Індыя | |
---|---|
англ.: India | |
| |
Іншыя імёны: | Вілі, Кіці, Вілард |
Від: | Felis silvestris catus |
Парода: | Амерыканская караткашэрсная |
Пол: | самка |
Дата нараджэння: | 13 ліпеня 1990 |
Месца нараджэння: | ЗША |
Дата смерці: | 4 студзеня 2009 (18 гадоў) |
Месца смерці: | Белы дом, Вашынгтон |
Гаспадар: | Лора Буш, Джордж Буш мал. |
І́ндыя (англ.: India, іншыя мянушкі: Ві́лі — англ.: Willie, Кі́ці — англ.: Kitty[~ 1]; 13 ліпеня 1990 — 4 студзеня 2009) — чорная котка, якая належала 43-му прэзідэнту ЗША Джорджу Бушу малодшаму і першай лэдзі Лоры Буш. Жыла ў сям’і прэзідэнта Буша амаль два дзесяцігоддзі.
Сям’я Бушаў набыла Індыю, чорную амерыканскую караткашэрсную котку для двайнят Барбары і Джэны Буш, калі ім было па 9 гадоў. Калі сёстры адправіліся ў каледж, котка засталася з Лорай і Джорджам[1]. Лора Буш казала, што Індыя — яе любімы хатні гадунец[2].
У студзені 2001 года Індыя пераехала з тэхаскага губернатарскага асабняка ў Белы дом. Маладзейшага рудага шасціпальцага ката Эрні (англ.: Ernie), названага так у гонар Эрнэста Хэмінгуэя[3][~ 2], Буш з сабой не ўзяў, адправіўшы яго ў Брэнтвуд[4] сябрам сям’і[3], бо Эрні драпаў мэблю і Буш асцерагаўся за каштоўную абстаноўку Белага дома[5]. Індыі ж кіпцюры былі выдалены[6]. Параўноўваючы Эрні і Індыю, Буш казаў, што «у Эрні больш свабоднага духу»[~ 3], тым часам як Індыя — спакайнейшая котка[7].
У Індыі імя коткі шмат хто палічыў абразай. У 2001 годзе актывісты кіравальнай партыі БДП (Бхаратыя джаната парты) мітынгавалі побач з амерыканскім консульствам у Мумбаі з плакатам «Містар Прэзідэнт, не рабіце памылкі. Індыйцы — не коткі, індыйцы — ільвы»[~ 4], патрабуючы прыбраць котку з афіцыйнага сайта Белага дома[8]. Актывісты нацыяналістычнай партыі Баджранг-Дал у знак пратэсту назвалі Джорджам Бушам шчанюка, правядучы для гэтага адмысловую цырымонію называння, і заклікалі іншых таксама зваць сабак Бушам[9]. У Калькуце члены Федэрацыі студэнтаў Індыі мітынгавалі перад амерыканскім консульствам, дэманструючы белую котку з таблічкай «Буш»[10]. У ліпені 2004 года дэманстранты абвясцілі імя коткі абразай нацыі і ў знак пратэсту спалілі перад Керальскім заканадаўчым сходам пудзіла Буша[11]. Консульства ЗША ў Мумбаі апраўдвалася тым, што імя «Індыя», дадзенае чорнай котцы, было ўтворана ад «індыйскага чарніла» (тушы)[9][12].
Паводле дадзеных афіцыйнага сайта Белага дома, котка была названа не ў гонар краіны ці тушы, а ў гонар бейсбольнага гульца Рубена Сьера «Эль Індыя», у той час, калі ён гуляў у камандзе Тэхас Рэйнджэрс , якая належала Бушу. Мянушка котцы была абрана дачкой Буша Барбарай[1]. Апроч імя Індыя ў коткі была і мянушка Вілі. Прадстаўнік прэс-службы Лоры Буш на пытанне, навошта котцы трэба другое імя, адказвала што «Гэта Тэхас, тут ва ўсіх ёсць мянушкі. Губернатар усім дае мянушкі, нават сваёй котцы»[~ 5][13]. Лора Буш тлумачыла, што котку клічуць Вілі, бо «імя „Індыя“ занадта складана паўтараць»[~ 6][14].
Нягледзячы на тое, што Індыя жыла ў Белым доме ў прэзідэнцкай сям’і, яна ўвесь час знаходзілася ў цені больш вядомых шатландскіх тэр’ераў Барні і міс Бізлі. Хоць Індыя пад імем Вілі і здымалася ў некаторых фільмах з сабакам Барні[15], але іграла ў іх толькі другарадныя ролі. Падчас прэзідэнцтва Буша сабакі атрымвалі значна больш увагі прэсы[1]. Лора Буш казала, што котка жыве на верхнім паверсе, таму прэса і бачыць яе рэдка[16]. Прадстаўнікі прэс-службы Белага дома тлумачылі параўнальна малую колькасць фатаграфій Індыі тым, што яе вельмі складана злавіць для фатаграфавання, «амаль гэтак жа складана, як Лох-нэскую пачвару »[~ 7][17], і тым, што яна замкнута і не любіць знаходзіцца ў цэнтры ўвагі[~ 8][18].
Сям’я Буша мела намер пакінуць Белы дом разам з жывёламі ў студзені 2009 года[19], але Індыя, не паспеўшы пераехаць, ціха[~ 9][20] памерла ў Белым доме 4 студзеня 2009 года ва ўзросце 18 гадоў[21][22]. У заяве да прэсы прэс-сакратар Лоры Буш Салі Мак-Донау адзначыла, што сям’я была глыбока засмучана смерцю коткі. У прэс-рэлізе было сказана, што «Індыя была любым сямейнікам Бушаў на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў. Яе будзе вельмі бракаваць»[~ 10][23]. Неўзабаве пасля смерці коткі ў Белы дом заехаў Барак Абама і ўсе згадкі пра Індыю ў біяграфіі Буша на афіцыйным сайце Белага дома прыбралі[24].
Індыя (котка) на Вікісховішчы |