Арту́рас Паўла́ўскас (літ.: Artūras Paulauskas; нар. 23 жніўня1953, Вільнюс) — літоўскі юрыст, палітычны дзеяч, старшыня Сейма Літоўскай Рэспублікі ў 2000—2004 гадах і з 15 лістапада 2004 да 11 красавіка 2006. Пасля адхілення Р. Паксаса ад пасады выконваў абавязкі прэзідэнта Літвы з 6 красавіка да 12 чэрвеня 2004 года.
Скончыў сярэднюю школу ў Шаўляі (1971). Паступіў на юрыдычны факультэт Вільнюскага ўніверсітэта, які скончыў у 1976 годзе, атрымаўшы дыплом юрыста.
Служыў следчым у 1976—1979 гадах, намеснікам пракурора ў Кашадары ў 1979—1982 гадах, пракурорам у Варэне ў 1982—1987 гадах.
У 1987 годзе быў прызначаны намеснікам Генеральнага пракурора Літоўскай ССР. У 1990—1995 гадах — Генеральны пракурор Літоўскай Рэспублікі. Прызначаны ўладамі Літвы, якая абвясціла незалежнасць 11 сакавіка 1990, а не Генеральным пракурорам СССР, таму ён не прызнаваўся савецкімі ўладамі, якія Генеральным пракурорам Літоўскай ССР лічылі Петраўскаса.
У 1995—1997 гадах — намеснік Генеральнага пракурора Літоўскай Рэспублікі. У 1997—2000 гадах займаўся прыватнай адвакацкай практыкай.
Зноскі
↑Arturas Paulauskas // Munzinger Personen Праверана 9 кастрычніка 2017.