Мары́я Гло́рыя Макапага́л-Аро́я (тагальск.: Maria Gloria Macapagal-Arroyo; нар. 5 красавіка 1947) — прэзідэнт Філіпін (2001—2010), віцэ-прэзідэнт Філіпін (1998—2001); першая ў гісторыі краіны жанчына, якая займала гэтыя пасады. Дачка былога прэзідэнта краіны Дыясдада Макапагала.
Ароя была абвешчана прэзідэнтам у 2001 годзе падчас г.зв. Другой народнай рэвалюцыі, у выніку якой быў звергнуты прэзідэнт Джозеф Эстрада, якога абвінавачвалі ў разгуле карупцыі ў краіне. У 2004 годзе Ароя атрымала перамогу на чарговых прэзідэнцкіх выбарах над акцёрам Фернанда По-малодшым. У 2005 годзе часопіс «Форбс» назваў яе чацвёртай па ўплывовасці жанчынай свету (пасля дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс, віцэ-прэм’ера КНР У І, прэм’ер-міністра Украіны Юліі Цімашэнка).
Нарадзілася ў прыгарадзе Манілы Сан-Хуане. Калі Ароя было 14 гадоў, яе бацька быў абраны прэзідэнтам. Вучылася ў Джорджтаўнскім універсітэце ў Вашынгтоне, у універсітэце Атэнэа і ў Філіпінскім універсітэце ў Маніле. Мае доктарскую ступень па эканоміцы. У 1977—1987 гадах выкладала ва ўніверсітэце Атэнэа і ў Філіпінскім універсітэце.
У 1987 годзе прэзідэнт Карасон Акіна запрасіла Ароя заняць пасаду памочніка сакратара Дэпартамента прамысловасці і гандлю. У 1989 годзе стала намеснікам сакратара. Займала пасаду выканаўчага дырэктара савета па экспарце тэкстылю і гатовага адзення.
У 1992 годзе была ўпершыню абрана ў сенат Філіпін, пераабрана ў 1995 годзе. Прымала актыўны ўдзел у працы парламента. Збіралася прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 1998 года, але прэзідэнт Фідэль Рамас пераканаў Ароя ўступіць у кіруючую партыю ЛАКАС і паўдзельнічаць у барацьбе за пасаду віцэ-прэзідэнта. У выніку Ароя была абрана віцэ-прэзідэнтам з двухразовай перавагай перад бліжэйшым пераследнікам, але кандыдат у прэзідэнты ад ЛАКАС саступіў папулярнаму акцёру Джозефу Эстрадзе.
Прэзідэнт Эстрада прызначыў Ароя кіраўніком Дэпартамента сацыяльнага развіцця, дзе яе асноўным заняткам стала назіранне за выкананнем урадавых праграм дапамогі бедным. У 2000 годзе Ароя пакінула гэту пасаду, каб дыстанцыявацца ад Эстрады, якога былыя палітычныя саюзнікі абвінавацілі ў карупцыі. Ароя адкрыта падтрымлівала тыя пласты філіпінскага грамадства, якія патрабавалі адстаўкі прэзідэнта.
20 студзеня 2001 Вярхоўны суд пазбавіў Эстраду паўнамоцтваў прэзідэнта. Армія і паліцыя адмовілі яму ў падтрымцы, і ў той жа дзень Ароя была абвешчана 14-м прэзідэнтам Філіпін. Пазней Эстрада паспрабаваў аспрэчыць законнасць ўступлення Ароя на пасаду, але Вярхоўны суд быў на баку Ароя. Міжнародная супольнасць таксама прызнала яе законным прэзідэнтам Філіпін.
На працягу свайго першага тэрміну Ароя прыйшлося змагацца з прыхільнікамі Эстрады, якія двойчы ладзілі буйныя акцыі непадпарадкавання ў Маніле, так што прэзідэнту даводзілася ўводзіць надзвычайнае становішча. Пазней на ўрад Ароя, а таксама на яе мужа пасыпаліся абвінавачванні ў карупцыі. Усё гэта прывяло да рэзкага падзення папулярнасці Ароя.
У 2002 годзе Ароя заявіла, што не будзе ўдзельнічаць у выбарах 2004 года, але пазней змяніла сваё рашэнне. Асноўным яе канкурэнтам на выбарах стаў вядомы акцёр і прыхільнік Эстрады Фернанда По-малодшы. Першапачаткова рэйтынг Ароя быў ніжэй, чым у По. Аднак Ароя падтрымала вельмі ўплывовая на Філіпінах Каталіцкая Царква; акрамя таго, папулярнасці ёй дадало рашэнне вывесці тагальскі ваенны кантынгент з Ірака. Акрамя таго, рэйтынг Ароя быў вельмі высокі ў густанаселеных правінцыях Себу і Пампанга. У выніку на выбарах 10 мая 2004 года яна перамагла з перавагай у мільён галасоў. Аднак шэраг сенатараў абвінавацілі Ароя ў выкарыстанні бюджэтных сродкаў для фінансавання сваёй кампаніі, а таксама ў змове з членамі Цэнтральнай выбарчай камісіі краіны, дзякуючы чаму Ароя нібыта і атрымала мільён галасоў, якога не хапала для перамогі. З патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта выступіла нават яе ранейшая саюзніца Карасон Акіна. Аднак Ароя адхіліла ўсе абвінавачванні. У верасні 2005 г. спроба групы сенатараў ініцыяваць імпічмент Ароя правалілася.
10 мая 2010 года адбыліся чарговыя прэзідэнцкія выбары[5]. Глорыя Макапагал-Ароя не прымала ў іх удзел у якасці кандыдата.
У тым жа годзе змяніла свайго сына Майкі на пасадзе члена Палаты прадстаўнікоў.