Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Хэ́лмна (польск.: Chełmno), Кульм (ням.: Culm) — горад у Польшчы, адміністрацыйны цэнтр Хэлмінскага павета Куяўска-Паморскага ваяводства. Утварае гарадскую гміну, таксама з'яўляецца сядзібай вясковай гміны Хэлмна.
Займае плошчу 14 км². Насельніцтва 20 428 чалавек (на 2006 год).
Першы пісьмовы ўспамін горада адносіцца да 1065 года. Назва горада азначае «горад на ўзгорку»[1]. З горадам звязана з'яўленне і развіццё Кульмскага права. У 1466—1793 гадах цэнтр Хэлмінскага ваяводства ў Каралеўстве Польскім і Рэчы Паспалітай.
З 1772 па 1920 год (з перапынкам у 1807—1815 гадах) і ў 1940—1945 гадах насіў нямецкую назву Кульм (Culm).
Падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі горада знаходзіўся лагер смерці у якім загінула каля 152 000 чал.[2][3]
Добра захаваліся сярэдневяковыя гарадскія сцены даўжынёй 2270 метраў (XIII—XIV стагоддзі, рэканструяваны ў XVI стагоддзі). Захаваліся 17 крапасных веж, некаторыя ў руінаваным выглядзе[4]. Найбольш вядомыя Грудзёндзская брама (XIII стагоддзе), самая старая Мерсебургская брама, адкрытыя для турыстаў Дзявоцкая вежа (на алеі 3-га мая) і Парахавая вежа (канец XIII стагоддзя). На Рыначнай плошчы размешчана адна з найпрыгожых польскіх рэнесансных ратуш, пабудаваная ў 1567—1572 гадах на месцы старой гатычнай вежы XIII стагоддзя.
У горадзе размешчаны жаночы цыстэрцыянска-бенедыкцінскі кляштар, гатычная капліца Святога Марціна, касцёл Святога Духа XIII стагоддзя, францысканскі касцёл Святых Якава і Мікалая , перабудаваны ў XIX стагоддзі ў неагатычным стылі, неараманскі гарнізонны касцёл Чанстахоўскай Божай Маці XIX стагоддзя, дамініканскі касцёл Святых Пятра і Паўла , фарны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі XIII стагоддзя, найстаражытнейшы ў Памор’і, які стаў узорам пры будаўніцтве Кёнігсбергскага кафедральнага сабора.