Іва́наэ Бано́мі (італ.: Ivanoe Bonomi [iˈvaːnoe boˈnɔːmi]; 18 кастрычніка 1873, Мантуя, Каралеўства Італія — 20 красавіка 1951, Рым, Італія) — італьянскі палітычны дзеяч-сацыяліст.
З 1909 года член палаты дэпутатаў ад Мантуі, адзін з лідараў правага крыла Італьянскай сацыялістычнай партыі. У 1912 годзе выключаны з ІСП разам з Леаніда Бісалаці. Баномі і Бісалаці заснавалі Рэфармісцкую сацыялістычную партыю, якая падтрымала ўдзел Італіі ў Першай сусветнай вайне на боку Антанты. У 1916—1917 гадах Баномі — міністр грамадскіх прац, у 1920 годзе — ваенны міністр (быў адным з тых, хто падпісаў Рапальскі дагавор з Югаславіяй), пазней — міністр фінансаў. З 4 ліпеня 1921 года — прэм'ер-міністр Італіі (першы сацыяліст на гэтай пасадзе). Узначальваў кааліцыю лібералаў і рэфармістаў, якая распалася ў 1922 годзе, і 26 лютага сышоў у адстаўку. У кастрычніку да ўлады прыходзіць Мусаліні, і Баномі пакідае палітыку.
З 1940 года ён удзельнічае ў Супраціўленні, з 1943, пасля звяржэння фашызму — адзін з лідараў гэтага руху, узначальвае італьянскі антыфашысцкі Камітэт нацыянальнага вызвалення. У гэты перыяд Баномі ўдзельнічае ў стварэнні Дэмакратычнай партыі працы. 18 чэрвеня 1944 ізноў стаў прэм’ер-міністрам замест маршала П'етра Бадолья, а таксама міністрам замежных спраў, кіруючы краінай на заключным этапе вайны супраць фашызму. У лістападзе падаў у адстаўку, але прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Уінстан Чэрчыль пераканаў яго застацца прэм’ерам і міністрам унутраных спраў. 19 чэрвеня 1945 пасля заканчэння вайны склаў з сябе прэм’ерскія паўнамоцтвы, працягваючы актыўна працаваць у камітэце Канстытуцыйнай асамблеі па мірных дагаворах, да 1946 года прадстаўляў Італію на паседжаннях глаў МЗС. У 1946 годзе выбраны дэпутатам Устаноўчага Сходу Італіі.
Пасля роспуску ў 1948 годзе Дэмакратычнай партыі працы, пераходзіць у новую Італьянскую дэмакратычную сацыялістычную партыю, дзе становіцца ганаровым старшынёй. 8 мая 1948 года выбраны старшынёй Сената Італіі (першым пасля яго стварэння), і заставаўся на гэтай пасадзе да канца жыцця.