Януш Скумін Тышкевіч. Гравюра К. Гётке з кнігі А. Дубовіча «Адпраўка асобы». Вільня, 1642 | |
Герб «Ляліва» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1572 |
Памёр | 27 траўня 1642 |
Пахаваны | |
Род | Тышкевічы |
Бацькі | Фёдар (Тэадор) Скумін Тышкевіч Кацярына Ляцкая |
Жонка | Барбара Нарушэвіч, Соф'я Замяхоўская |
Дзеці | Кацярына Яўгенія |
Януш Скумін Тышкевіч (каля 1572 — 27 траўня 1642) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар вялікі літоўскі (1607—1621), ваявода амсьціслаўскі (1621—1626), троцкі (1626—1640) і віленскі (з 1640).
Трымаў Браслаўскае (з 1588), Навадворскае (1611—1613) і Юрбарскае (з 1620) староствы.
Прадстаўнік старэйшай лініі роду Тышкевічаў (Скумін Тышкевічы) гербу «Ляліва», сын Тэадора, ваяводы наваградзкага, і Кацярыны зь Ляцкіх.
Навучаўся ў Падуанскім унівэрсытэце. Удзельнічаў у пасольствах у Прусію, перамовах са Швэцыяй. Ваяваў супраць швэдаў у Інфлянтах у вайну Рэчы Паспалітай са Швэцыяй (1600—1628) і супраць туркаў у Хоцінскай бітве (1621).
Аўтар дзёньніка мірных перамоваў з Швэцыяй у 1625. Браў удзел у рэлігійнай палеміцы ў часе складаньня Берасьцейскай уніі (1596), выдаў брашуру «Ліст да Барэцкага і Сматрыцкага супраць царквы ўсходняй»[1]., аўтар рукапісу Pastor oecumenicus: Dubowicz kazanie: wypowiedanie osoby
У 1618 зрабіў ахвяраваньне на карысьць кляштару бэнэдыктынаў у Горадні. У 1607 г. быў скіраваны Соймам у якасьці камісара да ракашан, у 1611 г. як стараста наваградзкі і браслаўскі накіраваны ў Прусію, дзе правеў пасьпяховыя перамовы аб новым порце ў Караляўцы для ВКЛ, удзельнік пасольства ў Маскву да В. Шуйскага, у 1613 г. соймавы камісар да вайсковай канфэдэрацыі з маскоўскай кампаніі. З 1621 г сэнатар — ваявода амсьціслаўскі, з 1626 г. — ваявода троцкі, з 1641 г. — ваявода віленскі.
Першы раз ажаніўся ў 1595 з Барбарай, дачкой Станіслава Нарушэвіча (віншавальны твор на гэтаму шлюбу прысьвяціў Я. Пратасовіч), другі — з Соф’яй Замяхоўскай. У першым шлюбе меў дачку Кацярыну Яўгенію (выдадзена ў першым шлюбе за Януша Вішнявецкага, другі раз за Аляксандра Радзівіла).