Кадаанская культура Бронзавы век | ||||
---|---|---|---|---|
![]() | ||||
У складзе | Місісіпская археалагічная культура | |||
Геаграфічны рэгіён | Паўночная Амерыка | |||
Лакалізацыя | ЗША | |||
Датаванне | 9 стагоддзе — першая палова 19 стагоддзя | |||
Носьбіты | індзейцы | |||
Тып гаспадаркі | земляробства | |||
![]() |
||||
Пераемнасць | ||||
|
Кадаа́нская культура (англ.: Caddoan culture) — археалагічная культура на поўдні ЗША. Сфарміравалася да 800 г. як частка буйной Місісіпскай культуры. Праіснавала да сярэдзіны XIX ст.
Кадаанскую культуру атаясняюць з народамі кадаанскай сям’і моў. У сваю чаргу, яны з’яўляюцца аўтахтонамі паўночна-ўсходняга Тэхаса, дзе іх прысутнасць прасочваецца з II ст. н. э.
Лічыцца, што носьбіты кадаанскай культуры паходзілі ад прадстаўнікоў больш старажытнай лясной. Дзякуючы гандлёвым кантактам у сярэдзіне 1 тысячагоддзя н. э. яны асвоілі выраб керамікі, карыстанне лукам і стрэламі. Каля 780 г. пачалі вырошчваць кукурузу. Пераход да земляробства спрыяў рэзкаму павелічэнню насельніцтва, з’яўленню буйных паселішч, якія маглі з’яўляцца рытуальнымі цэнтрамі. Аднак у перыяд фарміравання і ранні перыяд спажыванне кукурузы мела другаснае значэнне ў параўнанні з прадуктамі збіральніцтва, рыбалоўства і палявання. Асноўнай ежай яна стала толькі пасля 1200 г., што адлюстравалася ў распаўсюджванні карыесу з-за павелічэння вугляводаў у дыеце.
Кадаанцы з’яўляліся насельнікамі заходняй перыферыі Місісіпскай культуры, пра што сведчаць знаходкі, характэрныя для астатніх місісіпцаў: узоры тканін, плеценых вырабаў, каменных статуэтак, медзі, ракавін і г. д. Разам з гэтым, у кадаанцаў мелася асаблівасць — адсутнасць значных умацаванняў вакол вёсак. Росквіт кадаанскай культуры адбыўся каля 1400 г. Да гэтага часу склалася іерархічнае грамадства, кадаанцы асвоілі суседнія землі (пераважна даліны рэк) Арканзаса, Аклахомы і Луізіяны. Мяркуюць, што ў першай чвэрці XVI ст. агульная колькасць насельніцтва магла дасягаць 250 тысяч чалавек.
У 1541 г. землі кадаанцаў наведала іспанская экспедыцыя на чале з Эрнанда дэ Сота. Паводле іспанскіх запісаў, канкістадоры мелі ваенную сутычку з народам, які назвалі тула і апісвалі як «людзей, што біліся найлепей за астатніх, з кім сустракаліся хрысціяне». Іспанцы ўзгадвалі спадчынных правадыроў кады (ісп.: caddi cacique) і некалькі буйных духоўных асоб чэнекі (ісп.: xeneci). Сучасныя археолагі выявілі каля 20 агульных цырыманіяльных цэнтраў.
Найбольш непрыемным наступствам кантактаў з еўрапейцамі было распаўсюджанне эпідэмічных захворванняў, да якіх у індзейцаў не было імунітэта. Яны сталі прычынай заняпаду Місісіпскай культуры і крызісу Кадаанскай культуры. З паўночнага ўсходу ў спусцелую пасля эпідэмій даліну Місісіпі прыйшлі сіўанскія народы, з якімі ў кадаанцаў склаліся варожыя адносіны. У XVIII ст. кадаанцы аказвалі супраціў іспанскім перасяленцам і падтрымлівалі гандлёвыя і саюзныя сувязі з французамі. Гэта не перашкаджала французам узбройваць осэйдж, найбольш жорсткіх канкурэнтаў кадаанцаў.
Далейшыя хвалі эпідэмій і ваенных паражэнняў прывялі да дэмаграфічнага заняпаду, міграцыі часткі кадаанцаў (паўні, кічаі, вічыта і арыкара) на поўнач. У другой палове XIX ст. кадаанскія народы трапілі ў канчатковую залежнасць ад ЗША.