Тыўанака* | |
---|---|
Tiwanaku** | |
Сусветная спадчына ЮНЕСКА | |
Тып | культурны |
Крытэрыі | III, IV |
Спасылка | 567 |
Рэгіён*** | Амерыка |
Гісторыя ўключэння | |
Уключэнне | 2000 (24 сесія) |
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА» ** Назва ў афіцыйным англ. спісе *** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА |
Тыўана́ка (аймара: Tiwanaku; ісп.: Tiahuanaco) — помнік сусветнай спадчыны на захадзе Балівіі каля паўднёвага берага возера Тытыкака на вышыні 3850 м, цэнтр дакалумбавай цывілізацыі Новага Свету.
Тыўанака ўяўляў сабою гарадское паселішча, якое з’яўлялася цэнтрам буйной імперыі паміж II ст. да н. э. — X ст. н. э. У перыяд яго росквіту насельніцтва складала каля 30 000 — 70 000 чалавек. Тыўанака ўзнік на горнай раўніне, дзе здаўна існавала абрашальнае земляробства. Возера Тытыкака лічылася важным сакральным цэнтрам. Першыя манументальныя будынкі пачалі ўзводзіцца ў II ст. н. э., аднак найбольш грандыёзныя пабудовы датуюцца не раней за 375 г. н. э.
Асаблівасцю мясцовай архітэктуры было выкарыстанне вялікіх адкрытых прастораў. Сэрцам горада з’яўляліся манументальныя будынкі для рэлігійных цырымоній. Яны ўзводзіліся з маналітных каменных блокаў. Вылучаюць прамавугольныя блокі і блокі, якія захоўвалі сколы і натуральныя выманні. На іх захаваліся канаўкі для разразання каменю, сляды бронзавых клямак для транспартыроўкі. Рэлігійны цэнтр месціўся на штучным узвышшы з плоскай вяршыняй, брукаванай каменем. Яна была аддзелена ад астатняга горада каналам. Некаторыя ірыгацыйныя пабудовы знойдзены і знутры.
Знешні горад уяўляў сабою сціплыя жылыя і гаспадарчыя пабудовы з неабпаленай цэглы на каменных фундаментах. Керамічныя вырабы адрозніваюцца вялікай колькасцю высокіх пасудзін з упрыгожваннямі. Мяркуюць, што ў Тыўанака існавала масавая вытворчасць керамікі з выкарыстаннем прэс-форм. Жыхары горада займаліся ткацтвам, выраблялі яркія жоўтыя тканіны, вопратку і складаныя галаўныя ўборы.
Этнічны склад насельніцтва Тыўанака дакладна не вядомы. Доўгі час меркавалі, што ён быў населены аймара, паколькі менавіта яны складаюць большасць насельніцтва ў нашы дні. Аднак археалагічныя, лінгвістычныя і генетычныя даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў не пацвярджаюць гэтага. Мяркуюць, што прамымі нашчадкамі тыўанаканцаў могуць быць уру.
Заняпад Тыўанака звязваюць з кліматычнымі зменамі і нападамі з боку паўночных суседдзяў (магчыма, аймара). Ужо ў XI ст. горад быў практычна пакінуты жыхарамі.
Руіны рэлігійнага цэнтра Тыўанака былі вядомы ўжо інкам і іспанскім канкістадорам. Першыя навуковыя даследаванні пачаліся з 1860-х гг. Першая падрабязная праца, прысвечаная Тыўанака, была апублікавана ў 1892 г. у Германіі.
З 1960-х гг. урад Балівіі рабіў захады для археалагічнага вывучэння і аднаўлення пабудоў. Комплексныя раскопкі пачаліся ў 1972 г. дзякуючы спецыялістам універсітэта Чыкага.
У 2000 г. комплекс Тыўанака быў уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Сучасны комплекс Тыўанака ўключае наступныя славутасці:
Назва | Выява | Апісанне |
---|---|---|
Піраміда Акапана | Пабудавана па-над натуральнай геалагічнай фармацыяй у форме квадрата. Аснаванне займае 16 м². На плоскай вяршыні знойдзена яміна. Археолагі лічаць, што яна выкарыстоўвалася для захавання вады або з’яўляецца рэшткамі працы ранніх скарбашукальнікаў. | |
Храм Каласасая | Рытуальная платформа 120 м × 130 м ў атачэнні сцен з блокаў пясчаніку і андэзіту. Знутры знаходзяцца пабудовы з маналітаў, вядомыя як «квартал святароў». | |
Вароты Сонца | Частка Каласасая, брама з аднаго маналітнага блока. Часцяком выкарыстоўваецца як сімвал Тыўанака. | |
Падземны храм | Мяжуе з Каласасая. Уяўляе паглыблены двор 28 м × 26 м. Некаторыя даследчыкі лічаць, што храм сімвалізаваў замагільны свет, а Каласасая — зямны. | |
Кантатайта | Руіны невядомага прызначэння. Знаходзяцца ў стане даследавання. | |
Путуні, або палац саркафагаў | Меркаванае месца магільняў. | |
Пума-Пунку, або брама пумы | Рэшткі храмавага комплекса. | |
Музей | Сучасны крыжападобны будынак для экспазіцый. |
Тыўанака на Вікісховішчы |
Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 567 рус. • англ. • фр. |
Tiwanaku даведнік на сайце Wikivoyage