Ве́шанка звычайная (Pleurotus ostreatus) — шапкавы базідыяльны грыб роду Вешанка (Pleurotus) сямейства Радоўкавыя (Tricholomataceae).
Пладовае цела грыба — шапка на ножцы.
Шапка дыяметрам 3—17 см, пукатая або шырокалейкападобная, часта эксцэнтрычная, сухая; цёмна-бурая, потым папяліста-шэрая, жаўтаватая, амаль белая. Мякаць шчыльная, мяккая, белая, добра развітая. Пласцінкі разгалінаваныя, белыя, жаўцеюць. Край пласцінак няроўны. Ножка бакавая, цыліндрычная, суцэльная, белая, каля асновы злёгку валасістая; часам ножкі зусім няма.
Ядомы грыб. Расце на пнях і ствалах лісцевых парод асобнымі экзэмплярамі і групамі. На тэрыторыі Беларусі пладовыя целы з’яўляюцца ў чэрвені — верасні. Культывуецца.