Ві́ктар Амазаспавіч Амбарцумя́н (18 верасьня 1908, Тбілісі — 12 жніўня 1996, Бюракан) — армянскі астраном і фізык, заснавальнік савецкай тэарэтычнай астрафізыкі. Акадэмік АН СССР (1953) і АН Армэніі (1943). Герой Сацыялістычнай Працы (1968, 1978). Замежны сябра акадэміяў навук многіх краінаў. Дзяржаўныя прэміі СССР 1946 і 1950 гадоў.
Віктар Амазаспавіч Амбарцумян нарадзіўся ў Тыфлісе 5 (18) верасьня 1908 году. Бацька Амбарцумяна быў філёлягам, спрыяў разьвіцьцю здольнасьцяў сына ў галіне матэматыкі і фізыкі. У 1925 годзе ён паступіў на фізыка-матэматычны факультэт Ленінградзкага пэдагагічнага інстытуту. У 1926 годзе, ужо студэнтам Ленінградзкага ўнівэрсытэту, Амбарцумян апублікаваў першую навуковую працу, прысьвечаную сонечным факелам. У гады вучобы ўваходзіў у лік карэспандэнтаў-назіральнікаў Расейскага таварыства аматараў сусьветазнаўства, не зьяўляючыся фармальна яго чальцом. Па заканчэньні ўнівэрсытэту паступіў у асьпірантуру пры Пулкаўскай абсэрваторыі, дзе працаваў пад кіраўніцтвам А. А. Белапольскага з 1928 па 1931 год.
У 1930 годзе Амбарцумян пабраўся шлюбам зь Верай Фёдараўнай Клачыхінай, родам зь вёскі Ўсольле, Салікамскага павету, Пермскай губэрні. Яна была прыёмнай дачкой астраномаў Рыгора Абрамовіча і Пелагеі Фёдараўны Шайн (першапачаткова была пляменьніцай апошняй).
Пасьля заканчэньня асьпірантуры Амбарцумян працаваў у Ленінградзкім унівэрсытэце, дзе ў 1934 годзе заснаваў і ўзначаліў першую ў СССР катэдру астрафізыкі. У 1935 годзе без абароны дысэртацыі Амбарцумяну была прысуджана вучоная ступень доктара фізыка-матэматычных навук. У 1939—1941 гадах быў дырэктарам абсэрваторыі Ленінградзкага ўнівэрсытэту. У 1941 годзе, будучы прарэктарам Ленінградзкага ўнівэрсытэту, узначальваў дасьледчы філіял унівэрсытэту ў горадзе Ялабуга, куды былі эвакуяваныя навуковыя лябараторыі ўнівэрсытэту.
У 1939 годзе Амбарцумян быў абраны чальцом-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР, а ў 1953 годзе — акадэмікам Акадэміі навук СССР.
У 1943 годзе была створаная Акадэмія навук Армянскай ССР. Амбарцумян быў абраны сапраўдным чальцом і прызначаны яе віцэ-прэзыдэнтам, а прэзыдэнтам стаў Ё. А. Арбелі. У 1947 годзе Амбарцумян быў абраны прэзыдэнтам АН Армянскай ССР, пасьля чаго абіраўся прэзыдэнтам на ўсе тэрміны да 1993 году. З 1993 году стаў ганаровым прэзыдэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Армэнія.
У 1946 году Амбарцумян заснаваў Бюраканскую астрафізычную абсэрваторыю, стаў яе першым дырэктарам і працягваў кіраўніцтва абсэрваторыяй да 1988 году.
Амбарцумян быў прэзыдэнтам Міжнароднага астранамічнага саюзу з 1961 па 1964 гады. Двойчы быў абраны прэзыдэнтам Міжнароднае Рады навуковых саюзаў (1966—1972).
Віктар Амазаспавіч Амбарцумян памёр 12 жніўня 1996 году ў Бюракане, пахаваны там жа непадалёк ад вежы вялікага тэлескопу.
Аўтар навуковых прац па фізыцы зорак і туманнасьцяў, зорнай дынаміцы, пазагаляктычнай астраноміі, касмагоніі, ядзернай і тэарэтычнай фізыцы.
Адкрыў і дасьледаваў зорныя сыстэмы новага тыпу (г. зв. зорныя асацыяцыі).
Указам прэзыдэнта Армэніі Сэржа Саргсяна заснаваная міжнародная навуковая прэмія імя астрафізыка Віктара Амбарцумяна. Прэмія прысуджаецца за выдатную навуковую працу ў астрафізыцы, а таксама ў прылеглых да яе сфэрах фізыкі і матэматыкі, незалежна ад грамадзянскай прыналежнасьці навукоўца. Прэмія прысуджаецца адзін раз у два гады; першым годам прысуджэньня прэміі стаў 2010 год. Памер прэміі — 500 тысячаў $[10].