па сабе аперацыя дэфармацыі была балючай, магла прыводзіць да інфекцый, язваў, адслаення скуры. Пажыццёвымі наступствамі былі хранічныя болі, ацёкі, атрафія цягліц, выпадзенне пазногцяў. Змянялася дынаміка руху. Значную частку часу пасля аперацыі жанчыны былі вымушаны сядзець, таму мускулатура іх ног заставалася недаразвітай. Яны не маглі хадзіць хутка або на далёкія адлегласці, але захоўвалі здольнасць стаяць, перасоўвацца, выконваць хатнюю працу. Даследаванне старых жанчын, якія перажылі спавіванне ног, паказала, што яны часцей падалі, уставалі з дапамогай рук, ім было цяжка сядзець на карачках, што абцяжарвала карыстанне туалетам[9].
Спавіванне ног на Вікісховішчы |