3-я армія | |
---|---|
![]() | |
Гады існавання | верасень 1939 — жнівень 1946 |
Краіна |
![]() |
Падпарадкаванне | камандуючаму войскамі арміі |
Уваходзіць у | Заходняя Асобая ваенная акруга, Заходні фронт, Цэнтральны фронт, Бранскі фронт, Паўднёва-заходні фронт, Арлоўскі фронт, Беларускі фронт, 1-ы Беларускі фронт, 2-гі Беларускі фронт, 3-ці Беларускі фронт |
Тып | армія |
Складаецца з | упраўленне, аб’яднанні, злучэнні, воінскія часці і ўстановы |
Колькасць | аб’яднанне |
Удзел у | |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры |
В. І. Кузняцоў А. В. Гарбатаў |
3-я армія (СССР) (3А) — аператыўнае вайсковае аб’яднанне (агульнавайсковая армія) у складзе РСЧА Узброеных Сіл СССР падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Сфарміравана 15 верасня 1939 у складзе Беларускай Асобай ваеннай акругі на базе Віцебскай армейскай групы войскаў[1].
У верасні-кастрычніку 1939 армія ўдзельнічала ў Польскім паходзе РСЧА. Штаб арміі размяшчаўся ў г. Маладзечна[2].
На 22 чэрвеня 1941 года 3-я армія налічвала ў сваім складзе 3 стралковыя дывізіі і 11-ы мехкорпус (яшчэ 2 танкавыя і 1 матарызаваная дывізіі).
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны армія вяла абарончыя баі на правым флангу Заходняга фронту ў раёнах Гродна, Ліда, Навагрудак. У канцы чэрвеня 1941 года ў ходзе Беластоцка-Мінскай бітвы яна была акружаная і арганізацыйна разгромлена.
У ноч на 1 ліпеня рэшткі упраўлення арміі на чале з камандуючым генерал-лейтэнантам В. І. Кузняцовым здолелі прарвацца ў раён на ўсход ад Мінска, але толькі 28 ліпеня яны здолелі выйсці з акружэння на поўнач ад Рагачова разам з атрадам 204-й матарызаванай дывізіі і 274-м стралковым палком 24-й Самара-Ульянаўскай Жалезнай дывізіі. У загадзе СВГК СССР № 270 ад 16 жніўня «Пра адказнасць ваенаслужачых за здачу ў палон і пакіданне ворагу зброі» гаварылася, што
1 жніўня 1941 года 3-я армія была ўключана ў склад Цэнтральнага фронту. Камандуючым арміяй пакінулі В. І. Кузняцова, начальнікам штаба прызначылі генерал-маёра А. С. Жадова; штаб размясціўся ў раёне на захад ад Калінкавіч. Арміі перадалі ў падпарадкаванне 66-ы стралковы корпус, Мазырскі ўмацаваны раён, а таксама 75-ю стралковую дывізію.
У другой палове жніўня 1941 года Цэнтральны фронт быў разгромлены і расфармаваны (глядзі Смаленская бітва). 3-я армія вымушана была пакінуць Мазыр, пасля шматкіламетровага маршу перадала свае войскі 21-й арміі, а яе штаб быў перамешчаны ў стык 50-й і 13-й армій з падначаленнем штабу Бранскага фронту. Камандуючым арміяй быў прызначаны генерал-маёр Я. Р. Крэйзер. Былы камандуючы арміяй генерал-лейтэнант В. І. Кузняцоў быў прызначаны камандуючым 21-й арміяй, а пасля яе разгрому ў Кіеўскім катле ўзначаліў 58-ю армію.
У канцы жніўня — пачатку верасня 1941 года армія ўдзельнічала ў Рослаўльска-Навазыбкаўскай наступальнай аперацыі.
У кастрычніку-снежні 1941 года 3-я армія ўдзельнічала ў Маскоўскай бітве, апынулася ў акружэнні ў раене Трубчэўска, але выйшла з акружэння і замацавалася ў раёне Яфрэмава.
Пасля пераходу Чырвонай Арміі ў контрнаступленне пад Масквой 3-я армія ўдзельнічала ў Ялецкай аперацыі. У далейшым да лета 1943 года займала абарончыя пазіцыі.
У чэрвені 1943 года новым камандуючым 3-й арміяй прызначылі генерал-лейтэнанта А. В. Гарбатава, які камандаваў ёю да канца вайны.
У ліпені — жніўні армія ўдзельнічала ў Арлоўскай аперацыі 1943, а ў верасні — пачатку кастрычніка — у Бранскай аперацыі 1943, пры завяршэнні якой выйшла на левы бераг р. Сож у раёне г. Прапойск (Слаўгарад). З 7 кастрычніка перададзена Цэнтральнаму (з 20 кастрычніка 1943 Беларускі, з 17 лютага 1944 1-ы Беларускі) фронту і ў яго складзе вяла баявыя дзеянні ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 і ў Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1944 года.
У другой палове 1944 года войскі арміі ўдзельнічалі ў Беларускай аперацыі. у складзе войскаў 1-га Беларускага, з 5 ліпеня 2-га Беларускага франтоў пры вызваленні савецкімі войскамі Беларусі і ўсходніх раёнаў Польшчы.
У Бабруйскай, Мінскай і Беластоцкай наступальных аперацыях яе войскі прайшлі з баямі звыш 500 км, вызвалілі гг. Навагрудак (8 ліпеня, ва ўзаемадзеянні з 50А), Ваўкавыск (14 ліпеня), Беласток (27 ліпеня). Працягваючы наступленне ў наступнай Ломжа-Ружанскай наступальнай аперацыі яны вызвалілі горада Астраленка (6 верасня) і Ломжа (13 верасня). З выхадам да р. Цароў перайшлі да абароны на рубяжы Астраленка, Ружаны, а затым армія была перакінутая на Ружанскі плацдарм і ўдзельнічала ў бітве за яго пашырэнне. У Млаўска-Эльбінгскай аперацыі 1945 армія наступала ў складзе ўдарнай групоўкі 2-га Беларускага фронту з ружанскага плацдарма ў кірунку Віленберг (Вельбарк), Мельзак (Пяненжна).
У 1945 годзе армія ўдзельнічала ў Усходне-Прускай аперацыі. З 10 лютага ўваходзіла ў 3-ці Беларускі фронт, у складзе якога ў сакавіку прымала ўдзел у ліквідацыі ўсходне-прускай групоўкі праціўніка на паўднёвы захад ад Кёнігсберга (Калінінград).
У пачатку красавіка была перадыслацыравана ў раён паўднёва-ўсход ад Кюстрына, уключана ў 1-ы Беларускі фронт і ў яго складзе ўдзельнічала ў Берлінскай аперацыі 1945. Баявыя дзеянні скончыла 8 мая на Эльбе на паўночным усходзе ад Магдэбурга.
У жніўні 1945 года армія была расфармаваная, яе штаб быў накіраваны на фарміраванне штаба Мінскай ваеннай акругі.
За баявыя адрозненні ў гады вайны многія злучэнні і часці арміі ператвораныя ў гвардзейскія, узнагароджаны ордэнамі і ўдастоены ганаровых найменняў. За мужнасць, гераізм і высокае воінскае майстэрства ў баях дзясяткі тысяч яе воінаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, а 83 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.