Спецхра́н (руск.: спецхран ад отдел специального хранения — «аддзел спецыяльнага захоўвання») — у СССР асаблівы аддзел у бібліятэцы, рэжымны аб’ект, досяг да якога быў абмежаваны. У гэтых аддзелах знаходзіліся выданні, азнаямленне з якімі шырокай публікі лічылася непажаданым з ідэалагічных меркаванняў, а таксама аднесеныя паводле разнастайных меркаванняў да катэгорыі «Для службовага карыстання» альбо «Сакрэтна».
Аддзелы, у якіх захоўваецца закрытая для грамадства літаратура, існуюць у большасці бібліятэк свету. Найстарэйшы з іх — «Пекла » (фр.: Enfer (bibliothèque)) французскай Нацыянальнай бібліятэкі, які існуе з XVII стагоддзя. Да рэвалюцыі сюды складалі літаратуру, забароненую з палітычных ці рэлігійных прычын, а таксама канфіскаваныя ў часе ператрусаў рукапісы (любога зместу).
З’явіліся спецхраны ў пачатку 1920-х гадоў. Паводле пастановы Саўнаркама РСФСР ад 30 чэрвеня 1920 року Цэнтральная кніжная палата стала атрымліваць 3 асобнікі сакрэтнай літаратуры — выданняў РСЧА, РВС, УНК. У 1921 року спецхран Кніжнай палаты пачаў атрымліваць эмігранцкія газеты і часопісы.
Спецхраны ў бібліятэках былі створаны пастановай СНК РСФСР ад 12 снежня 1921[1].
12 студзеня 1922 года была прынята пастанова, паводле якой у сакрэтны аддзел пачалі перадаваць канфіскаваныя кнігі, выдадзеныя без дазволу цэнзуры. Паводле распрацаванай інструкцыі, карыстацца сакрэтнымі дакументамі можна было толькі з дазволу старшыні Саўнаркама, народнага камісара асветы ці яго намеснікаў, членаў ЦК РКП(б) або прэзідыуму УНК. Пры гэтым у дазволе штораз трэба было дакладна пералічваць дакументы, якія можна было выдаць, а таксама імя, імя па бацьку і прозвішча ўпаўнаважанай асобы. У 1923 року спецхраны перайшлі пад апеку Галоўнага ўпраўлення літаратуры і Галоўнага палітычна-асветніцкага камітэта . У выніку «чыстак» бібліятэк туды скіравалі вялікую колькасць літаратуры, часам ці не ўсю літаратуру з гісторыі і філасофіі. За сталінскім часам у спецхраны сталі хаваць выданні, дзе якім-небудзь чынам згадваліся імёны «ворагаў народа».
У 1930-я гады ў спецхраны трапілі сотні кніг беларускіх аўтараў, названых «буржуазнымі нацыяналістамі» або «контррэвалюцыянерамі», беларуская перыёдыка 20-х і 30-х[2].
У спецхранах зберагаліся:
Любая іншаземная літаратура падзялялася на дзве вялікія катэгорыі: для агульнага выкарыстання і закрытая для агульнага доступу. Закрытая катэгорыя далей падзялялася яшчэ на чатыры паводле ўзроўню доступу: 1 с, 2 с, З с і 4 с. У спіс 1 с уваходзілі толькі ЦК УКП(б) (ЦК КПСС), КДБ, Бібліятэка імя Леніна і Фундаментальная бібліятэка грамадскіх навук АН СССР. Астатнія спісы мелі меншы ўзровень доступу; так, у спецхраны катэгорыі 4 с (як, прыкладам, спецхран Акадэміі навук СССР) трапляла толькі чвэрць забароненай літаратуры[3].
У 1988 року спецхран Бібліятэкі імя Леніна налічваў больш як 300 тысяч назваў кніг, больш як 560 тысяч часопісаў, не менш за мільён газетаў.
Ад сакавіка 1987 року ў сувязі з правядзеннем палітыкі галоснасці пачалася перадача кніг са спецхранаў у адкрытыя фонды, для чаго створаная адмысловая камісія. Да кастрычніка 1988 года ў адкрытыя фонды пераведзеныя 7930 выданняў, 462 выданні пакінутыя закрытымі як «відавочна антысавецкія, паклёпніцкія на Уладізмера Леніна, КПСС, СССР і народ, белагвардзейскія, сіянісцкія, нацыяналістычныя». Творы колішніх савецкіх аўтараў-эмігрантаў таксама засталіся ў спецхранах нароўні з парнаграфічнай, фашысцкай літаратурай, літаратурай пра выбуховыя рэчывы і наркотыкі.
Канчаткова спецхраны ліквідаваныя загадам Галоўнага ўпраўлення ў ахове таямніц у друку СССР 9 ліпеня 1990 года, усе кнігі належала перадаць у агульныя фонды.