Укерэвэ | |
---|---|
суахілі Ukerewe | |
![]() Пейзаж | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 530 км² |
Насельніцтва | 146 536 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 276,48 чал./км² |
Размяшчэнне | |
2°03′ пд. ш. 33°01′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Возера Вікторыя |
Краіна | |
![]() |
Укерэ́вэ (суахілі: Ukerewe) — востраў на поўдні возера Вікторыя. Уваходзіць у склад Танзаніі. Прыкладная плошча - 530 км². Насельніцтва (2012 г.) - 146 536 чал.[1]
Востраў Укерэвэ — самы вялікі па памерах азёрны востраў не толькі Танзаніі, але і ўсёй Афрыкі. Месціцца ў паўднёвай частцы возера Вікторыя за 45,8 км на паўночны ўсход ад горада Мванза, у 850 км на паўночны захад ад Дар-эс-Салама, у 530 км на паўночны захад ад Дадомы, сталіцы Танзаніі. На ўсходзе аддзелены вузкім пралівам ад кантынентальнай часткі Танзаніі.
Востраў узнік у выніку затаплення возерам Вікторыя нізкіх прыбярэжных частак сушы. Берагі нізкія, часткова зарослыя трыснягом. Паверхня вострава амаль плоская. Толькі ў цэнтральнай частцы вылучаюцца невысокія пагоркі і скальныя фарміраванні. Пераважаюць штучныя насаджэнні дрэў. Значная частка вострава апрацавана ў выніку вядзення сельскай гаспадаркі.
Назва Укерэвэ паходзіць ад племені керэвэ (суахілі: Wakerewe), якое насяляе востраў і прыбярэжныя раёны возера Вікторыя. На тэрыторыі вострава можна ўбачыць каменныя постаці, што ў мінулым ладзіліся керэвэ для ўратавання правадыроў племені ад хваробы. У 1895 г. на востраў упершыню прыбылі нямецкія каталіцкія місіянеры для распаўсюджвання хрысціянства. Яны, а таксама ахрышчаныя імі вернікі (усяго 27 чалавек) былі забіты па загаду правадыра Луконгэ.
Адміністрацыйны цэнтр і адзіны горад — Нансі́а (каля 6 тысяч жыхароў). Большасць астравіцян — сельскія жыхары. Займаюцца земляробствам і рыбалоўствам. Дабрабыт астравіцян у значнай ступені залежыць ад ураджаяў бавоўны. Мясцовыя ўлады імкнуцца развіваць турызм.
Укерэвэ мае сталую паромную сувязь з Мванзай і суседнім востравам Укара. На усход ад Нансіа працуе аэрапорт.
Сярод жыхароў Укерэвэ вялікі працэнт тых, хто церпіць на альбінізм. Гэта тлумачыцца тым, што керэвэ не маюць традыцыйных забабонаў у адносінах да альбіносаў, таму на востраў перасяляюцца альбіносы з розных кутоў Танзаніі, дзе яны падвяргаюцца забойствам і ганенням.