Ёнас Білюнас | |
---|---|
Jonas Biliūnas | |
![]() | |
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Jonas Anykštėnas, Jonas Barzdyla, J. Niuronis, Jonas B-nas, Jonas Bežemis, Jonas Gražys, Jonas Žaltys, Jonelis, Kazys Tauškutis |
Дата нараджэння | 11 красавіка 1879[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 8 снежня 1907[1] (28 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Жонка | Julija Biliūnienė[d] |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | |
Мова твораў | літоўская мова |
![]() |
Ёнас Білю́нас (літ.: Jonas Biliūnas; 11 красавіка 1879, в. Нюроніс, Анікштаўская воласць, цяпер Анікшчэйскім раёне, Літва — 8 снежня 1907, Закапанэ, Аўстра-Венгрыя) — літоўскі пісьменнік, крытык, паэт, публіцыст; родапачынальнік літоўскай лірычнай прозы.
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. У 1891—1899 гадах вучыўся ў гімназіі ў Лібаве (цяпер Ліепая). У 1893 годзе памерлі бацькі; зарабляў на жыццё прыватнымі ўрокамі. У 1900 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Дэрпцкага ўніверсітэта. У наступным годзе быў выключаны за ўдзел у студэнцкай дэманстрацыі. У 1901—1902 жыў у Лібаве, Шаўлях і Панявежы, зарабляючы ўрокамі. Пісаў для літоўскіх газет. Удзельнічаў у дзейнасці Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы. У 1903 годзе ў Лейпцыгу вучыўся ў Вышэйшай камерцыйнай школе. У 1904 годзе ва ўніверсітэце Цюрыха вывучаў літаратуру. У 1905 вярнуўся ў Літву. У тым жа годзе пераехаў лячыцца ад сухот у Закапанэ. Летні час бавіў у Літве (Нюроніс, Разалімас, Качаргіне).
Памёр у Закапанэ; прах у 1953 годзе перавезены ў Літву і пахаваны ў кургане Людзішкей пад Анікшчэй. Аўтар помніка на магіле скульптар Бронюс Вішняўскас (архітэктар Вітаўтас Габрунас).
Дэбютаваў у друку ў 1898 годзе. Першая кніга прозы «Розныя аповеды» („Įvairūs apsakymėliai“, 1906). Аўтар публіцыстычных, літаратурна-крытычных і гісторыка-літаратурных артыкулаў, брашур навукова-папулярнага і палітычнага зместу. Працаваў у газетах «Vilniaus žinios», «Lietuvos ūkininkas», часопісе «Varpas» і іншых літоўскіх перыядычных выданнях.
Першым у літоўскай літаратуры пачаў пісаць пра рабочых, рост класавай свядомасці (апавяданні «Без працы», 1903, «Першая стачка», 1903). У апавяданнях «Светач шчасця» (1905), «Па Нёмане» (1905), у аповесці «Сумная казка» (1907) пісаў пра цяжкае жыццё рабочых. Некалькі апавяданняў сталі класікай літоўскай дзіцячай літаратуры.
Падпісваўся псеўданімамі Jonas Anykštėnas, Jonas Barzdyla, J. Niuronis, Jonas B-nas, Jonas Bežemis, Jonas Gražys, Jonas Žaltys, Jonelis, Kazys Tauškutis.
Творы перакладаліся на беларускую, а таксама на рускую, латышскую, нямецкую, польскую, таджыкскую, шведскую, эсперанта, эстонскую і іншыя мовы.