Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||
Хе́льсінгбарг (шведск.: Helsingborg, ['hɛlsiŋ'bɔrj]) — горад на поўдні Швецыі, у лене Сконэ, у аднайменнай правінцыі, цэнтр аднайменнай камуны. Порт у праліве Эрэсун. Чыгуначным і аўтамабільным паромам злучаны з г. Хельсінгёр у Даніі.
Назва горада паходзіць ад словаў «helsing» — частка шыі, а ў дадзеным выпадку — найвузейшае месца праліва Эрэсун, і «borg» — замак.
Хельсінгбарг — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Скандынавіі, лічыцца што забудова ў форме невялікай крэпасці існавала тут ужо ў X стагоддзі.
Адам Брэменскі ўзгадвае горад у 1070-х гадах, а 21 мая 1085 года Хельсінгбарг згадваецца ў лісце дацкага караля Кнута Святога — гэтая дата і з'яўляецца афіцыйнай датай заснавання горада. У XII стагоддзі тут пабудавалі значна мацнейшы замак, горад пачаў расці і ў XIV стагоддзі Хельсінгбарг становіцца адным з найбуйнейшых гарадоў Даніі. У 1332 годзе горад разам з усім Сконэ і Блекінге набыў шведскі кароль Магнус Эрыксан, аднак ужо ў 1360 годзе дацкі кароль Вальдэмар Атэрдаг зноў адваяваў гэтыя землі. У XV—XVI стагоддзях значнасць Хельсінгбаргу паменшылася са з'яўленнем на супрацьлеглым беразе Эрэсуна замка Кронбарг у горадзе Хельсінгёр. У 1658 годзе Хельсінгбарг пераходзіць Швецыі і ў бліжэйшыя паўстагоддзі пабачыў шмат войнаў: у прыватнасці, у 1710 годзе, у часе Вялікай Паўночнай вайны тут шведская армія Магнуса Стэнбака перамагла датчанаў.
У XIX стагоддзі горад паступова пачынае расці. У 1892 годзе Хельсінгбарг і Хельсінгёр былі злучаныя паромам, прычым гэты транспарт злучае два гарады і дасёння. У 1921 годзе ў Хельсінгбаргу адчыніў свае дзверы першы ў Швецыі гарадскі тэатр, які, дарэчы, у 1944 годзе ўзначальваў Інгмар Бергман. 15 верасня 1973 годзе ў мясцовым шпіталі памёр кароль Густаў VI Адольф.
Прамысловасць: суднабудаванне, электра-тэхнічная, гумава-тэхнічная, хімічная, керамічная, харчовая, каляровая металургія (выплаўка медзі).