Ўільям Мартын | |
па-ангельску: William Martin | |
Дата нараджэньня | 1767[1][2][3][…] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 31 траўня 1810 |
Месца сьмерці |
|
Занятак | палеантоляг |
Навуковая сфэра | палеанталёгія, прыродазнаўства |
Вядомы як | аўтар першай навуковай публікацыі па вывучэньні выкапнёвых скамянеласьцяў на ангельскай мове[4] |
Ўільям Мартын (па-ангельску: William Martin) — ангельскі прыродазнавец і палеантоляг, які выказаў здагадку, што навука павінна выкарыстоўваць выкапні ў якасьці доказаў у падтрымку вывучэньня прыродазнаўства[5]. Мартын апублікаваў першыя каляровыя выявы выкапняў і першае навуковае дасьледваньне скамянеласьцяў на ангельскай мове.
Мартын нарадзіўся ў Мэнсфілдзе ў 1767 годзе. Яго бацька працаваў у трыкатажным бізнэсе, але зьехаў, каб стаць акторам у Ірляндыі са сцэнічным імем Джозэф Бут (Joseph Booth). Ён быў таксама вынаходнікам і партрэтыстам; памёр у Лёндане ў 1797 годзе[4]. Маці, якая адмовілася ад Мартына, у дзявоцтве Малатрат (Mallatratt), таксама была акторкай[6].
Дзіцем Мартын зьяўляўся на сцэне, спачатку, ува ўзросьце пяці гадоў, як танцоўшчык, а затым — даючы дэклямацыі. Для Мартына былі арганізаваныя ўрокі красьленьня пад настаўніцтвам Джэймза Болтанпа ў Галіфаксе. З 1782 па 1785 гады ён быў у Дэрбішыры з акторскай трупай, калі сустрэў Ўайта Ўотсана, зь якім ён супрацоўнічаў у рабоце па скамянеласьцях Дэрбішыру[4]. Яго работа са скамянеласьцямі і прыродазнаўствам урэшце прывяла Мартына да абраньня чальцом Лёнданскага Лінэеўскага таварыства. Як і Ўотсан, Мартын знаходзіўся пад уплывам працаў дэрбішырскага геоляга Джона Ўайтгэрста. Ўайтгэрст апублікаваў «дасьледваньні зыходнага стану і фармаваньня Зямлі» (An Inquiry into the Original State and Formation of the Earth) у 1778 годзе, у якім утрымліваюцца істотныя зьвесткі датычна «Агульных зацемак па стратах Дэрбішыру» (General Observations on the Strata in Derbyshire)[5]. Аднак Абрагам Мілз пераключыў Мартына ад заалёгіі да палеанталёгіі дзесьці да 1789 году[4]. Мартын апублікаваў «Figures and Descriptions of Petrifications collected in Derbyshire» у 1793 годзе[7].
Мартын працаваў з Ўайтам Ўотсанам для стварэньня сумесных публікацыяў[8], але партнэрства ня ладзілася, бо Ўотсан заявіў, што не атрымлівае належнага даходу. Мартын пазьней апублікаваў некаторыя работы Ўотсана па скамянеласьцях, пазначаючы толькі сваё імя, а ня Ўотсана[9]. У Мартына было шасьцёра дзяцей зь яго «няшчаснай, але цікавай» жонкай[4], якая, як і яго бацькі, была на сцэне, перш чым быў заключаны яе другі шлюб з Мартынам у 1797 годзе[6]. У 1798 годзе нарадзіўся іх сын Ўільям Чарлз Лінэй Мартын. Яму далі імя Лінэй (Linnaeus) у гонар цікавасьці Мартына да клясыфікацыі жывых істотаў. Яго сын напісаў мноства кнігаў па прыродазнаўстве, стаўшы навуковым супрацоўнікам Заалягічнага таварыства Лёндана[10].
Мартын працаваў настаўнікам спачатку ў Бэртан-он-Трэнтэ ў 1798 годзе, пасьля ў Бакстане. Зрэшты, у 1805 годзе, ён пераехаў у Макелсфілд, дзе выкладаў у гімназіі[4]. Цікавасьць Мартына да прыроды не паменшылася, і ён пасылаў Джэймзу Саўбэры знаходкі для ілюстраваньня.
Мартын выканаў некалькі правінцыяльных пастановак[6] да 1809 году, ён валодаў чвэрцю ў тэатры Бакстану. У 1809 годзе ён апублікаваў «Petrifacta Derbiensia», якое ён прысьвяціў Джозэфу Банксу[11]. Ілюстрацыі, якія зьмяшчаліся ў «Petrifacta Derbiensia», упершыню былі каляровымі, што дапамагала Мартыну апісваць выкапні і каменнавугальныя вапнякі, якія ён дасьледваў у Дэрбішыру. Ідэнтыфікацыя была па-ранейшаму сумнёўная. Чатырохпрамянёвы карал, прыведзены на малюнку, лічыўся невядомым відам бамбуку[11]. Petrifacta Derbiensia утрымлівае іншую згадку імавернай памылкі: дзядзя Ўайта Ўотсана і работнікі шахты лічылі знойдзены кавалак эшфардзкага чорнага мармуру кавалкам хваста невялікага кракадзіла, у той час як Мартын лічыў, што ў яго кнізе няма нічога, што магло б быць такімі парэшткамі[12].
У 1809 годзе Мартын апублікаваў «Outlines of an Attempt to establish a Knowledge of Extraneous Fossils on Scientific Principles»[13]. Гэта было першае навуковае дасьледваньне скамянеласьцяў і палеанталёгіі на ангельскай мове[4][7]. Мартын сустракаўся з Джонам Фары для абмеркаваньня імавернасьці сумесных высілкаў па стварэньні геалягічнай мапы Дэрбішыру. Аднак плянам перашкодзіў тубэркулёз Мартына; у канцы траўня 1810 году ён памёр. Ён быў пахаваны ў Царкве Хрыста, завяшчаўшы клапаціцца пра яго калекцыю сваім дзецям і маці[4].
У гонар Мартына названы род Martinia і Lithostrotion martini[4].
Ўільям Мартын (прыродазнавец) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў