Люі́-Фэрдына́нд Сэлі́н (па-француску: Louis-Ferdinand Céline, сапраўднае прозьвішча — Дэту́ш, Destouches; 27 траўня 1894 — 1 ліпеня 1961) — французкі пісьменьнік, лекар па адукацыі. Сусьветна вядомы па раману «Падарожжа на край ночы»
Раманы «Падарожжа на край ночы» (фр. Voyage au bout de la nuit) і «Сьмерць у крэдыт» (фр. Mort à crédit) мелі неверагодны посьпех і былі адразу ж перакладзеныя практычна на ўсе мовы сьвету. Аднак далейшы лёс пісьменьніка склаўся трагічна. Апублікаваныя на рубяжы 1930—40 гг. памфлеты «Bagatelles pour un massacre», «L'Ecole des cadavres» і «Les Beaux Draps» замацавалі за Сэлінам рэпутацыю расіста і мізантропа. Напрыканцы Другой сусьветнай вайны абвінавачаны ў супрацоўніцтве з акупацыйнай уладай пісьменьнік быў вымушаны бегчы спачатку на поўдзень Нямеччыны, а пасьля ў Данію, дзе яго арыштавалі, перададі ў суд і зьняволілі ў турму, знаходжаньне ў якой пазьней замянілі на высылку. У 1951 годзе пакінуты сябрамі і забыты на радзіме Сэлін па амністыі вярнуўся ў Францыю, дзе пасяліўся ў парыскім прадмесьці Мэдоне і фактычна да канца жыцьця працаваў лекарам для бедных.
Новы гучны літаратурны посьпех прыходзіць да Сэліна ўжо перад сьмерцю, пасьля зьяўленьня першых двух тамоў аўтабіяграфічнай трылёгіі «З замка ў замак» (фр. D’un château l’autre, 1957) і «Поўнач» (фр. Nord). Завяршальны раман трылёгіі «Рыгадон» (фр. Rigodon) бачыць сьвет толькі ў 1969 годзе, праз восем год пасьля сьмерці пісьменьніка.
На беларускую мову не перакладаўся.
Люі-Фэрдынанд Сэлін — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў