Мíлан Ку́ндэра (па-чэску: Milan Kundera; 1 красавіка 1929 — 11 ліпеня 2023) — адзін з найбольш вядомых у сьвеце чэскіх аўтараў. Пісаў па-чэску й па-француску. Найбольш знакаміты яго твор называецца «Невыносная лёгкасьць быцьця».
Бацькам Мілана быў Людвік Кундэра, музыказнаўца й пазьней рэктар Музычнай Акадэміі ў Брно (з 1948 па 1961 год). Пісьменьнік рана навучыўся граць на піяніна, музыка моцна паўплывала на ўсю яго творчасьць. У 1945 годзе, будучы гімназістам, пераклаў верш Уладзімера Маякоўскага, які быў апублікаваны ў часопісе «Гонг». Тады ж пачаў сам пісаць вершы.
Пасьля вайны падпрацоўваў як рознарабочы й джазавы музыка. У 1948 годзе скончыў гімназію ў Брно й пачаў вывучаць музыку й літаратуру ў Праскім Карлавым унівэрсытэце. Аднак у хуткім часе пісьменьнік перайшоў у Кінаакадэмію. У 1950 годзе па палітычных прычынах вымушаны быў прыпыніць навучаньне на два гады (Кундэра й яго ўнівэрсытэцкі таварыш былі выключаныя з камуністычнай партыі, у якую Мілан уступіў у 1948 годзе, за антыпартыйныя дзеяньні). Яго раман «Жарт», напісаны ў 1965—1967 гадох, шмат у чым натхнёны падзеямі таго пэрыяду жыцьця маладога пісьменьніка. У 1956 годзе Кундэра зноў уступае ў кампартыю, аднак у 1970 годзе яго канчаткова выключаюць зь яе.
Пасьля заканчэньня вучобы Мілан Кундэра выкладаў на факультэце кіно Праскай акадэміі музыкі й драматургіі. У 1957 годзе ён выдаў лірычны зборнік «Маналёгі», у які ўвайшлі інтэлектуальныя вершы пра каханьне. Пісьменьнік піша шэраг эсэ, прысьвечаных авангарднай паэзіі, для пэрыядычных выданьняў «Literarni noviny» і «Listy».
Як і шматлікія іншыя чэскія інтэлектуалы, Кундэра прымаў актыўны ўдзел у падзеях Праскай вясны. З-за гэтага ён быў пазбаўлены магчымасьці выкладаць, ягоныя кнігі былі забароненыя і выняты зь усіх бібліятэк Чэхаславаччыны.
У 1975 годзе Кундэра з жонкай Верай Грабанковай імігравалі ў Францыю, дзе пісьменьнік атрымаў месца выкладчыка. У 1978 годзе, пасьля выданьня раману «Кніга сьмеху й забыцьця» (Kniha smíchu a zapomnění), чэскі ўрад пазбавіў пісьменьніка чэскага грамадзянства. З 1981 году ён зьяўляецца грамадзянінам Францыі. У 1978 годзе Кундэра пераехаў у Парыж, дзе ў 1984 годзе зьявіўся ягоны найзнакаміцейшы твор — раман «Невыносная лёгкасьць быцьця» («Nesnesitelná lehkost bytí»).
Пачынаючы з выдадзенага ў 1994 годзе раману «La lenteur» Кундэра піша па-француску.
Сам Кундэра дзеліць сваю творчасьць на два этапы: пэрыяд нясьпеласьці (ад гэтай часткі сваёй творчасьці дыстанцуецца й забараняе публікаваць творы гэтага пэрыяду), і на пэрыяд сваіх лепшых твораў.
Кундэра сьцьвярджае, што ўпершыню «знайшоў сябе», калі пісаў аповед «Я сумны Бог» (1958), пазьней уключаны ў першую з трох сшыткаў «Сьмешных каханак» (1963, 1965, 1968). Характэрная рыса «Сьмешных каханак» — анэкдатычнасьць, жартаўлівасьць. Па прызнаньні аўтара, ён пачаў пісаць аповеды для ўласнага задавальненьня. Першае агульнае выданьне ўсіх трох сшыткаў, якое складаецца з 8 аповедаў, выйшла ў Празе ў 1970, аднак пазьней аўтар перапрацаваў складанку, надаўшы ёй новую форму й кампазыцыйнае адзінства, і ўключыў толькі 7 аповедаў. Тэматыка «Сьмешных каханак» засяроджана на містыфікацыі, гульні з каханьнем і парадоксах донжуанства нашага часу. Кожны з аповедаў мае сваю апавядальную структуру, мадэль і тэму, якія аўтар разьвіў пазьней у сваіх раманах.
Свой першы раман «Жарт» Кундэра пачаў пісаць яшчэ ў 1962, кніга была надрукавана ў 1967. Выкарыстоўваючы гратэскавую гісторыю пра чалавечае жыцьцё, сапсаванага з-за простага жарту, і пра няўдалую помсту героя, аўтар малюе зьмены, якія адбываліся ў чэскім грамадзтве зь сярэдзіны 1950-х, і прыводзіць свайго героя да адчуваньня адчужанасьці ад сьвету. Аўтар перапісаў раман у выглядзе сцэнара для фільма, які ён сам і паставіў.
У рамане «Жыцьцё — ня тут» (скончаны ў 1969 ці 1970, упершыню выйшаў у Парыжу на францускай мове ў 1973) апісваецца гісторыя маладога паэта, які паставіў свой мастацкі талент і юнацкае славалюбства на службу ідэалёгіі. Менавіта таму яму не даецца ні самакрытыка, ні цьвярозы погляд на грамадзкае становішча, урэшце ён бесцырымонна ўмешваецца ў лёс іншых людзей, прыносячы ім няшчасьця. Сама назва рамана зьяўляецца цытатай. Гэтай фразай, узятай зь А.Рэмбо, А.Брэтон у 1924 годзе завяршыў Маніфэст сюррэалізму. Той жа самы лёзунг можна было ўбачыць у Парыжу ў 1968 падчас студэнцкіх хваляваньняў.
«Вальс на разьвітаньне» (скончаны ў 1971 ці 1972, упершыню выйшаў на францускай мове ў Парыжу ў 1976) — апошні раман, напісаны ў Празе. На першы погляд ён здаецца проста камэдыяй, якая апісвае калізіі паміж некалькімі любоўнымі парамі ў чэскім курортным мястэчку. На самім жа справе гэта кніга поўная смутку й роспачы, выкліканымі безвыходнасьцю сытуацыі. Галоўнага героя рамана прымушаюць зьехаць з краіны абыякавасьць людзей, пустэча, дробязнасьць праблем.
«Кніга сьмеху й забыцьця» была напісана ў першыя гады эміграцыі, і ўпершыню выйшла на францускай мове ў Парыжу ў 1979. Як і ў некаторых іншых творах Кундэры, кампазыцыя тэксту інсьпіравана музычнай кампазыцыяй. У рамана няма скончанага сюжэту, асобныя эпізоды зьяўляюцца рознымі варыяцыямі на агульную тэму: героі змагаюцца з забыцьцём і прыходзяць да таго, што мінулае нельга заклікаць на дапамогу сучаснасьці, мінулае нельга палепшыць.
Матывы эміграцыі й побытавай ідыліі Кундэра разьвівае ў рамане «Невыносная лёгкасьць быцьця» (скончаны ў 1972, упершыню апублікаваны на францускай мове ў 1984), героі якога пасьля жніўня 1968 зьяжджаюць у Швайцарыю, але потым вяртаюцца ў Чэхаславаччыну. У рамане шмат філязофскіх разважаньняў, заснаваных па перавазе на тлумачэньні лёгкасьці й цяжару ў духу старажытнагрэцкага філёзафа Пармэніда й ідэі Фрыдрыха Ніцшэ пра вечнае вяртаньне. У 1988 амэрыканскі рэжысэр Філіп Каўфман зьняў па гэтым рамане аднайменны фільм.
У рамане «Несьмяротнасьць» (дапісаны ў 1988, упершыню апублікаваны на францускай мове ў 1990 годзе), апошнім рамане, напісаным на чэскай мове, Кундэра падкрэсьлівае фіктыўнасьць усяго адбывалага. Яго галоўным чынам цікавяць агульныя пытаньні быцьця й характэрныя рысы эўрапейскай культуры. У кнізе рэфлексіўнасьць настолькі пераважае над сюжэтнай лініяй, што яе можна лічыць нейкім сынтэзам рамана й эсэ.
Ключом да глыбейшага разуменьня творчасьці Кундэры можа быць складанка зь сямі эсэ «Мастацтва рамана», напісаных на францускай мове й выдадзеных у 1986. Гэта складанка ня мае нічога агульнага з раньняй аднайменнай тэарэтычнай працай, акрамя назвы. Тут аўтар кажа пра свой мэтад пісьма, асабліва акцэнтуе ўвагу на сьціплую ацэнку традыцыі цэнтральна-эўрапейскага рамана й выяўляе захапленьне мадэрнізмам «кафкаўскай» традыцыі.
Наступныя эсэ апублікаваны ў складанцы «Парушаныя запаветы» (1993). Разважаньні пра магчымасьці рамана, а таксама апублікаваныя ў часопісах эсэ пра палітычнае й культурнае проціпастаўленьне «Захаду» й «Ўсходу» й пра канцэпцыю Цэнтральнай Эўропы зрабілі Кундэру папулярным публіцыстам яшчэ ў 1980-е. Ён таксама публікаваўся ў чэскіх, францускіх, і нават у ісьляндзкіх і мэксыканскіх пэрыядычных выданьнях.
Кундэра ня раз падкрэсьліваў, што чэрпае натхненьне ў творах эўрапейскай літаратуры пэрыяду Адраджэньня й Асьветы, асабліва ў раманах Д.Бакачча, Ф.Рабле, Л.Стэрна й Д.Дыдро. Сваю п’есу «Жак і яго спадар», прысьвечаную Дзідро й якая зьяўляецца варыяцыяй на тэму рамана самага Дзідро «Жак фаталіст» напісаў у гады, наступныя за савецкай акупацыяй. Упершыню п’еса была апублікавана ў Парыжу ў перакладзе аўтара ў 1981.
У 1990-е гады піша свае раманы на францускай мове. «Павольнасьць» (1995) і «Сапраўднасьць» (1997) уяўляюць хутчэй нейкія рэзюмэ, у якіх намёк на больш пэўную гісторыю толькі ілюструе абстрактныя разважаньні, эсэ чаргуюцца зь сюжэтнай лініяй, і ў сьвет рамана пранікаюць больш ці меней відавочныя алюзіі на традыцыі рамана мінулых стагодзьдзяў.
Апошні раман «Недасьведчанасьць» (2000) быў упершыню апублікаваны па жаданьні аўтара на гішпанскай мове. Тэмы рамана — эміграцыя, адзінота, памяць, забыцьцё, настальгія, абыякавасьць.
|