Авэтык Ісаакян | |
арм. Ավետիք Սահակի Իսահակյան | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 19 кастрычніка 1875 Александропаль, Эрыванская губэрня, Расейская імпэрыя, цяпер Гюмры, Армэнія |
Памёр | 17 кастрычніка 1957 (81 год) Ерэван, Армянская ССР, цяпер Армэнія |
Пахаваны | |
Дзеці | Vigen Isahakyan[d][2] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, празаік, публіцыст |
Гады творчасьці | 1890-я — 1957 |
Кірунак | сацыялістычны рэалізм |
Жанр | верш, паэма |
Мова | армянская |
Узнагароды | |
Подпіс | ![]() |
![]() | |
Авэтык Саакавіч Ісаакя́н (па-армянску: Ավետիք Սահակի Իսահակյան; 19 кастрычніка [ст. ст. 31 кастрычніка] 1875, Александропаль — 17 кастрычніка 1957, Ерэван) — выдатны армянскі паэт, празаік, публіцыст. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР. Акадэмік Акадэміі Навук Армэніі (1943).
Нарадзіўся 19 кастрычніка 1875 году ў вёсцы Казарапат каля Александропаля Эрыванскае губэрні (цяпер вёска перайменаваная ў Ісаакян і знаходзіцца ў Армэніі)[3]. У 1885 годзе паступіў у прыхадзкую вучэльню[4].
Вучыўся ў Эчміядзінскай духоўнай сэмінарыі «Геваркян» (1889—1892). У 1893 годзе паехаў у Нямеччыну, быў вольным слухачом аддзяленьня літаратуры ды філязофіі Ляйпцыскага унівэрсыту[5], дзе вывучаў таксама гісторыю. Падарожнічаў па Італіі і Грэцыі. У 1895 годзе вымушаны быў спыніць навучаньне па сямейных абставінах і вярнуцца на радзіму[6]. У 1896 годзе быў арыштаваны і год прасядзеў у павятовай турме Ерэвана. Пасьля выхаду з турмы у 1897 годзе апублікаваў першы зборнік вершаў «Песьні й раны». За дзейнасьць, накіраваную супраць царызму, высланы ў Адэсу[7]. У 1911 годзе з-за перасьледу з боку царскай ахранкі за рэвалюцыйную дзейнасьць эміграваў з Расейскае імпэрыі. Да 1936 году жыў галоўным чынам за мяжой (Францыя, Швайцарыя й інш.), асабіста быў знаёмы са шматлікімі інтэлектуаламі свайго часу. Ісаакян уваходзіў у Дашнакцуцюн і адзначыўся антысавецкімі выказваньнямі.
Па вяртаньні ў СССР быў старшынём СП Армянскае ССР. Акадэмік АН Армянскае ССР (1943). Дэпутат ВС Армянскае ССР 2—4 скліканьняў.
У той час Ісаакян знаходзіўся пад абаронай Першага сакратара ЦК КП Армэніі Рыгора Аруцінава. У 1937 годзе ён выкрасьліў са сьпісу прадстаўленых НКУС СССР да арышту шматлікіх вядомых армянскіх дзеячоў, сярод якіх быў і Ісаакян[8]. Таксама для Ісаакяна, як і для некаторых іншых прадстаўнікоў армянскае інтэлігенцыі, быў пабудаваны асабняк у Ерэване[9].
Авэтык Ісаакян памёр 17 кастрычніка 1957 году. Пахаваны ў Ерэване ў Пантэоне імя Камітаса.
Друкаваўся з 1892 году. Творчасьць цесна зьвязаная з гісторыяй і культураў армянскага народу, прасякнутая гуманізмам і павагай да чалавечае годнасьці. Першы зборнік вершаў «Песьні й раны» (1897) вылучаецца лірызмам і напеўнасьцю. У філязофскае паэме «Абул Ала Маары» (1901—1911) тэма трагічнага адзіноцтва моцнае асобы. Аўтар гістарычнае баляды «Нашыя продкі» (1917), паэмы «Сасма Мгер» (1919, перапрацаваная ў 1937), зборніка вершаў і апавяданьняў «Люлька цярпеньня» (1928), цыкляў вершаў «Нашыя гісторыкі й нашыя гусаны» (1939), «Маёй радзіме» (1940), «Армянская архітэктура» (1942), патрыятычных вершаў гадоў Вялікае Айчыннае вайны, раману «Ўста Каро» (незакончаны)[10].
На беларускую мову творы Ісаакяна перакладалі Мікола Аўрамчык, Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Эдуард Валасевіч[10].
Авэтык Ісаакян — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў