Хоахаа

Пропаведзь хоахаа ў вёсцы Хоахаа

Хоахаа або хоахаізм (в’етн.: Hòa Hảo) — сінкрэтычнае рэлігійнае вучэнне на аснове будызму. Распаўсюджана галоўным чынам у В’етнаме.

Заснавальнікам хоахаа стаў малады рэлігійны дзеяч Хюінь Фу Со (1920 - 1947 гг.) з вёскі Хоахаа на поўдні В’етнама, які з-за хваробы не быў здольны працягваць навучанне ў в'етнамскай школе, адкрытай французамі, і стаў вучнем будысцкага пустэльніка. У 1937 г. ён пачаў прапаведаваць самастойна сярод в'етнамскіх сялян. Пасля смерці вучыцеля ў 1939 г. Хюінь Фу Со вярнуўся ў родную вёску, дзе адкрыта прапанаваў новае вучэнне. Яго сэнс быў у скарачэнні складанай будысцкай абраднасці, пакаянні і звароце да нацыянальных пачуццяў в'етнамцаў. Таленавіты паэт і аратар, Хюінь Фу Со меней, чым за год прыцягнуў на свой бок каля 100 тысяч прыхільнікаў, пераважна сялян.

У 1940 г., калі Францыя была акупавана нацысцкай Германіяй, прадстаўнікі рэжыму Вішы ў Індакітаі, баючыся народных выступленняў, зняволілі Хюінь Фу Со ў псіхіятрычным шпіталі. У 1942 г. яго выслалі ў Лаос. У адсутнасці свайго вучыцеля некаторыя маладыя хоахаа перайшлі да бок японскіх акупантаў, якія імкнуліся прыцягнуць да сябе в'етнамскіх нацыяналістаў. У 1944 г. была заснавана ўзброеная частка арганізацыі хоахаістаў.

Пасля вызвалення В'етнама ад японцаў прыхільнікі хоахаа арганізавалі абарону сялян і гандляроў. Некаторы час яны супрацоўнічалі з камуністамі, але 9 верасня 1945 г. паміж узброенымі фарміраваннямі хоахаа і камуністаў адбылася крывавая сутычка, што ў далейшым прывяло да супрацьстаяння. Французскія каланіяльныя ўлады імкнуліся далей пашырыць раскол паміж в'етнамцамі. У 1947 г. Хюінь Фу Со трапіў у палон да камуністаў-партызан, быў закатаваны, а яго цела разрэзалі на кавалкі і раскідалі па лесе, каб хоахаісты не маглі ў далейшым шанаваць яго. Аднак прыхільнікі хоахаа здолелі зноў аб'яднацца ў 1947 г. і ўдзельнічаць у барацьбе за незалежнасць В'етнама. Акрамя ўзброеных выступленняў, адзіная арганізацыя хоахаа займалася дабрачыннасцю, мела свае школы і ўніверсітэт.

У гады В'етнамскай вайны сярод кіраўнікоў хоахаа адбыўся раскол на тры розныя групы. Частка з іх падтрымала барацьбу в'етнамцаў за аб'яднанне краіны, таму пасля вайны камуністычныя ўлады аб'яднанага В'етнама афіцыйна далі дазвол на спавяданне хоахаа. У наш час налічваецца каля 2 мільёнаў вернікаў, прычым большасць з іх жыве на поўдні В'етнама. Тыя з хоахаістаў, хто эмігрыраваў пасля вайны ў ЗША стварылі рэлігійны цэнтр у Каліфорніі.

У 2005 г. і 2007 г. некалькі кіраўнікоў хоахаа адкрыта выступілі супраць рэлігійнага прыгнёту ў В'етнаме, за што былі арыштаваны, а тэксты іх прароцтваў зніклі з друкарні.

Хаця прыхільнікі хоахаа кажуць пра імкненне адрадзіць сапраўдны будызм, на вучэнне Хюінь Фу Со аказала моцны ўплыў хрысціянства, у меншай ступені — культ продкаў, даасізм і канфуцыянства. Хоахаа вераць у прышэсце жывых Будаў, якія выратуюць в'етнамскі народ і ўсё чалавецтва, распаўсюджванне іх веры праз адукацыю і пропаведзь міру, а не праз прымус. Робіцца акцэнт на прызнанні асаблівай ролі простых сялян, якія захоўваюць чысціню памкненняў.

Кожны прыхільнік хоахаа абавязаны выконваць абавязак чатырох шанаванняў:

  • Шанаванне продкаў і бацькоў
  • Шанаванне сваёй краіны
  • Шанаванне трох скарбаў будызму
  • Шанаванне суайчыннікаў і чалавецтва

Хоахаізм адрокся ад большасці абрадаў, у тым ліку ад вясельных і пахавальных, правядзення пышных богаслужэнняў і свят. Замест гэтага прапануецца дабрачыннасць на карысць бедных, самастойнае вывучэнне рэлігійных тэкстаў, выяўленне асабістых творчых пачуццяў і малітвы ў сям'і. На карычневым сцяге хоахаа няма ніякіх сімвалаў. Адзінай арганізацыі фактычна не існуе. "Святой зямлёй" лічыцца вёска Хоахаа, дзе знаходзіцца невялікі храм.