Лявон Тарасевіч | |
---|---|
| |
Дата нараджэння | 14 сакавіка 1957 (67 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Паходжанне | беларус |
Грамадзянства | Польшча |
Род дзейнасці | мастак, рысавальнік, выкладчык універсітэта |
Месца працы | |
Вучоба | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Лявон (Лёнік) Тарасевіч (польск.: Leon Tarasewicz; нарадзіўся 14 сакавіка 1957, вёска Валілы, Беластоцкі павет, Падляскае ваяводства, Польшча) — польскі мастак беларускага паходжання, прафесар пластычных мастацтваў (2011)[1].
Скончыў Пластычны ліцэй у Супраслі, а ў 1984 годзе аддзяленне жывапісу ў Акадэміі мастацтваў у Варшаве. Дыпломную працу выканаў пад кіраўніцтвам Тадэвуша Дамініка.
З 1996 года вядзе ў Акадэміі заняткі па жывапісе. Падкрэслівае сваё беларускае паходжанне і бярэ актыўны ўдзел у жыцці беларускай дыяспары ў Польшчы. Адзін з заснавальнікаў штогадовага беларускага фестывалю «Басовішча». Супрацоўнічае з Варшаўскай галерэяй Фоксаль, Пазнаньскай галерэяй Эго, а таксама з Любельскай галерэяй Белая. Неаднаразова ўдзельнічаў у мастацкіх выставах у Беларусі (IN-FORMATION 95 і іншыя).
З’яўляецца таксама знаным аматарам птушак. Гадуе дэкаратыўных курэй (з’яўляецца суаўтарам кніжкі пра іх), галубоў і фазанаў.
Даводзіцца родным дзядзькам па кудзелі польскаму пісьменніку Ігнату Карповічу[2].
Атрымаў пашпарт газеты «Polityka» ў 2000, узнагароду імя Яна Цыбіса (таксама ў 2000) і ўзнагароду Фундацыі Зоф’і і Ежага Навасельскіх.
У 2007 годзе Тарасевіч атрымаў Вялікую ўзнагароду Фонда культуры за 2006 год «за істотны ўнёсак у класічны жывапіс і мастацтва ўвогуле» (польск.: za konsekwentne rzucanie wyzwania zarówno tradycyjnemu rozumieniu malarstwa, jak i wszelkim konwencjom rozumienia sztuki).
17 студзеня 2011 года «за выбітны ўнёсак у нацыянальную культуру Польшчы, за дасягненні ў галіне мастацкай творчасці і выкладчыцкай дзейнасці» атрымаў Крыж кавалерскі ордэна Адраджэння Польшчы[3] (у частцы беларускамоўных крыніцаў назва перакладзена як «Рыцарскі Крыж ордэна Адраджэння Польшчы»[4]).
У апублікаваным рэйтынгу 2008 года найдаражэйшых польскіх мастакоў на аўкцыёнах у Польшчы Тарасевіч займаў 10 пазіцыю: за яго карціну, створаную ў 1985 годзе, калекцыянер заплаціў 150 000 злотых[5] (каля 45 000 еўра). Карціна не мае назвы і была створаная пад уражаннем камяністага марскога ўзбярэжжа ў шведскім мястэчку Варненас, куды Тарасевіч быў запрошаны на пленэр улетку 1985 года. У спісе найдаражэйшых польскіх мастакоў на замежных аўкцыёнах Тарасевіч таксама займае 10 месца з 44 100 долараў ЗША за яго карціну алеем, створаную ў 1991 годзе[6].
У 2017 стаў лаўрэатам прэміі імя Ежы Гедройця (заснаванай рэдакцыяй газеты «Rzeczpospolita») «за нястомную працу на агульнае дабро, за культываванне памяці пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, вялікі ўклад у прасоўванне Польшчы ў свеце як дзяржавы многіх народаў, культур і рэлігій»[7].
8 лютага 2018 года Лявон Тарасевіч атрымаў у Варшаве прэстыжную польскую прэмію імя Аляксандра Гейштара . Паводле прэідэнта Польшчы Анджэя Дуды, мастак быў узнагароджаны за «адчуванне кантэксту часу і месца ў спалучэнні са сцверджаннем беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці»[8].
22 чэрвеня 2022 года Лявон Тарасевіч атрымаў ганаровае званне доктара honoris causa Беластоцкага ўніверсітэта[9].
Лявон Тарасевіч у Вікіцытатніку | |
Лявон Тарасевіч на Вікісховішчы |