(سنڌي, सिन्धी) | |
Агульная колькасць | каля 42 млн |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Пакістан — 39410910 Індыя — 2810000 |
Мова | сіндхі |
Рэлігія | іслам, індуізм, джайнізм |
Блізкія этнічныя групы | раджастханцы, гуджаратцы |
Сі́ндхі (саманазвы: ગુજરાતી, सिन्धी) — народ у Пакістане і Індыі, асноўнае насельніцтва правінцыі Сінд і сумежных рэгіёнаў. У выніку эміграцыі буйныя абшчыны сіндхаў таксама склаліся ў ААЭ, Афганістане, Кеніі, краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. Агульная колькасць - каля 42 млн чал.[1][2][3]
Назва сіндхаў паходзіць ад ракі Інд. У старажытнасці населеная імі вобласць з'яўлялася асноўнай часткай Індскай цывілізацыі. У 2 - 1 тысячагоддзях да н. э. сюды перасяляліся арыйскія плямёны. У IV ст. да н. э. яна была заваявана Аляксандрам Македонскім, пасля чаго ўваходзіла у склад Бактрыі, дзяржаў сакаў, масагетаў, эфталітаў, гурджараў.
У VIII - X стст. з'яўлялася часткай Арабскага халіфата. Арабы заставілі падрабязныя пісьмовыя крыніцы пра насельніцтва Сінда. Яны ўзгадвалі пра існаванне некалькіх гарадоў, а таксама качавых плямён, у тым ліку бхілаў. У гэты перыяд з'явіліся першыя помнікі літаратуры на мове сіндхі.
У высокае і позняе сярэднявечча Сінд працягваў пакутваць ад нашэсцяў заваёўнікаў з Ірана, Сярэдняй Азіі і Афганістана. У гэты перыяд яго тэрыторыя падзялялася на некалькі дзяржаў, дзе ўладу аспрэчвалі мясцовыя мусульманскія ўладары і раджпуты. У перыяд дамінавання дынастыі Сама (1335 - 1520 гг.) канчаткова сфарміравалася сіндхская гарадская культура і асаблівая сіндхская мусульманская архітэктура. Акбар Вялікі ўключыў Сінд у склад Магольскай імперыі. У 1739 г. землі сіндхаў былі заваяваны Іранам. У 1748 г. — Афганістанам. У 1843 г. — Брытанскай Ост-Індскай кампаніяй.
Брытанцы захавалі памешчыцкае землеўладанне. Індустрыялізацыя ў складзе Брытанскай Індыі садзейнічала далейшаму росту гарадоў, сярод якіх асабліва вылучаўся Карачы. Гарадское насельніцтва, якое дагэтуль было пераважна мусульманскім, папаўнялася за лік мігрантаў-парсаў, сікхаў, індусаў, джайнаў. У выніку гэта прывяло да сутыкненняў паміж дробнымі гандлярамі і рабочымі-мусульманамі з іншарэлігійнай эканамічнай элітай. Сіндхская інтэлігенцыя ўдзельнічала ў руху за незалежнасць Індыі і Пакістана. У 1935 г. каланіяльная адміністрацыя вылучыла асобную правінцыю Сінд.
Пры падзеле Індыі і Пакістана на дзве асобныя дзяржавы большасць сіндхаў-індуістаў была вымушана пераехаць у Індыю, у той час як у пакістанскі Сінд мігрыравалі мусульмане з розных рэгіёнаў Індыі. Аднак у Пакістане захавалася сіндхская гарадская індуісцкая абшчына, частка сіндхаў-мусульман засталася ў Гуджараце, Раджастхане і Махараштры. У 1972 г. у Пакістане ўзнік нацыяналістычны рух за аб'яднанне сіндхаў дзвюх краін і стварэнне асобнай сіндхскай дзяржавы.
Сінд — адзін з найстаражытнейшых рэгіёнаў ірыгацыйнага земляробства. У познім сярэднявеччы замацавалася сістэма землекарыстання, згодна якой зямля і ірыгацыйныя збудаванні належалі буйным феадальным кланам. Дробныя феадалы маглі атрымаць яе толькі ў часовае карыстанне за службу. Сяляне арэндавалі частку зямель, за што выплочвалі натуральныя падаткі і павіннасці, або выступалі ў якасці наёмных працоўных. Сяляне часцяком траплялі ў асабістую залежнасць ад феадалаў і гандляроў. Такая сістэма часткова захоўваецца ў некаторых раёнах Пакістана да нашых дзён. З пачатку XX ст. натуральныя выплаты і павіннасці замяняліся на грашовую рэнту і права выкупу сялянскага надзела.
Асноўныя земляробчыя культуры — сорга, проса, пшаніца, рыс, бабовыя, бавоўнік, алейныя, гародніна. Сорга, проса і бабовыя ўжываюцца сельскім насельніцтвам у ежу, у той час як астатнія культуры маюць таварны характар. Традыцыйныя земляробчыя прылады — драўляныя плуг, коўзанка, валакуша. Зямлю апрацоўвалі з дапамогай быкоў і буйвалаў, у пустынных раёнах — з дапамогай вярблюдаў.
Жывёлагадоўля таксама мае важны характар. Сіндхі трымаюць буйную рагатую жывёлу, вярблюдаў, коняў, авечак і коз. У дэльце Інда і на марскім ўзбярэжжы развіта рыбалоўства. Рыбаловы звычайна аб'яднаны ў асобныя рабочыя калектывы. Рыбаловы-індуісты вылучаюцца як асобная каста. На марскім узбярэжжы традыцыйна здабываюць соль.
Гарады як рамесныя і гандлёвыя цэнтры ўзніклі ўжо ў старажытнасці. У сярэднявеччы склалася развітая гарадская культура. Сіндхскія рамеснікі здаўна займаліся апрацоўкай скуры, вытворчасцю дываноў і тканін, ювелірнай справай. Да сярэдзіны XX ст. далёка за межамі Сінда былі вядомы вырабы мясцовых ганчароў. З сярэдзіны XIX ст. адбываўся працэс індустрыалізацыі, узнікнення буйных прадпрыестваў, дзе працавалі прафесійныя рабочыя. У сярэдзіне XX ст. яны складалі каля 10% ад усяго насельніцтва. Сіндхскія гандляры шмат стагоддзяў выконвалі функцыі пасрэднікаў паміж Індыяй і Блізкім Усходам. У гарадах меліся прафесійныя аб'яднанні гандляроў. У нашы дні гандаль — важная сфера эканомікі, у якую ўцягнута да чвэрці гарадскога і сельскага насельніцтва.
Асноўны традыцыйны від паселішча ў сельскай мясцовасці — вёска. У далінах вёскі вялікія, часам налічваюць некалькі тысяч жыхароў. У горных і пустынных раёнах — малыя. Сялянскія падворкі месцяцца вельмі кампактна. Цэнтрам падворка з'яўляецца дом. У мінулым гэта была аднакамерная каркасная хаціна з плоскім дахам. Яна апляталася галлём і абмазвалася глінай. Вакол будаваўся высокі плот. У нашы дні дамы будуюць з цэглы і каменю, яны маюць некалькі пакояў. Сем'і наёмных рабочых і пастухоў часцяком жылі ў часовых паселішчах з трысняговых шатроў. Такі тып жытла ўсё яшчэ можна сустрэць у дэльце Інда. У гарадах падворкі рамеснікаў і гандляроў звычайна нагадвалі сялянскія, аднак тут меліся фартыфікацыі, грамадскія і рэлігійныя будынкі, палацы і г. д. Для традыцыйнай сіндхскай архітэктуры характэрны аднапавярховыя жылыя пабудовы.
Аснову мужчынскай і жаночай вопраткі складаюць штаны і кашуля. Мужчыны апранаюць паверх кашулі камізэльку або — гэта больш характэрна для індуістаў — кароткі халат. У Сіндзе распаўсюджаны самыя розныя мужчынскія галаўныя ўборы. Жанчыны могуць апранаць паверх штаноў спадніцу, насіць хусткі і доўгія шалікі. Розніца ў веравызнанні ўплывае на нашэнне абутку. У мінулым нават прадстаўнікі заможных пластоў насельніцтва хадзілі басанож. У наш час сіндхі-мусульмане аддаюць перавагу скураному абутку, а індуісты — з тканін. Радзей сустракаецца плецены абутак накшталт лапцяў.
Сіндхская кухня ўвабрала ў сябе кулінарныя звычаі Індыі і Заходняй Азіі. Асноўную традыцыйную ежу складаюць стравы з проса, бабовых і гародніны. У нашы дні найчасцей сустракаецца сняданак з пшанічнага хлеба, варанага рыса, падлівы і двух дадатковых страў з мяса і гародніны. Мяса і рыбу ядуць як мусульмане, так і індуісты. Але індуісты захоўваюць забарону на ўжыванне ялавічыны. Рэдкім дэлікатэсам лічыцца запечаныя карані лотасу. Найбольш папулярны напой — чай. Таксама п'юць закісленае і кіпячонае малако, узвары з садавіны.
Сіндхі маюць багаты фальклор. Вусная народная творчасць уключае шматлікія любоўныя і чарадзейныя казкі, легенды, байкі, мужчынскія і жаночыя песні. Песеннае мастацтва развівалася пад моцным уплывам рэлігійнай паэзіі. У гарадах і буйных вёсках папулярны вулічныя тэатральныя відовішчы, выступленні музыкантаў і факіраў.
Першым літаратурным творам сіндхаў лічацца гістарычныя запісы чачнама, застаўленыя на арабскай мове ў VIII ст. Да сярэдзіны XIX ст. большасць літаратурных твораў стваралася на персідскай мове. Запісы на мове сіндхі рабіліся ўжо ў сярэднявеччы персідскімі літарамі або дэванагары. У большасці, гэта былі пераклады. Асобная літаратура на мове сіндхі сфарміравалася толькі ў XIX ст., прычым значная частка твораў — драматургія.
Большасць вернікаў — мусульмане-суніты, аднак ёсць невялікія групы шыітаў і ісмаілітаў. Рэлігійная культура доўгі час развівалася пад уплывам суфізму. Меншасць вернікаў спавядае індуізм. Прычым, большасць індуістаў жыве ў Індыі.
Мова сіндхі належыць да індаарыйскай групы індаеўрапейскай моўнай сям'і, захоўвае многія архаічныя рысы, якія злучаюць сучасную літаратурную мову з санскрытам. У Пакістане сіндхі мае афіцыйны характар, вывучаецца ў школах правінцыі Сінд, ужываецца ў сродках масавай інфармацыі і літаратуры. У Індыі з другой паловы XX ст. здымаецца кіно на сіндхі.