Пэргамскі музэй

Пэргамскі музэй
Pergamonmuseum
Месцазнаходжаньне БэрлінНямеччына
Адрас Am Kupfergraben[d] і Bodestraße[d]
Наведнікаў
  • 1 298 000 чал. (2008)
  • 1 093 000 чал. (2009)
  • 1 035 000 чал. (2010)
  • 1 305 000 чал. (2011)
  • 1 410 000 чал. (2012)
  • 1 260 000 чал. (2013)
  • 995 000 чал. (2014)
  • 750 000 чал. (2015)
  • 739 000 чал. (2016)
  • 751 000 чал. (2017)
Створаны 1901 г.
Адкрыты 1910
Геаграфічныя каардынаты 52°31′15″ пн. ш. 13°23′47″ у. д. / 52.52083° пн. ш. 13.39639° у. д. / 52.52083; 13.39639Каардынаты: 52°31′15″ пн. ш. 13°23′47″ у. д. / 52.52083° пн. ш. 13.39639° у. д. / 52.52083; 13.39639
Пэргамскі музэй на мапе Нямеччыны
Пэргамскі музэй
Пэргамскі музэй
Пэргамскі музэй
smb.museum

Пэргамскі музэй (таксама Пэргамон-музэй; па-нямецку: Pergamonmuseum) — адзін з найвядомых музэяў, разьмешчаных на Музэйнай высьпе на рацэ Шпрэе ў цэнтры Бэрліну[1].

Будынак музэю быў пабудаваны ў 1910—1930 гадох паводле праекту Альфрэда Мэсэля і Людвіга Гофмана, у першую чаргу, для выяўленага Карлам Гуманам Пэргамскага алтару, а таксама для збору позьняга антычнага жывапісу і скульптуры, экспанатаў Пярэднеазіяцкага музэю, які ўключае творы хецкага, асырыйскага, бабілёнскага й пэрсыдзкага мастацтва, і Ісламскага музэю (які ўключае фрыз са Мшаты). З 1958 году ўсе гэтыя зборы аб’яднаны агульнай назвай «Пэргамскі музэй». У наш час экспазыцыя музэю падзелена на Антычны збор, Пярэднеазіяцкі музэй і Музэй ісламскага мастацтва. У 2013 годзе ў Пэргамскім музэі пабывала каля 1 млн 260 тыс. наведвальнікаў — гэта самы наведвальны музэй у Нямеччыне і 45-ы паводле колькасьці наведвальнікаў музэй у сьвеце.

Першы будынак Пэргамскага музэю

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы будынак Пэргамскага музэю быў пабудаваны ў 1897—1898 гадох і ўрачыста адкрыты для доступу публікі ў 1901 годзе. У двары музэю разьмясьціліся творы старажытнай архітэктуры з Пэргама, Прыены і Магнэсыі на Мэандры.

Пасьля зносу першага будынку Пэргамскага музэю ў 1908 годзе ўсе пэргамскія мастацкія каштоўнасьці да ўзьвядзеньня новага будынку разьмяшчаліся ва ўсходняй калённай залі Новага музэю.

Другі будынак Пэргамскага музэю

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паколькі выяўленыя пры раскопках у Бабілёне, Уруку, Ашуры і Эгіпце манумэнтальныя экспанаты не маглі годна разьмясьціцца ў першым пабудаваным будынку музэю, у якога да таго ж неўзабаве выявіліся будаўнічыя дэфэкты падмурку, для вырашэньня пытаньняў, зьвязаных з узьвядзеньнем новага будынку на тым самым месцы, у 1905 годзе быў прызначаны новы генэральны дырэктар Каралеўскіх (а з 1918 году — Дзяржаўных) музэяў, а ў 1906 годзе да працы быў прыцягнуты Вільгельм фон Бодэ. Апроч калекцыі антычнай архітэктуры ў паўночным корпусе новага будынку музэю меркавалася разьмясьціць пасьляантычнае мастацтва Нямеччыны зь Нямецкага музэю, а ў паўднёвым — аддзел пярэднеазіяцкага мастацтва. У адпаведнасьці са зьменамі ў пляне ад 1927 году тут жа павінна разьмясьціцца і калекцыя ісламскага мастацтва.

У 1907 годзе Альфрэд Мэсэль прыступіў да праектаваньня манумэнтальнага будынку з трох карпусоў у строгім нэаклясычным стылі. Пасьля сьмерці Мэсэля ў 1909 годзе работы працягнуў яго блізкі сябар Людвіг Гофман, які займаў адміністрацыйную пасаду ва ўрадзе Бэрліну па пытаньнях будаўніцтва. У 1910 годзе пачаліся будаўнічыя работы, якія спынілі Першая сусьветная вайна, рэвалюцыя 1918 году й інфляцыя 1922—1923 гадоў. Толькі да 1930 году будаўніцтва музэйнага будынку было скончана, і чатыры музэі ў яго сьценах адкрылі свае залы для публікі.

Пэргамскі музэй сур’ёзна пацярпеў падчас паветраных налётаў на Бэрлін. Многія экспанаты былі перавезены ў больш бясьпечнае месца, манумэнтальныя рэчы былі ўмацаваны. У 1945 годзе большая частка фондаў музэю была вывезена савецкімі афіцэрамі па абароне мастацкіх каштоўнасьцяў ва ўсходнюю частку Бэрліну для адпраўкі ў СССР. Толькі ў 1958 годзе музэйныя фонды вярнуліся ў Нямецкую Дэмакратычную Рэспубліку, але ня цалкам. Дагэтуль значная частка калекцыі захоўваецца ў запасьніках Пушкінскага музэю ў Маскве і Эрмітажа ў Санкт-Пецярбургу.

Пэргамскі алтар
Фрыз са Мшаты
Брама Іштар з Бабілёну

У Пэргамскім музэі знаходзяцца зборы трох музэяў: Антычнага збору, Музэю ісламскага мастацтва і Пярэднеазіяцкага музэю. У ім прадстаўлены розныя экспанаты старажытнай манумэнтальнай архітэктуры, самымі вядомымі зь якіх зьяўляюцца:

Антычны збор узьнік дзякуючы брандэнбурскім курфюрстам-калекцыянэрам клясычнай старажытнасьці. Заснаваньне музэю Антычнага збору адзначылася набыцьцём у 1698 годзе калекцыі рымскага археоляга. Частка калекцыі антычнасьці стала даступная для публікі ў 1830 годзе з адкрыцьцём у Бэрліне Старога музэю. Антычны збор значна папоўніўся дзякуючы раскопкам, якія праводзіліся ў Алімпіі, Самасе, Пэргаме, Мілеце, Прыене і Дыдыме.

З падзелам Нямеччыны пасьля Другой сусьветнай вайны падзеленым напалам апынуўся і Антычны збор. Пэргамскі музэй у НДР адкрыўся зноў у 1959 годзе, а калекцыя, якая апынулася ў Заходнім Бэрліне, разьмяшчалася аж да 1995 году ў будынку паводле праекту архітэктара Штулера насупраць замку Шарлётэнбург.

У наш час каштоўнасьці Антычнага збору падзелены паміж двума музэямі — Пэргамскім і Старым. Экспазыцыя Пэргамскага музэю аб’ядноўвае старажытнагрэцкія і старажытнарымскія творы архітэктуры, скульптуры, пісьменнасьці, мазаікі, упрыгожваньняў з каштоўных мэталаў і вырабаў з бронзы. Візытнай карткай Пэргамскага музэю стаў Пэргамскі алтар, датаваны II ст. да н. э., на скульптурным фрызе якога намалявана драматычная бітва багоў з гігантамі, а таксама брама Мілецкага рынку, якую адносяць да эпохі Старажытнага Рыма. Акрамя гэтага сусьветную вядомасьць набылі «Бэрлінская багіня» з Кератэі пэрыяду росквіту архаікі і позьнеархаічная «Багіня на троне» з Тарэнта.

Музэй ісламскага мастацтва

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У музэі прадстаўлена мастацтва ісламскіх народаў VIII—XIX стагодзьдзяў, якія пражывалі на абшарах ад Гішпаніі да Індыі. У аснову экспазыцыі пакладзены ў першую чаргу мастацтва Эгіпту, Блізкага Ўсходу і Ірана. Іншыя рэгіёны таксама прадстаўлены значнымі калекцыйнымі аб’ектамі, як, напрыклад, творы каліграфіі і мініяцюры эпохі Імпэрыі Вялікіх Маголаў ці сыцылійскімі вырабамі са слановай косьці.

Музэй Пярэдняй Азіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У музэі Пярэдняй Азіі прадстаўлены экспанаты, выяўленыя на археалягічных раскопках, якія праводзіліся ў арэале распаўсюджаньня шумэрскай, бабілёнскай і асырыйскай культураў нямецкімі навукоўцамі, у прыватнасьці Нямецкім Усходнім таварыствам. Сюды адносяцца манумэнтальныя помнікі архітэктуры, рэльефы і прадметы меншага памеру, якія выкарыстоўваліся ў кульце, побыце і як упрыгожваньні.

Асаблівай увагі заслугоўваюць бабілёнская брама Іштар, фрагмэнт Дарогі працэсыяў, якая да ёй вяла, і фасад троннай залы Навухаданосара II.

У лістападзе 2011 году ў музэі была адкрыта для наведваньня грандыёзная панарама, якая стварае эфэкт прысутнасьці ў старажытным Пэргаме ў 129 годзе да н.э. Навочна прадстаўлены розныя бакі жыцьця пэргамцаў: тут на плошчы перад акропалем шпацыруюць гараджане, там ідзе ажыўлены гандаль на рынку, вось жанчына сьцірае ў рацэ бялізну, удалечыні сярод дрэваў бачная знакамітая Пэргамская бібліятэка і г.д. У ратондзе вышынёй 24 і даўжынёй 103 мэтры створаны спэцэфэкты: узыход і заход сонца, подых ветру, гуд натоўпу, сьпеў цыкадаў.[2] Панарама была адкрыта да верасьня 2012 году.

У адпаведнасьці з майстар-плянам рэканструкцыі бэрлінскай Музэйнай выспы Пэргамскі музэй павінен стаць цэнтрам яе ансамбля, які аб’яднае Новы музэй, Музэй Бодэ, Старую нацыянальную галерэю і новы будынак уваходу на Музэйную выспу.

  • Nikolaus Bernau, Nadine Riedl: Für Kaiser und Reich. Die Antikenabteilung im Pergamonmuseum. In: Alexis Joachimides u.a. (Hrsg.): Museumsinszenierungen. Zur Geschichte der Institution des Kunstmuseums. Die Berliner Museumslandschaft 1830—1990. Verlag der Kunst, Dresden und Basel 1995, ISBN 3-364-00325-4, S. 171—190.
  • Wilhelm von Bode: Denkschrift betreffend Erweiterungs- und Neubauten bei den Königlichen Museen in Berlin. Imberg & Lefson, Berlin 1907. Auch abgedruckt in: Wilhelm von Bode: Mein Leben. 2 Bd. Verlag H. Reckendorf, Berlin 1930. Bodes Denkschrift zum Bau des Pergamonmuseums.
  • Nicola Crüsemann: Vom Zweistromland zum Kupfergraben. Vorgeschichte und Entstehungsjahre (1899—1918) der Vorderasiatischen Abteilung der Berliner Museen vor fach- und kulturpolitischen Hintergründen. Gebr. Mann, Berlin 2001, ISBN 3-7861-2403-5 (=Jahrbuch Der Berliner Museen N.F. Bd. 42, 2000, Beiheft; =Dissertation, Freie Universität Berlin. 1999).
  • Olaf Matthes: Das Pergamonmuseum. Berlin-Edition, Berlin 2006, ISBN 3-8148-0143-1.
  • Andreas Scholl, Gertrud Platz (Hrsg.): Altes Museum. Pergamonmuseum. Antikensammlung Staatlichen Museen zu Berlin. 3., vollständig überarbeitete und erweiterte Auflage. Von Zabern, Mainz 2007, ISBN 978-3-8053-2449-6.
  • Volker Viergutz: Berliner Museumskrieg. Ein unveröffentlichtes Kapitel der Lebenserinnerungen Ludwig Hoffmanns in Berlin und Geschichte und Gegenwart. In: Berlin in Geschichte und Gegenwart. Jahrbuch des Landesarchivs Berlin. 1993, ISSN 0175-8446, S. 85-112. Beschreibt den Konflikt zwischen Wilhelm von Bode und Ludwig Hoffmann um die Gestaltung des Pergamonmuseums.
  • Carola Wedel (Hrsg.): Das Pergamonmuseum. Menschen, Mythen, Meisterwerke. Nicolai, Berlin 2003, ISBN 3-89479-095-4.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]