Звесткі ў артыкуле або некаторых яго раздзелах састарэлі |
Перу | |||
---|---|---|---|
Мянушкі |
La blanquirroja (Бела-чырвоныя) Incas (Інкі) |
||
Канфедэрацыя | КАНМЕБОЛ (Паўднёвая Амерыка) | ||
Федэрацыя | Федэрацыя перуанскага футбола | ||
Галоўны трэнер | Рыкарда Гарэка[1] | ||
Капітан | Паала Герэра | ||
Найбольшая колькасць гульняў | Раберта Паласіяс (128)[2] | ||
Найлепшы бамбардзір | Паала Герэра (38) | ||
Хатні стадыён | Нацыянальны | ||
Код ФІФА | PER | ||
|
|||
Рэйтынг ФІФА | |||
Дзеючы | 11 (7 чэрвеня 2018) | ||
Найвышэйшы | 10 (кастрычнік 2017) | ||
Найніжэйшы | 91 (верасень 2009) | ||
Рэйтынг Эла | |||
Дзеючы | 10 (12 чэрвеня 2018) | ||
Найвышэйшы | 10 (сакавік – чэрвень 2018) | ||
Найніжэйшы | 76 (2009) | ||
Першая гульня | |||
Перу 0:4 Уругвай (Ліма, Перу; 1 лістапада 1927) |
|||
Самая буйная перамога | |||
Перу 9:1 Эквадор (Багата, Калумбія; 11 жніўня 1938) |
|||
Самае буйное паражэнне | |||
Бразілія 7:0 Перу (Санта-Крус-дэ-ла-Сьера, Балівія; 26 чэрвеня 1997) |
|||
Чэмпіянат свету | |||
Колькасць удзелаў | 5 (Упершыню 1930) | ||
Найлепшы вынік |
Топ-8 (1970 – 1/4 фіналу, 1978 – Другі групавы раўнд) |
||
Кубак Амерыкі | |||
Колькасць удзелаў | 33 (Упершыню 1927) | ||
Найлепшы вынік | Чэмпіён (1939, 1975) | ||
Залаты кубак КАНКАКАФ | |||
Колькасць удзелаў | 1 (Упершыню 2000) | ||
Найлепшы вынік | Паўфінал (2000) | ||
Алімпійскія гульні | |||
Колькасць удзелаў | 1 (Упершыню 1936) | ||
Найлепшы вынік | 1/4 фіналу (1936) |
Зборная Перу па футболе прадстаўляе Перу на міжнародных спаборніцтвах па футболе з 1927 года. Каманда кантралюецца Федэрацыяй перуанскага футбола (ФПФ)[A], якая з’яўляецца адным з 10 членаў КАНМЕБОЛ (Паўднёваамерыканская футбольная канфедэрацыя) і ўваходзіць у ФІФА. На працягу гісторыі гульня перуанскай каманды была непаслядоўнай з найбольш паспяховымі перыядамі ў 1930-х і 1970-х гадах. Асноўную частку хатніх матчаў зборная гуляе на Нацыянальным стадыёне ў сталіцы краіны Ліме.
Нацыянальная зборная Перу двойчы перамагала на Кубках Амерыкі і чатыры разы праходзіла кваліфікацыю да чэмпіянатаў свету, а таксама гуляла на Алімпійскіх гульнях 1936 года. Каманда мае гістарычнае саперніцтва з Чылі і Эквадорам[3] і з’яўляецца добра вядомай сваімі белымі кашулямі з дыяганальнай чырвонай паласой, якія спалучаюць у сябе нацыянальныя колеры Перу. Гэтая канструкцыя формы выкарыстоўваецца камандай з 1936 года, у выніку чаго з’явілася агульнавядомая іспанская мянушка зборнай — «La blanquirroja» (бела-чырвоныя)[4].
Зборная Перу, важнымі гульцамі якой былі галкіпер Хуан Вальдыўеса і форварды Тэадора Фернандэс і Алехандра Вільянуэва, прымала ўдзел на першым чэмпіянаце свету ў 1930 годзе, пасля чаго перамагла на Баліварыянскіх гульнях у 1938 годзе і на чэмпіянаце Паўднёвай Амерыкі ў 1939 годзе. Паспяховы перыяд перуанскага футбола таксама адбыўся ў 1970-я гады і прынёс зборнай сусветнае прызнанне. Каманда, у складзе якой гуляла моцная пара форвардаў Уга Сатыль і Тэафіла Кубільяс, а таксама абаронца Эктар Чумпітас, тройчы кваліфікавалася на чэмпіянаты свету і перамагла на Кубку Амерыкі ў 1975 годзе.
Пасля ўдзелу ў фінальнай стадыі чэмпіянату свету ў 1982 годзе каманда не выйграла ніводнага буйнога спаборніцтва. У канцы 2008 года ФІФА адхіліла каманду ад удзелу ў міжнародных турнірах падчас расследавання аб карупцыі ў футбольнай федэрацыі краіны. Пад кіраўніцтвам аргенцінца Рыкарда Гарэкі зборная Перу заняла трэцяе месца ў Кубку Амерыкі 2015 года, дайшла да чвэрцьфіналу Кубка Амерыкі 2016 года, а таксама ўпершыню за 36 гадоў патрапіла ў фінальную стадыю чэмпіянату свету 2018 года.
Футбол з’явіўся ў Перу ў XIX стагоддзі, дзякуючы брытанскім імігрантам і перуанцам, якія прыязджалі з Англіі[5]. У 1859 годзе члены брытанскай суполкі Лімы, сталіцы краіны, заснавалі Крыкетны клуб Лімы, першую арганізацыю Перу, прысвечаную практыцы гульні ў крыкет, рэгбі і футбол[6][7]. Новыя віды спорту сталі папулярнымі сярод мясцовага вышэйшага класа на працягу наступных дзесяцігоддзяў, але раннія распрацоўкі былі спыненыя Салетравай вайной супраць Чылі, якая доўжылася з 1879 па 1883 годы. Пасля вайны футбол як сучасная інавацыя ахапіў прыбярэжнае таварыства Перу[8]. Гэты від спорту стаў папулярнай паўсядзённай дзейнасцю ў раёнах Лімы і падтрымліваўся босамі, якія хацелі натхніць салідарнасць і павышэнне прадукцыйнасці сярод сваіх работнікаў[9]. У суседнім порце Кальяа і іншых камерцыйных раёнах брытанскія рабочыя і маракі гулялі ў футбол супраць мясцовых жыхароў[10][B]. Такім чынам, узнікла саперніцтва паміж замежнікамі і мясцовымі жыхарамі ў Кальяа, а таксама паміж элітай і рабочымі ў Ліме. З часам гэта ператварылася ў супрацьстаянне паміж Кальяа і Лімай[5][12]. Гэтыя фактары, у спалучэнні з хуткім ростам футбола сярод гарадской беднаты раёна Ла Вікторыя ў Ліме (дзе ў 1901 годзе з’явіўся футбольны клуб «Альянса Ліма»), прывяло да таго, што ў Перу развіваўся, паводле гісторыка Андрэаса Кампамара, «самы элегантны і вытанчаны футбол на кантыненце»[13] і самая моцная футбольная культура ў раёне Андаў[14].
Перуанская футбольная ліга была створана ў 1912 годзе і праводзілася кожны год, пакуль не распалася ў 1921 годзе праз спрэчкі паміж клубамі-членамі[15]. У наступным годзе была створана Федэрацыя перуанскага футбола (ФПФ), а ў 1926 годзе яна рэарганізавала штогадовыя чэмпіянаты краіны[16]. ФПФ прыядналася да футбольнай канфедэрацыі Паўднёвай Амерыкі (КАНМЕБОЛ) у 1925 годзе і сфарміравала нацыянальную каманду ў 1927 годзе (затрымка была абумоўлена фінансавымі цяжкасцямі)[17]. У 1927 годзе зборная дэбютавала на чэмпіянаце Паўднёвай Амерыкі, які праходзіў на Нацыянальным стадыёне ў Ліме[10]. Першы матч у сваёй гісторыі нацыянальная каманда Перу прайграла Уругваю з лікам 0:4, а ў другім атрымала перамогу над Балівіяй з лікам 3:2[18]. Пасля гэтага Перу прымала ўдзел на першым чэмпіянаце свету па футболе ў 1930 годзе, але саступіла ў двух матчах групавога раўнда і пакінула спаборніцтва без перамог[19].
1930-я гады лічацца першай залатой эпохай перуанскага футбола[20]. На працягу гэтага дзесяцігоддзя перуанцы выязджалі за мяжу ў пошуках канкурэнцыі для далейшага развіцця іхняга футбола[13]. Адным з характэрных падарожжаў была паездка ў Еўропу ў 1933 і 1934 гадах сумешчанай ціхаакіянскай каманды (ісп.: «Combinado del Pacífico»), зборнай, у склад якой уваходзілі чылійскія і перуанскія футбалісты[C]. Пачынаючы з «Кіклісты Лімы» ў 1926 годзе перуанскія клубы таксама гастралявалі па Лацінскай Амерыцы, дасягаючы шматлікіх перамог[21][22]. Падчас аднаго з такіх тураў — непераможнай паездкі «Альянсы Лімы» ў Чылі ў 1935 годзе — групу гульцоў на чале з форвардамі Алехандра Вільянуэвам і Тэадора Фернандэсам і галкіперам Хуанам Вальдыўесам сталі называць «Чорны ролер» (ісп.: «Rodillo Negro»)[23]. Спартыўны гісторык Рычард Уітцыг апісаў гэтую тройку як «футбольны трыумвірат, неперасягнены ў свеце ў той час», спасылаючыся на іхняе спалучэнне інавацый і эфектыўнасці на абодвух канцах поля[20]. Перу і «Чорны ролер» атрымалі прызнанне гледачоў на Алімпійскіх гульнях 1936 года, выйгралі першыя Баліварыянскія гульні ў 1938 годзе і скончылі дзесяцігоддзе ў якасці чэмпіёнаў Паўднёвай Амерыкі[24][25].
Наступныя гады былі менш паспяховымі для каманды. Паводле сцвярджэння гісторыка Дэвіда Гольдблата, «нягледзячы на ўсе відавочныя перадумовы для росту і развіцця футбола, перуанскі футбол знік»[26]. Ён лічыць прычынай гэтага з’яўленне рэпрэсій перуанскай улады супраць «сацыяльных, спартыўных і палітычных арганізацый сярод гарадской і сельскай беднаты» на працягу 1940-х і 1950-х гадоў[26]. Тым не менш, зборная, у асноўным, задавальняльна выступала на чэмпіянатах Паўднёвай Амерыкі, два разы ўвайшоўшы ў тройку прызёраў, і амаль прабілася ў асноўную стадыю чэмпіянату свету 1958 года, у выніку саступіўшы ў двухматчавым супрацьстаянні будучым чэмпіёнам свету зборнай Бразіліі[27].
Кульмінацыяй серыі поспехаў каманды ў канцы 1960-х гадоў стаў удзел у асноўнай стадыі чэмпіянату свету 1970 года, які паклаў пачатак другой залатой эпосе перуанскага футбола[20][28]. Адным з ключавых фактараў поспехаў зборнай у 1970-х гадах лічыцца супрацоўніцтва пары форвардаў Тэафіла Кубільяса і Уга Сатыля[29]. Зборная Перу дайшла да чвэрцьфінальнай стадыі сусветнага першынства ў 1970 годзе, саступіўшы будучым чэмпіёнам бразільцам, і атрымала першы Трафей сумленнай гульні на чэмпіянатах свету[30][31]. Паводле спартыўнага гісторыка Рычарда Хэншоу каманда стала «сюрпрызам спаборніцтва 1970 года, паказаўшы пачуццё гульні і высокі ўзровень майстэрства»[27]. Праз пяць гадоў зборная Перу ў другі раз стала чэмпіёнам кантынента, перамогшы на Кубку Амерыкі ў 1975 годзе (менавіта ў тым годзе «чэмпіянат Паўднёвай Амерыкі» быў перайменаваны ў «Кубак Амерыкі»). Пасля гэтага каманда два разы запар праходзіла кваліфікацыю да чэмпіянатаў свету, дайшоўшы да другога раўнда ў 1978 годзе (у другі раз патрапіўшы ў топ-8 зборных свету) і вылецеўшы ў групавым раўндзе ў 1982 годзе без перамог. Раннім паражэннем у 1982 годзе скончыўся залаты перыяд перуанскага футбола[32]. Нягледзячы на гэта, зборная Перу амаль патрапіла на чэмпіянат свету 1986 года, заняўшы другое месца ў кваліфікацыйнай групе пасля будучых чэмпіёнаў свету аргенцінцаў[33].
Наступныя чаканні ад зборнай былі сканцэнтраваныя на маладым пакаленні гульцоў клуба «Альянса Ліма», вядомых у народзе як «Кольты» (ісп.: «Los Potrillos»). Сацыёлагі Альда Панфічы і Віктар Віч пісалі, што «Кольты» «сталі надзеяй усёй краіны», і фанаты чакалі ад іх кваліфікацыі на чэмпіянат свету 1990 года[34]. Пасля авіякатастрофы 8 снежня 1987 года, калі самалёт, на борце якога была большасць футбалістаў клуба «Альянса Ліма», упаў у Ціхі акіян, гульня нацыянальнай зборнай пайшла на спад. У катастрофе выжыў толькі пілот самалёта, а сярод загінулых былі галоўны трэнер зборнай Маркас Кальдэрон і некалькі гульцоў зборнай, у тым ліку брамнік Хасэ Гансалес Ганоса і Луіс Эскабар, якому многія прадказвалі вялікую будучыню ў якасці форварда[35]. Пасля гэтага каманда не набліжалася да траплення ў асноўную стадыю чэмпіянату свету да 1998 года, калі яна саступіла месца зборнай Чылі толькі па розніцы мячоў[33]. Гэтая ж зборная заняла трэцяе месца на Залатым кубку КАНКАКАФ 2000 года, дзе ўдзельнічала ў якасці запрошанай каманды[36].
Паводле гісторыка Чарльза Ф. Уокера, у XXI стагоддзі справы ў перуанскай камандзе і нацыянальнай лізе былі азмрочаныя недысцыплінаванасцю гульцоў[37]. Непрыемнасці ў ФПФ, у прыватнасці звязаныя з яе былым прэзідэнтам Мануэлем Бургам, паглыбілі крызіс футбола ў краіне[38][D]. Там не менш, у 2011 годзе зборная Перу заняла трэцяе месца на Кубку Амерыкі[40], а ў пачатку 2015 года бізнесмен Эдвін Аўеда замяніў Бургу на пасадзе прэзідэнта ФПФ[41]. У сакавіку 2015 года новым трэнерам зборнай быў прызначаны аргенцінец Рыкарда Гарэка[1], з якім каманда заняла трэцяе месца на Кубку Амерыкі 2015 года ў другі раз запар, а таксама дайшла да чвэрцьфіналу Кубку Амерыкі 2016 года і ўпершыню за 36 гадоў прайшла ў фінальную стадыю чэмпіянату свету 2018 года[42].
Нацыянальная зборная Перу гуляе ў чырвоных і белых колерах: нацыянальных колерах краіны[43]. Першы камплект такой формы з’явіўся ў 1936 годзе: белыя шорты, белыя гетры і белыя футболкі з характэрнай чырвонай паласой, якая перасякае пярэднюю частку футболкі ад левага пляча да правага сцягна і вяртаецца ззаду ад правага сцягна да левага пляча. Гэтая базавая схема футболкі была толькі трохі зменена на працягу многіх гадоў[4]. Гэтая форма лічыцца адной з самых прывабных у сусветным футболе. Крыстафер Тэрпін, выканаўчы прадзюсар шоў «Улічваючы ўсе абставіны» (англ.: «All Things Considered») Нацыянальнага грамадскага радыё, у 2010 годзе назваў форму зборнай Перу 1970 года «самай прыгожай футболкай прыгожай гульні», адзначыўшы, што яна «лічылася стылем рэтра нават у 1970 годзе»[44]. Версія формы 1978 года заняла першае месца ў спісе найлепшых формаў на чэмпіянатах свету ўсіх часоў па версіі ESPN у 2010 годзе, дзе яна апісвалася як «простая, але вельмі эфектыўная частка дызайну»[45].
Першы камплект зборнай, выраблены для чэмпіянату Паўднёвай Амерыкі 1927 года, уключала ў сябе бела-чырвоныя паласатыя футболкі, белыя шорты і чорныя гетры[46]. На чэмпіянаце свету 1930 года каманда вымушана была выкарыстоўваць альтэрнатыўны дызайн, бо Парагвай ужо зарэгістраваў камплект з бела-чырвонымі паласатымі футболкамі. Перуанцы выкарыстоўвалі белыя футболкі з чырвоным каўняром, белыя шорты і чорныя гетры[46]. На чэмпіянаце Паўднёвай Амерыкі 1935 года выкарыстоўваліся белыя футболкі з гарызантальнымі чырвонымі палосамі. У наступным годзе на Алімпіядзе каманда стала гуляць у футболках з дыяганальнымі палосамі, асновы дызайна якіх выкарыстоўваюцца да гэтага часу[4]. Па словах гісторыка Пулгара-Відаля Аталоры, ідэя дыяганальнай чырвонай паласы прыйшла са школьных футбольных матчаў, у якіх каляровыя стужкі, апранутыя праз плячо, дапамагалі адрозніваць гульцоў дзвюх каманд, якія былі апранутыя ў белыя футболкі[47].
Зборная Перу мела восем афіцыйных вытворцаў формы. Першы з іх, «Адыдас» (англ.: «Adidas»), пачаў вырабляць форму ў 1978 годзе, пасля чаго зборная мела кантракты з кампаніямі «Пенальці» (англ.: «Penalty») (1981—1982), зноў з «Адыдасам» (1983—1985), «Кальва Спартуэар» (англ.: «Calvo Sportwear») (1987), «Паўэр» (англ.: «Power») (1989—1991), «Дыядора» (англ.: «Diadora») (1991—1992), перуанскай кампаніяй «Полмер» (англ.: «Polmer») (1993—1995), «Умбра» (англ.: «Umbro») (1996—1997) і яшчэ адной перуанскай кампаніяй «Валон Спорт» (англ.: «Walon Sport») (1998—2010)[4]. З 2010 года афіцыйным вырабніком перуанскай формы зноў стала кампанія «Умбра»[48].
Традыцыйным домам перуанскага футбола з’яўляецца нацыянальны стадыён краіны, «Нацыянальны стадыён» (ісп.: Estadio Nacional) у Ліме, які ўмяшчае 45000 гледачоў[10]. Сучасны стадыён з’яўляецца трэцім увасабленнем «Нацыянальнага стадыёна», які стаў вынікам рамонтных прац пад кіраваннем Алана Гарсіі. Ён быў афіцыйна адкрыты 24 ліпеня 2011 года[49], праз 88 гадоў пасля таго, як стадыён быў першапачаткова адкрыты на тым жа месцы ў 1923 годзе[50].
Арыгінальны «Нацыянальны стадыён» з’яўляўся драўлянай структурай з умяшчальнасцю 6000 гледачоў, пабудаванай на ахвяраванні чальцоў брытанскай суполкі Лімы, каб адзначыць стагоддзе са дня незалежнасці Перу ад Іспаніі[50]. Пасля кампаніі па аднаўленню стадыёна на чале з Мігелем Дасенам, прэзідэнтам «Sociedad de Beneficencia de Lima»[51], ён быў перабудаваны з павелічэннем колькасці месцаў пад кіраўніцтвам генерала Мануэля Одрыі і адкрыты ў другі раз 27 кастрычніка 1952 года[52]. У апошні раз стадыён быў адноўлены ў 2011 годзе: паляпшэнні ўключалі ў сябе паляпшэнне гульнявога поля, шматколерную сістэму асвятлення, два гіганцкія святлодыёдныя экраны і 375 прыватных месцаў[53][54].
Адметнай асаблівасцю стадыёна з’яўляецца вежа «Мігель Дасен» на яго паўночным баку, якая была адрамантавана ў 2004 годзе[51]. З 2005 да 2011 года «Нацыянальны стадыён» быў адзіным нацыянальным стадыёнам у КАНМЕБОЛ са штучным газонам, які быў зроблены для чэмпіянату свету па футболе сярод гульцоў ва ўзросце да 17 гадоў 2005 года[55]. У гэты перыяд стадыён быў адным з чатырох перуанскіх стадыёнаў са статусам «FIFA Star II», самая высокая сертыфікацыя, якая прадастаўляецца штучным газонам[56]. Тым не менш, сінтэтычнае пакрыццё сустрэла шмат крытыкі з-за частых траўмаў футбалістаў, і натуральны газон быў адноўлены ў 2011 годзе падчас рэканструкцыі стадыёна[55].
Часам зборная Перу гуляе хатнія матчы на іншых палях. Па-за пустыннай берагавой вобласцю Лімы знаходзіцца стадыён «Інка Гарсіласа дэ ла Вега» ў горадзе Куска. Лічыцца, што ён забяспечвае стратэгічную перавагу перуанскай камандзе супраць некаторых праціўнікаў з-за атмасфернага ціску на вялікіх вышынях[57]. Яшчэ два альтэрнатыўныя стадыёны нацыянальнай каманды знаходзяцца ў сталіцы — «Алехандра Вільянуэва» і «Манументаль», які з’яўляецца стадыёнам клуба «Універсітарыа»[58][59]. Апошні раз зборная праводзіла матч на альтэрнатыўным стадыёне ў 2012 годзе супраць зборнай Чылі, калі яны гулялі на стадыёне «Хорхэ Басадрэ» ў горадзе Такна[60].
Футбол з’яўляецца самым папулярным відам спорту ў Перу з пачатку XX стагоддзя[61]. Першапачаткова распаўсюджаны выключна сярод англафільскай эліты і эмігрантаў Лімы[62], футбол стаў неад’емнай часткай шырокай народнай культуры ў 1900-х і 1910-х гадах. На працягу наступных дзесяцігоддзяў урад Аўгуста Легіі зрабіў футбол нацыянальнай забавай шляхам заахвочвання і развіцця[63]. Такім чынам, нацыянальнай зборная па футболе стала важным элементам нацыянальнай ідэнтычнасці Перу[64].
Перуанскія футбольныя фанаты вядомыя сваім адметным распевам «Наперад Перу!» (ісп.: ¡Arriba Perú!)[65], а таксама традыцыйнай перуанскай крэольскай музыкай (ісп.: música criolla), пры дапамозе якой заўзятары выказваюць падтрымку як нацыянальнай камандзе, так і перуанскім клубам. Крэольская музыка атрымала нацыянальнае і міжнароднае прызнанне з развіццём сродкаў масавай інфармацыі ў 1930-х гадах, стаўшы прызнаным сімвалам Перу і яго культуры[66]. Самымі папулярнымі гімнамі нацыянальнай зборнай з’яўляюцца «Перу Кампеён» (ісп.: Peru Campeón), перуанская полька, якая ўслаўляла трапленне зборнай у асноўную стадыю чэмпіянату свету 1970 года[66], і «Кантыга Перу» (ісп.: Contigo Perú), перуанскі вальс, які газета «Эль Камеркія» (ісп.: El Comercio) назвала «гімнам нацыянальных перуанскіх футбольных каманд»[67].
Катастрофа на «Нацыянальным стадыёне» 24 мая 1964 года з удзелам перуанскіх фанатаў лічыцца адной з самых страшных трагедый у гісторыі футбола[68]. Падчас адборачнага матча да Алімпійскіх гульняў 1964 года паміж зборнымі Перу і Аргенціны ва ўзросце да 20 гадоў уругвайскі арбітр Анхель Паяс адмяніў гол зборнай Перу на апошніх хвілінах матча. Пасля гэтага гледачы пачалі кідаць ракеты з трыбун, а двое фанатаў прабіліся на поле і напалі на суддзю. Паліцыя выпусціла слёзатачывы газ у натоўп, выклікаўшы сваімі дзеяннямі паніку, у выніку якой заўзятары былі прыціснуты да зачыненых варотаў стадыёна ў спробах уцячы. У агульнай колькасці 315 чалавек загінулі ў выніку хааса, а яшчэ каля 500 былі паранены[69].
Зборная Перу мае вядомыя супрацьстаянні супраць зборных суседніх краін Чылі і Эквадора. Перуанцы маюць станоўчы паказчык у матчах супраць Эквадора і адмоўны вынік у паядынках супраць Чылі[70][71]. Перу сутыкнулася з абодвума праціўнікамі на чэмпіянаце Паўднёвай Амерыкі 1939 года, калі перуанцы таксама ўпершыню гулялі супраць зборнай Эквадора ў афіцыйным турніры. Зборная Перу тады перамагла ў абодвух матчах[72]. Акрамя таго, перуанцы перамаглі абедзве каманды ў кваліфікацыі да чэмпіянату свету 1978 года, непасрэдна адхіліўшы іх ад удзелу ў асноўнай стадыі чэмпіянату[70][71].
Футбольнае супрацьстаянне зборных Чылі і Перу вядома як «Ціхаакіянскае дэрбі» (ісп.: Clásico del Pacífico)[3]. Паводле слоў рэдактара «CNN World Sport» Грэга Дзюка яно ўваходзіць у топ-10 футбольных супрацьстаянняў у свеце[73]. Упершыню каманды сутыкнуліся на чэмпіянаце Паўднёвай Амерыкі 1935 года, дзе перуанцы перамаглі з лікам 1:0[71]. Абедзве зборныя традыцыйна змагаліся адна з адной за ранг чацвёртай найлепшай каманды Паўднёвай Амерыкі (пасля Бразіліі, Аргенціны і Уругвая)[74]. Апроч таго, абедзве каманды сцвярджаюць, што вынайшлі ўдар «бісіклета» (удар праз сябе ў падзенні); перуанцы называюць яго «чалака», а чылійцы — «чылена»[75].
Саперніцтва паміж зборнымі Перу і Эквадора караніцца ў гістарычным памежным канфлікце XIX стагоддзя паміж краінамі. У 1995 годзе, пасля кароткай вайны Альта-Сенепа, КАНМЕБОЛ прадугледжвала магчымае змяненне групавога складу Кубка Амерыкі, каб прадухіліць сутыкненне дзвюх каманд, але ў канчатковым выніку гэта не спатрэбілася[76]. Паводле слоў спецыяліста па Лацінскай Амерыцы Майкла Хандэльсмана, эквадорскія фанаты лічаць паразы ад зборных Калумбіі і Перу «прычынай няздольнасці Эквадора зацвердзіцца ў якасці міжнароднай футбольнай сілы»[77]. Хандэльсман таксама дадае, што «гэтыя супрацьстаянні з’яўляюцца інтэнсіўнымі, і гульні заўсёды нясуць у сабе элементы нацыянальнага гонару і годнасці»[77].
У дакладзе, апублікаваным КАНМЕБОЛ у 2008 годзе, Перу апісвалася як зборная, якая традыцыйна праяўляе «элегантны, тэхнічны і выдатны футбольны стыль» і высока ацэньвалася як «адзін з самых вялікіх пастаўшчыкоў футбольных талентаў у Паўднёвай Амерыцы»[78]. Перуанскія футбалісты, адзначаныя ў дакладзе КАНМЕБОЛ як «сапраўдныя мастакі мяча», уключалі ў сябе форвардаў Тэафіла Кубільяса, Педра Пабла Леона і Угу Сатыля, абаронцу Эктара Чумпітаса і паўабаронцаў Раберта Чале, Сесара Куэту, Хасэ дэль Салара і Раберта Паласіяса[78].
Кубільяс, атакуючы паўабаронца і нападнік, вядомы як «Малыш» (ісп.: «El Nene»), шырока разглядаецца як найлепшы футбаліст Перу ўсіх часоў[79]. Чумпітас часта згадваецца як найлепшы абаронцы каманды. Вітцыг назваў яго сярод сваіх «найлепшых гульцоў сучаснай эпохі» і хваліў яго як «моцнага чытача гульні з выдатнымі навыкамі валодання мачом, які ўзначальваў абарону, каб падтрымаць атаку зборнай»[80]. У 1978 годзе аргенцінскі спартыўны часопіс «Эль Графіка» (ісп.: «El Gráfico») назваў Куэту, Кубільяса і Хасэ Веласкеса «найлепшай паўабаронай у свеце»[81].
Тэадора Фернандэс, Алехандра Вільянуэва і Хуан Вальдыўеса часта разглядаюцца ў якасці ключавых членаў каманды «Чорны ролер» 1930-х гадоў[82]. Фернандэс быў форвардам і асноўным бамбардзірам каманды, Вільянуэва — таленавітым плэймейкерам, а Вальдыўеса — брамнікам, які вылучаўся выключным атлетызмам і часта выратоўваў каманду падчас пенальці[83].
У 1972 годзе ў швейцарскім горадзе Базелі быў арганізаваны памятны матч на карысць бяздомных дзяцей паміж камандамі Еўропы і Паўднёвай Амерыкі. Перуанцы Кубільяс, які забіў першы гол у паядынку, Чумпітас, Сатыль і Хуліа Байлон гулялі ў складзе паўднёваамерыканскай зборнай, якая перамагла з лікам 2:0[84]. Аналагічны матч быў арганізаваны на стадыёне «Камп Ноу» ў Барселоне з заяўленай мэтай барацьбы з глабальнай беднасцю. Кубільяс, Чумпітас і Сатыль зноў гулялі за каманду Паўднёвай Амерыкі, а Чумпітас быў капітанам зборнай. Кожны з перуанцаў забіў па адным мячы, унёсшы ўклад у агульную нічыю з лікам 4:4, пасля якой каманда Паўднёвай Амерыкі перамагла па пенальці з лікам 7:6[85].
Наступныя 23 футбалісты былі выкліканыя на ўдзел у асноўнай стадыі чэмпіянату свету 2018 года[86].
Статыстыка прыведзена станам на 9 чэрвеня 2018 года пасля матча супраць Швецыі.
Наступныя футбалісты выклікаліся ў зборную цягам апошніх 12 месяцаў.
Статыстыка прыведзена станам на 15 чэрвеня 2018 года.
# | Футбаліст | Перыяд | ЗМ | ЗГ | Тытулы |
---|---|---|---|---|---|
1 | Раберта Паласіяс | 1992-2012 | 128 | 19 | |
2 | Эктар Чумпітас | 1965-1981 | 105 | 3 | |
3 | Хорхэ Сота | 1992-2005 | 101 | 9 | |
4 | Хуан Хасэ Хая | 1994-2008 | 97 | 1 | |
5 | Нальберта Салана | 1994-2009 | 95 | 20 | |
6 | Рубен Тарыбія Дыяс | 1972-1985 | 89 | 2 | |
7 | Паала Герэра | 2004-… | 87 | 34 | |
8 | Клаўдзіа Пісара | 1999-2016 | 85 | 20 | |
9 | Джэферсан Фарфан | 2004-… | 84 | 25 | |
9 | Хуан Рэйноса | 1986-2000 | 84 | 5 |
Статыстыка прыведзена станам на 15 чэрвеня 2018 года.
# | Футбаліст | Перыяд | ЗГ | ЗМ | ЗГ/ЗМ | Тытулы |
---|---|---|---|---|---|---|
1 | Паала Герэра | 2004-… | 34 | 87 | 0.40 | |
2 | Тэафіла Кубільяс | 1968-1982 | 26 | 81 | 0.32 | |
3 | Джэферсан Фарфан | 2004-… | 25 | 83 | 0.31 | |
4 | Тэадора Фернандэс | 1935-1947 | 24 | 32 | 0.75 | |
5 | Клаўдзіа Пісара | 1999-2016 | 20 | 85 | 0.24 | |
6 | Нальберта Салана | 1994-2009 | 20 | 95 | 0.21 | |
7 | Раберта Паласіяс | 1992-2012 | 19 | 128 | 0.14 | |
8 | Уга Сатыль | 1970-1978 | 18 | 62 | 0.29 | |
9 | Асвальда Рамірэс | 1969-1982 | 17 | 57 | 0.29 | |
10 | Франка Навара | 1980-1989 | 16 | 56 | 0.28 |
У агульнай колькасці 59 галоўных трэнераў, з якіх 36 былі перуанцамі і 23 — замежнікамі, кіравалі зборнай Перу з 1927 года[87]. Спартыўныя аналітыкі і гісторыкі лічаць найбольш паспяховымі трэнерамі зборнай Перу англічаніна Джэка Грынвела і перуанца Маркаса Кальдэрона. З першым зборная перамагла на Баліварыянскіх гульнях 1938 года і на чэмпіянаце Паўднёвай Амерыкі 1939 года, а другі прывёў каманду да перамогі на Кубку Амерыкі 1975 года і кіраваў ёй на чэмпіянаце свету 1978 года[88][89]. Трыма іншымі трэнерамі, якія прыводзілі зборную да турнірных перамог, былі Хуан Карлас Аблітас, Фрэдзі Тэрнера і Серхіа Маракан, з якімі перуанцы перамаглі на Кубках Кірына ў Японіі ў 1999, 2005 і 2011 гадах адпаведна[90].
Першымі двума галоўнымі трэнерамі зборнай Перу былі ўругвайцы Педра Аліўеры, які быў наняты ў зборную Перу для ўдзелу ў чэмпіянаце Паўднёвай Амерыкі 1927 года дзякуючы яго досведу ў якасці кіраўніка зборнай Уругвая, і Хуліа Барэлі, які некалькі гадоў працаваў арбітрам у Перу да таго, як стаў трэнерам каманды на чэмпіянаце Паўднёвай Амерыкі 1929 года[91]. Трэцім галоўным трэнерам каманды быў іспанец Франсіска Бру (былы гулец футбольнага клуба «Барселона» і першы трэнер зборнай Іспаніі), які кіраваў перуанскай камандаў на чэмпіянаце свету 1930 года[88]. Першым перуанскім трэнерам зборнай быў чацвёрты трэнер каманды Тэльма Карбаха[87]. Цяперашнім галоўным трэнерам з’яўляецца аргецінец Рыкарда Гарэка[1].
Паводле гісторыка Андрэаса Кампамара галоўнымі галоўнымі трэнерамі, якія прынеслі змены ў стыль гульні нацыянальнай зборнай Перу, былі венгерскі трэнер Дзьёрдзь Орт і бразілец Валдыр Перэйра. Орт трэніраваў зборную з 1957 па 1959 гады, і Кампамар лічыць перамогу зборнай Перу над Англіяй у Ліме з лікам 4:1 доказам станоўчага ўплыву Орта на гульню нацыянальнай зборнай[92]. Перэйра трэніраваў перуанскую каманду з 1968 па 1970 гады, у тым ліку падчас чэмпіянату свету 1970 года. Кампамар лічыць тактыку Перэйры прычынай развіцця ў гульні зборнай Перу стылю «free-flowing football»[92]. Бразільскі спартыўны часопіс «Плакар» (парт.: Placar) пісаў пра бразільскага трэнера Эльбу ды Падую, які працаваў з камандай на чэмпіянаце свету 1982 года[93], што той стварыў з перуанскай зборнай «каманду, якая гуляе прыгожа, спалучаючы эфектыўнасць з той развязнасцю, якая, як думалі людзі, існавала толькі ў Бразіліі»[94].
Зборная Перу ўдзельнічала на першым чэмпіянаце свету ў 1930 годзе па запрашэнні, пасля чаго гуляла ў кваліфікацыі да кожнага спаборніцтва з 1958 года. Чатыры разы прайшоўшы кваліфікацыю (у 1970, 1974, 1982 і 2018 гадах), каманда прымала ўдзел у пяці асноўных стадыях сусветнага першынства. Двойчы перуанцы траплялі ў топ-8 каманд чэмпіянату, выйшаўшы ў чвэрцьфінал чэмпіянату свету 1970 і ў другі групавы раўнд чэмпіянату свету 1978. Агульны вынік зборнай у кваліфікацыях пасля чэмпіянату свету 2018 года складае 43 перамогі, 37 нічыіх і 69 параз. У фінальных стадыях перуанцы выйгралі 5 матчаў, 3 — згулялі ўнічыю і 10 — прайгралі, забіўшы 21 гол і прапусціўшы 33[18]. Луіс дэ Соўза Ферэйра забіў першы гол зборнай Перу на чэмпіянатах свету 14 ліпеня 1930 года ў матчы супраць Румыніі[95]. Джэферсан Фарфан з’яўляецца найлепшым бамбардзірам зборнай Перу і сёмым бамбардзірам у кваліфікацыях КАНМЕБОЛ з 15 галамі[96]. Тэафіла Кубільяс з’яўляецца найлепшым бамбардзірам каманды ў фінальных стадыях чэмпіянатаў свету, забіўшы 10 мячоў у 13 паядынках[93].
Падчас чэмпіянату 1930 года перуанец стаў першым футбалістам, выдаленым з поля на сусветных чэмпіянатах, аднак яго асоба аспрэчваецца паміж крыніцамі[E]. Рамон Кірога з Перу з’яўляецца адзіным брамнікам у гісторыі чэмпіянатаў свету, які парушыў правілы на чужой палове поля[99]. На чэмпіянаце свету 1970 года зборная Перу выйграла першы Трафей сумленнай гульні, стаўшы адзінай камандай, якая не атрымала жоўтых ці чырвоных картак падчас спаборніцтваў[30].
Чэмпіянат свету | Найлепшы бамбардзір (галы) | Галоўны трэнер | Кваліфікацыя | |||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Год | Стадыя | М | ЗМ | В | Н | П | ЗГ | ПГ | ЗМ | В | Н | П | ЗГ | ПГ | ||||
1930 | Групавы раўнд (топ-13) | 10-е / 13 | 2 | 0 | 0 | 2 | 1 | 4 | Луіс дэ Соўза Ферэйра (1) | Франсіска Бру | Запрошаная каманда | |||||||
1934 | Знялася | |||||||||||||||||
1938 | Не прымала ўдзел | |||||||||||||||||
1950 | Знялася | |||||||||||||||||
1954 | Знялася | |||||||||||||||||
1958 | Не прайшла кваліфікацыю | 2 | 0 | 1 | 1 | 1 | 2 | |||||||||||
1962 | Не прайшла кваліфікацыю | 2 | 0 | 1 | 1 | 1 | 2 | |||||||||||
1966 | Не прайшла кваліфікацыю | 4 | 2 | 0 | 2 | 8 | 6 | |||||||||||
1970 | Чвэрцьфінал | 6-е / 16 | 4 | 2 | 0 | 2 | 9 | 9 | Тэафіла Кубільяс (5) | Дыды | 4 | 2 | 1 | 1 | 7 | 4 | ||
1974 | Не прайшла кваліфікацыю | 3 | 1 | 0 | 2 | 3 | 4 | |||||||||||
1978 | Групавы раўнд 2 (топ-8) | 8-е / 16 | 6 | 2 | 1 | 3 | 7 | 12 | Тэафіла Кубільяс (5) | Маркас Кальдэрон | 6 | 3 | 2 | 1 | 13 | 3 | ||
1982 | Групавы раўнд (топ-24) | 20-е / 24 | 3 | 0 | 2 | 1 | 2 | 6 |
2 гульцы (1):
|
Тым | 4 | 2 | 2 | 0 | 5 | 2 | ||
1986 | Не прайшла кваліфікацыю | 8 | 3 | 2 | 3 | 10 | 9 | |||||||||||
1990 | Не прайшла кваліфікацыю | 4 | 0 | 0 | 4 | 2 | 8 | |||||||||||
1994 | Не прайшла кваліфікацыю | 6 | 0 | 1 | 5 | 4 | 12 | |||||||||||
1998 | Не прайшла кваліфікацыю | 16 | 7 | 4 | 5 | 19 | 20 | |||||||||||
2002 | Не прайшла кваліфікацыю | 18 | 4 | 4 | 10 | 14 | 25 | |||||||||||
2006 | Не прайшла кваліфікацыю | 18 | 4 | 6 | 8 | 20 | 28 | |||||||||||
2010 | Не прайшла кваліфікацыю | 18 | 3 | 4 | 11 | 11 | 34 | |||||||||||
2014 | Не прайшла кваліфікацыю | 16 | 4 | 3 | 9 | 17 | 26 | |||||||||||
2018 | Групавы раўнд (топ-32) | 20-е / 32 | 3 | 1 | 0 | 2 | 2 | 2 |
2 гульцы (1):
|
Рыкарда Гарэка | 20 | 8 | 6 | 6 | 29 | 26 | ||
2022 | ||||||||||||||||||
2026 | ||||||||||||||||||
Усяго | Топ-8 (2) | 5/21 | 18 | 5 | 3 | 10 | 21 | 33 | Тэафіла Кубільяс (10) | 149 | 43 | 37 | 69 | 164 | 211 |
Зборная Перу гуляла ў 31 розыгрышы Кубку Амерыкі з 1927 года, двойчы перамогшы на турнірах (у 1939 і 1975 гадах). Шэсць разоў спаборніцтва праходзіла ў Перу (у 1927, 1935, 1939, 1953, 1957 і 2004 гадах). Агульны вынік зборнай на Кубках Амерыкі складае 54 перамогі, 35 нічыіх і 59 параз[18]. У 2015 годзе каманда выйграла Трафей сумленнай гульні чэмпіянату[100]. Дэметрыа Нейра забіў першы гол зборнай Перу на Кубках Амерыкі 13 лістапада 1927 года ў матчы супраць Балівіі[46]. На трох спаборніцтвах перуанскія футбалісты станавіліся найлепшымі бамбардзірамі — Тэадора Фернандэс у 1939 годзе і Паала Герэра ў 2011 і 2015 гадах[101]. Фернандэс, які з’яўляецца трэцім бамбардзірам па выніках усіх Кубкаў Амерыкі, быў названы найлепшым гульцом спаборніцтва ў 1939 годзе, а Тэафіла Кубільяс стаў найлепшым гульцом Кубка Амерыкі 1975 года[102].
Перуанцы выйгралі свой першы кантынентальны тытул у 1939 годзе, калі яны перамаглі на чэмпіянаце Паўднёвай Амерыкі, дзякуючы паслядоўным перамогам над зборнымі Эквадора, Чылі, Парагвая і Уругвая. Гэта быў першы раз, калі спаборніцтва выйграла іншая каманда, акрамя Уругвая, Бразіліі або Аргенціны[103]. У другі раз футбалісты зборнай Перу сталі паўднёваамерыканскімі чэмпіёнамі ў 1975 годзе, перамогшы на першым Кубку Амерыкі, у якім удзельнічалі ўсе 10 членаў КАНМЕБОЛ[104]. Каманда заняла першае месца ў сваёй групе, перамогшы чылійцаў і балівійцаў, а ў паўфінале згуляла ўнічыю з Бразіліяй па суме двух матчаў (выйграўшы з лікам 3:1 у Бразіліі, але прайграўшы з лікам 0:2 у Перу), пасля чаго зборная Перу была абвешчана пераможцам па выніках лёсавання. У двухматчавым фінале паміж зборнымі Перу і Калумбіі абедзве каманды выйгралі свае хатнія паядынкі (Калумбія перамагла з лікам 1:0 у Багаце, а перуанцы — 2:0 у Ліме), пасля чаго перуанскай каманда перамагла ў вырашальным паядынку ў Каракасе з лікам 1:0[105].
Год | Стадыя | М | ЗМ | В | Н | П | ЗГ | ПГ | Найлепшы бамбардзір (галы) | Галоўны трэнер | |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Чэмпіянат Паўднёвай Амерыкі | |||||||||||
1916 | Не з’яўлялася членам КАНМЕБОЛ | ||||||||||
1917 | Не з’яўлялася членам КАНМЕБОЛ | ||||||||||
1919 | Не з’яўлялася членам КАНМЕБОЛ | ||||||||||
1920 | Не з’яўлялася членам КАНМЕБОЛ | ||||||||||
1921 | Не з’яўлялася членам КАНМЕБОЛ | ||||||||||
1922 | Не з’яўлялася членам КАНМЕБОЛ | ||||||||||
1923 | Не з’яўлялася членам КАНМЕБОЛ | ||||||||||
1924 | Не з’яўлялася членам КАНМЕБОЛ | ||||||||||
1925 | Не прымала ўдзел | ||||||||||
1926 | Не прымала ўдзел | ||||||||||
1927 | Фінальны раўнд (топ-4) | 3-е / 4 | 3 | 1 | 0 | 2 | 4 | 11 |
4 гульцы (1):
|
Педра Аліўеры | |
1929 | Фінальны раўнд (топ-4) | 4-е / 4 | 3 | 0 | 0 | 3 | 1 | 12 | Аўгусцін Лізарбэ (1) | Хуліа Барэльі | |
1935 | Фінальны раўнд (топ-4) | 3-е / 4 | 3 | 1 | 0 | 2 | 2 | 5 |
2 гульцы (1):
|
Тэльма Карбаха | |
1937 | Фінальны раўнд (топ-6) | 6-е / 6 | 5 | 1 | 1 | 3 | 7 | 10 |
2 гульцы (2):
|
Альберта Дэнегры | |
1939 | Фінальны раўнд (топ-5) | 1-е / 5 | 4 | 4 | 0 | 0 | 13 | 4 | Тэадора Фернандэс (7) | Джэк Грынвел | |
1941 | Фінальны раўнд (топ-5) | 4-е / 5 | 4 | 1 | 0 | 3 | 5 | 5 | Тэадора Фернандэс (3) | Дамінга Арыльяга | |
1942 | Фінальны раўнд (топ-7) | 5-е / 7 | 6 | 1 | 2 | 3 | 5 | 10 | Тэадора Фернандэс (2) | Анхель Фернандэс | |
1945 | Знялася | ||||||||||
1946 | Знялася | ||||||||||
1947 | Фінальны раўнд (топ-8) | 5-е / 8 | 7 | 2 | 2 | 3 | 12 | 9 |
2 гульцы (3):
|
Хасэ Арана | |
1949 | Фінальны раўнд (топ-8) | 3-е / 8 | 7 | 5 | 0 | 2 | 20 | 13 | Фелікс Кастылья (4) | Артура Фернандэс | |
1953 | Фінальны раўнд (топ-7) | 5-е / 7 | 5 | 2 | 2 | 1 | 13 | 11 | Оскар Гомес Санчэс (6) | Хуан Вальдыўеса | |
1955 | Фінальны раўнд (топ-6) | 3-е / 6 | 6 | 3 | 1 | 2 | 4 | 6 | Оскар Гомес Санчэс (2) | Анхель Фернандэс | |
1956 | Фінальны раўнд (топ-6) | 6-е / 6 | 5 | 0 | 1 | 4 | 6 | 11 | Раберта Драга (2) | Артура Фернандэс | |
1957 | Фінальны раўнд (топ-4) | 4-е / 7 | 6 | 4 | 0 | 2 | 12 | 9 | Альберта Тэры (5) | Дзьёрдзь Орт | |
1959 | Фінальны раўнд (топ-4) | 4-е / 7 | 6 | 1 | 3 | 2 | 10 | 11 | Мігель Анхель Лаайза (5) | Дзьёрдзь Орт | |
1959 | Знялася | ||||||||||
1963 | Фінальны раўнд (топ-7) | 5-е / 7 | 6 | 2 | 1 | 3 | 8 | 11 | Альберта Гальярда (4) | Хуан Вальдыўеса | |
1967 | Знялася | ||||||||||
Усяго | Перамога (1) | 15/21 | 76 | 28 | 13 | 35 | 122 | 138 | |||
Кубак Амерыкі | |||||||||||
1975 | Фінал | 1-е / 10 | 9 | 6 | 1 | 2 | 14 | 7 |
2 гульцы (3):
|
Маркас Кальдэрон | |
1979 | Паўфінал | 4-е / 10 | 2 | 0 | 1 | 1 | 1 | 2 | Раберта Маскера (1) | Хасэ Чыярэлья | |
1983 | Паўфінал | 3-е / 10 | 6 | 2 | 3 | 1 | 7 | 6 | Эдуарда Маласкес (3) | Хуан Хасэ Тан | |
1987 | Групавы раўнд (топ-10) | 6-е / 10 | 2 | 0 | 2 | 0 | 2 | 2 |
2 гульцы (1):
|
Фернанда Куэльяр | |
1989 | Групавы раўнд (топ-10) | 8-е / 10 | 4 | 0 | 3 | 1 | 4 | 7 | Хорхэ Ірана (2) | Пепэ | |
1991 | Групавы раўнд (топ-10) | 8-е / 10 | 4 | 1 | 0 | 3 | 9 | 9 |
2 гульцы (2):
|
Мігель Кампані | |
1993 | Чвэрцьфінал | 7-е / 12 | 4 | 1 | 2 | 1 | 4 | 5 | Хасэ дэль Салар (3) | Уладыка Попавіч | |
1995 | Групавы раўнд (топ-12) | 10-е / 12 | 3 | 0 | 1 | 2 | 2 | 2 |
2 гульцы (2):
|
Мігель Кампані | |
1997 | Паўфінал | 4-е / 12 | 6 | 3 | 0 | 3 | 5 | 11 |
2 гульцы (2):
|
Фрэдзі Тэрнера | |
1999 | Чвэрцьфінал | 6-е / 12 | 4 | 2 | 1 | 1 | 7 | 6 | Раберта Ольсен (2) | Хуан Карлас Аблітас | |
2001 | Чвэрцьфінал | 8-е / 12 | 4 | 1 | 1 | 2 | 4 | 8 |
4 гульцы (1):
|
Хуліа Сезар Урыбэ | |
2004 | Чвэрцьфінал | 7-е / 12 | 4 | 1 | 2 | 1 | 7 | 6 | Нальберта Салана (2) | Паўлу Аўтуоры | |
2007 | Чвэрцьфінал | 7-е / 12 | 4 | 1 | 1 | 2 | 5 | 8 | Клаўдзіа Пісара (2) | Хуліа Сезар Урыбэ | |
2011 | Паўфінал | 3-е / 12 | 6 | 3 | 1 | 2 | 8 | 5 | Паала Герэра (5) | Серхіа Маркарыян | |
2015 | Паўфінал | 3-е / 12 | 6 | 3 | 1 | 2 | 8 | 5 | Паала Герэра (4) | Рыкарда Гарэка | |
2016 | Чвэрцьфінал | 5-е / 16 | 4 | 2 | 2 | 0 | 4 | 2 |
4 гульцы (1):
|
Рыкарда Гарэка | |
2019 | Фінал | 2-е / 12 | 6 | 3 | 1 | 2 | 10 | 11 | Паала Герэра (3) | Рыкарда Гарэка | |
2021 | Паўфінал | 4-е / 10 | 7 | 2 | 2 | 3 | 10 | 14 | Джанлука Лападула (3) | Рыкарда Гарэка | |
2024 | |||||||||||
Усяго | Перамога (1) | 18/18 | 85 | 31 | 25 | 29 | 111 | 116 |
Дарослая футбольная каманда Перу ўдзельнічала на Алімпійскіх гульнях толькі аднойчы ў 1936 годзе на гульнях у Берліне. Каманда 1936 года была апісана гісторыкам Дэвідам Гольдблатам як «каштоўны камень першай алімпійскай дэлегацыі краіны»[106]. Перуанцы здабылі дзве перамогі, забіўшы 11 мячоў у двух матчах і прапусціўшы 5[18]. Тэадора Фернандэс забіў першы гол зборнай Перу на Алімпійскіх гульнях 6 жніўня 1936 года ў матчы супраць Фінляндыі і скончыў турнір у якасці найлепшага бамбардзіра каманды з шасцю галамі ў двух паядынках[107].
Чэмпіянат Паўднёвай Амерыкі 1935 года ў Ліме выступаў у якасці адборачнага турніру да Алімпійскіх гульняў 1936 года. Уругвай перамог на тым чэмпіянаце, а Аргенціна заняла другое месца, аднак не прыняла запрашэнне на Алімпійскія гульні з-за эканамічных праблем, у выніку чаго зборная Перу, якая скончыла чэмпіянат на трэцім месцы, адправілася прадстаўляць Паўднёвую Амерыку[20][108]. У першым матчы перуанцы перамаглі Фінляндыю з лікам 7:3[107], пасля чаго ў чвэрцьфінале сутыкнуліся са зборнай Аўстрыі, якая была вядомая як «Вундэртым» («Цуда-каманда») і трэнерам якой быў Джымі Хоган[F]. Асноўны час гульні скончыўся пры ліку 2:2, аднак перуанцы забілі два мячы ў дадатковым тайме і скончылі паядынак з лікам 4:2 на сваю карысць[112]. Каманда павінна была гуляць супраць зборнай Польшчы ў паўфінальным матчы, аднак падзеі за межамі поля прывялі да зняцця перуанскай дэлегацыі з гульняў да матча супраць палякаў[G].
У 1960 годзе на алімпійскім турніры ў Рыме ўдзельнічала зборная Перу ва ўзросце да 23 гадоў. Яна саступіла два матчы ў групавым раўндзе, выйграўшы толькі адзін, і заняла трэцяе месца ў групе, не выйшаўшы ў плэй-оф[115].
Нацыянальная зборная Перу згуляла 600 матчаў з 1927 года, уключаючы таварыскія[18]. Самай буйной перамогай каманды была перамога над зборнай Эквадора з лікам 9:1 на Баліварыянскіх гульнях 1938 года. Самай буйной паразай стаў паядынак супраць зборнай Бразіліі на Кубку Амерыкі 1997 года, дзе перуанцы саступілі з лікам 0:7[18].
У 1993 годзе ў Ліме зборная Перу правяла адзіны таварыскі матч супраць зборнай Беларусі: каманды згулялі ўнічыю з лікам 1:1.
Статыстыка прыведзена станам на 15 чэрвеня 2018 года.
Апаненты | ЗМ | В | Н | П | ЗГ | ПГ | РГ |
---|---|---|---|---|---|---|---|
ААЭ | 1 | 0 | 1 | 0 | 0 | 0 | 0 |
Алжыр | 1 | 0 | 1 | 0 | 1 | 1 | 0 |
Англія | 3 | 1 | 0 | 2 | 4 | 8 | -4 |
Аргенціна | 51 | 5 | 14 | 32 | 45 | 102 | -57 |
Арменія | 1 | 1 | 0 | 0 | 4 | 0 | 4 |
Аўстрыя | 1 | 1 | 0 | 0 | 4 | 2 | 2 |
Балгарыя | 5 | 2 | 1 | 2 | 11 | 11 | 0 |
Балівія | 47 | 22 | 12 | 13 | 73 | 45 | 28 |
Беларусь | 1 | 0 | 1 | 0 | 1 | 1 | 0 |
Бельгія | 1 | 0 | 1 | 0 | 1 | 1 | 0 |
Бразілія | 43 | 4 | 9 | 30 | 29 | 90 | -61 |
Венгрыя | 2 | 2 | 0 | 0 | 5 | 3 | 2 |
Венесуэла | 33 | 20 | 5 | 8 | 60 | 39 | 21 |
Гаіці | 5 | 3 | 2 | 0 | 11 | 5 | 6 |
Гандурас | 8 | 2 | 4 | 2 | 10 | 10 | 0 |
Гватэмала | 4 | 3 | 1 | 0 | 8 | 2 | 6 |
Германія | 1 | 0 | 0 | 1 | 1 | 3 | -2 |
Данія | 1 | 0 | 0 | 1 | 1 | 2 | -1 |
ЗША | 6 | 2 | 1 | 3 | 6 | 7 | -1 |
Індыя | 1 | 1 | 0 | 0 | 1 | 0 | 1 |
Ірак | 1 | 1 | 0 | 0 | 2 | 0 | 2 |
Іран | 1 | 1 | 0 | 0 | 4 | 1 | 3 |
Ісландыя | 1 | 1 | 0 | 0 | 3 | 1 | 2 |
Іспанія | 3 | 0 | 0 | 3 | 3 | 7 | -4 |
Італія | 1 | 0 | 1 | 0 | 1 | 1 | 0 |
Калумбія | 54 | 15 | 22 | 17 | 60 | 60 | 0 |
Камерун | 1 | 0 | 1 | 0 | 0 | 0 | 0 |
Канада | 1 | 1 | 0 | 0 | 2 | 0 | 2 |
Катар | 1 | 1 | 0 | 0 | 2 | 0 | 2 |
Кітай | 2 | 1 | 0 | 1 | 3 | 4 | -1 |
Коста-Рыка | 6 | 4 | 1 | 1 | 12 | 6 | 6 |
Марока | 1 | 1 | 0 | 0 | 3 | 0 | 3 |
Мексіка | 28 | 9 | 8 | 11 | 32 | 37 | -5 |
Нігерыя | 1 | 1 | 0 | 0 | 1 | 0 | 1 |
Нідэрланды | 3 | 0 | 1 | 2 | 0 | 5 | -5 |
Новая Зеландыя | 2 | 1 | 1 | 0 | 2 | 0 | 2 |
Панама | 8 | 6 | 0 | 2 | 19 | 6 | 13 |
Парагвай | 51 | 16 | 12 | 23 | 58 | 72 | -14 |
Паўднёвая Карэя | 1 | 0 | 1 | 0 | 0 | 0 | 0 |
Польшча | 3 | 0 | 0 | 3 | 2 | 9 | -7 |
Румынія | 5 | 1 | 2 | 2 | 6 | 8 | -2 |
Сальвадор | 4 | 3 | 0 | 1 | 10 | 3 | 7 |
Саудаўская Аравія | 1 | 1 | 0 | 0 | 3 | 0 | 3 |
Славакія | 2 | 2 | 0 | 0 | 3 | 1 | 2 |
СССР | 3 | 0 | 1 | 2 | 0 | 4 | -4 |
Трынідад і Табага | 5 | 3 | 1 | 1 | 11 | 3 | 8 |
Туніс | 1 | 0 | 1 | 0 | 1 | 1 | 0 |
Уругвай | 64 | 15 | 13 | 36 | 58 | 107 | -49 |
Фінляндыя | 1 | 1 | 0 | 0 | 7 | 3 | 4 |
Францыя | 1 | 1 | 0 | 0 | 1 | 0 | 1 |
Харватыя | 1 | 1 | 0 | 0 | 2 | 0 | 2 |
Чылі | 79 | 21 | 14 | 44 | 101 | 130 | -29 |
Чэхаславакія / Чэхія | 4 | 1 | 1 | 2 | 3 | 6 | -3 |
Шатландыя | 4 | 2 | 1 | 1 | 6 | 4 | 2 |
Швейцарыя | 1 | 0 | 0 | 1 | 0 | 2 | -2 |
Швецыя | 1 | 0 | 1 | 0 | 0 | 0 | 0 |
Эквадор | 47 | 20 | 13 | 14 | 76 | 61 | 15 |
Югаславія | 1 | 0 | 0 | 1 | 1 | 2 | -1 |
Ямайка | 3 | 2 | 1 | 0 | 6 | 3 | 3 |
Японія | 7 | 3 | 3 | 1 | 5 | 4 | 1 |
Увогуле | 621 | 205 | 153 | 263 | 785 | 883 | -98 |
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |