Літоўцы | |
---|---|
Саманазва | Lietuviai |
Усяго: каля 3,2 млн (2012): | |
|
|
Этнічныя мовы | літоўская мова |
Іншыя папулярныя мовы зносін | жамойцкая гаворка (мова) |
Традыцыйныя рэлігіі (канфесіі) | хрысціянства (каталіцтва (лацінскага абраду), кальвінізм, праваслаўе) |
Расавы тып | еўрапеоідная раса |
Геаграфічна-моўная група | усходнія балты |
Блізкія этнасы | латышы, іншыя балты |
Субэтнасы | |
Этна-моўная супольнасць | балты |
Літо́ўцы (саманазва, множны лік літ.: lietuviai — ле́тувяй, адзіночны лік літ.: lietuvis), радзей сустракаецца варыянт летувісы, таксама жмудзіны[1] — еўрапейскі народ. Агульная колькасць у свеце — каля 3,2 млн чалавек (2012). Насяляюць у асноўным Літву (2 561 314 чал., 2011), дзе складаюць каля 84 % жыхароў. Значная колькасць літоўцаў жыве ў ЗША (каля 654 000 чал. літоўскага паходжання, паводле перапісу 2010 года), Вялікабрытаніі, Ірландыі, Бразіліі, Канадзе, Расіі (у асноўным у Калінінградскай вобласці — 9,7 тыс. літоўцаў, паводле перапісу 2010 года). Карыстаюцца літоўскай мовай балтыйскай групы індаеўрапейскай моўнай сям’і. Сучасная літоўская літаратурная мова пачала стварацца з 1880-х гадах на аснове балцкіх гаворак вакол Марыямпале (па сучаснай класіфікацыі — сувалкійская гаворка аўкштайцкага дыялекту літоўскай мовы, якая склалася пад уплывам гаворак яцвягаў[2]). Алфавіт літаратурнай мовы на лацінскай графічнай аснове. Вернікі літоўцы пераважна каталікі; ёсць невялікая колькасць пратэстантаў (лютэране, кальвіністы) і праваслаўных.
Паводле адной тэорыі, якой прытрымліваюцца асобныя сучасныя літоўскія навукоўцы, літоўскі этнас узнік прыблізна ў VI—VII стст., калі адбылося разгалінаванне ўсходніх балтаў на літоўцаў і латгалаў і адпаведна разгалінаванне літоўскай і латышскай моў з аднаго кораня. Тэорыя сцвярджае, што месцам сфарміравання літоўцаў у тыя часы была тэрыторыя паміж сярэднім цячэннем Нёмана, рэчкамі Нярыс і Мяркіс, адкуль літоўцы пашыраліся на поўнач (да земгалаў і селаў) і на захад, асімілюючы мясцовае насельніцтва. У ходзе колькаснага разрастання літоўскага этнаса адбылося разгалінаванне родаплемянной структуры літоўцаў у канцы I тысячагоддзя н.э. мінімум на два племені: а) «усходнія літоўцы» (менаваных навукоўцамі «уласна літоўцы» альбо «аўкштайты»), якія размяшчаліся ў тым ліку на землях Нальшчаны і Дзяволтвы, і б) «літоўцы-жамойты» ці проста «жамойты» (на паўднёвых землях сучаснага літоўскага этнаграфічнага рэгіёна Жамойць), сфарміраваных у выніку асіміляцыі літоўскімі перасяленцамі (на заходнім кірунку міграцыі) часткі куршаў і іншых заходнебалцкіх плямён[3]. Паводле тэорыі, з утварэннем Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) у сярэдзіне XIII — XV ст. адбывалася асіміляцыя літоўцамі іншых балцкіх плямён — паўднёвых частак селаў, земгалаў і куршаў, а таксама нейкіх частак яцвягаў, скальваў і прусаў, што прывяло да чарговага дэмаграфічнага і тэрытарыяльнага разрастання літоўскага этнаса[4]. Па-за межамі ВКЛ у выніку міграцыі часткі літоўскага насельніцтва з тэрыторыі Жамойці і асіміляцыі літоўцамі часткі балцкага насельніцтва (галоўным чынам, прусаў і скальваў) у Герцагстве Прусія ў XVI ст. утварылася асобная этнічная група літоўцаў — т.зв. літувінінкі (літоўнікі, літувінінкай)[4].
Іншая тэорыя сцвярджае, што этнагенез літоўскага этнаса мае больш позняе паходжанне, і адмаўляе этнічную еднасць у VI — першай палове XIII ст. балцкіх плямён літва і жамойты. Сцвярджаецца, што літоўскі этнас быў створаны ў выніку кансалідацыі розных балцкіх плямён (племені літва, якое дало імя новаму этнасу; племені жамойтаў; частак плямён селаў, земгалаў, куршаў, яцвягаў, скальваў і прусаў), якая адбывалася ў рамках Вялікага Княства Літоўскага пачынаючы з другой паловы XIII ст.[5]
Паводле яшчэ адной тэорыі, якой прытрымліваюцца некаторыя беларускія навукоўцы, сучасны літоўскі этнас узнік у часы Вялікага Княства Літоўскага галоўным чынам на аснове балцкага племені жамойтаў, у склад якога ўвайшла пэўная частка іншых балцкіх плямён (куршаў, прусаў, скальваў, яцвягаў і інш.), у тым ліку балцкія плямёны нальшчаны і дзяволтва — балтамоўныя жыхары паўночнай (балцкай) часткі тапоніма / хароніма «Літва»[6] (у ВКЛ), якая і дала новаму этнасу ў больш познія часы імя «літоўцы», а большая частка самога племені літва (на Віленшчыне — у шырокім наваколлі горада Вільня (Вільнюс)) у часы Вялікага Княства Літоўскага была славянізавана[7].
Адносна тлумачэння значэння і паходжання этноніма літоўцаў існуе некалькі падыходаў.
У старажытнарускіх летапісах літоўцаў называлі «литъва», словам з коранем «літ-» і канчатакам «-ва» (што мае значэнне зборнасці, сукупнасці)[8]. Літоўскія філолагі лічаць, што ўсходнеславянскі корань «літ-» адлюстроўвае тут пачатковы, архаічны літоўскі корань «liet-» («ліет-» / «лет-»), які ў старажытнай латышскай моўнай традыцыі меў форму «leit-», а ў нямецкай традыцыі для абазначэння Літвы (краіны літоўцаў) атрымаў форму «Lettowen», у лацінскай — «Lettovia» («Lethovia»), у эстонскай — «Leddu» або «Leddumaa» (край літоўцаў)[9].
Сам літоўскі корань «liet-» асобныя літоўскія лінгвісты спрабуюць вывесці ад літоўскага lietus (дождж)[10] або lieti (ліць [ваду][11]), або (як прапануе літоўскі лінгвіст Казімірас Кузавініс) ад ракі Lietauka за 30 км ад Кярнаве — праз механізм гідронім > тапонім > этнонім[12].
У XV—XVI стст. у Вялікім Княстве Літоўскім, паводле тэорыі паходжання літоўцаў ад старажытных рымлян, слова «Літва» спрабавалі патлумачыць скажэннем лацінскага тапоніма «L’Italija» («Літалія» — Італія)[13]. Пазней назву «Літва» спрабавалі звязаць з лацінскім словам «litus» (узмор’е)[14]. Была і версія пра паходжанне «Літва» ад кельцкага слова «Letha» (якім азначалі «заходнюю ўскраінку былой Галіі каля Атлантычнага акіяна»)[15].
Літоўскі гісторык Артурас Дубоніс пранапаваў гіпотэзу паходжання слоў «Літва» і «літоўцы» ад літоўскага паняцця «leičiai» / «лейчай» (множны лік ад літоўскага слова «leitis»), пад якім з сярэдзіны XIII ст. вядома сацыяльная група ваяроў у літоўскім грамадстве, падпарадкаваная асабіста вялікаму князю літоўскаму[16].
Ёсць і іншыя тлумачэнні назваў «Літва» і «літоўцы», але яны на думку літоўскіх лінгвістаў і гісторыкаў не пераканаўчыя[17].
Сучаснае названне літоўцаў у розных мовах у адзіночным / і множным ліку:
Першапачаткова балцкія плямёны практыкавалі родавыя культы (язычніцтва). У 1251 г. вялікі князь літоўскі Міндоўг прыняў каталіцтва, што лічыцца першай хваляй хрысціянізацыі балтаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Між тым, маюцца таксама факты пэўнага і дабраахвотнага распаўсюджання праваслаўя як сярод балцкай знаці ВКЛ (напрыклад, вялікі князь літоўскі Войшалк і браты вялікага князя літоўскага Трайдзеня), так і простых сялян. Аднак да канца XIV ст. большая частка балцкага насельніцтва ВКЛ была язычніцкай. У 1387 г. па распараджэнні вялікага князя літоўскага Ягайлы ў ВКЛ язычніцкае балцкае насельніцтва пачалі пераводзіць у каталіцтва, што лічыцца другой хваляй хрысціянізацыі балтаў у ВКЛ. Пасля далучэння да ВКЛ зямель Жамойці ў 1413 г. пачалося хрышчэнне ў каталіцтва і гэтай язычніцкай часткі дзяржавы. Лічыцца, што Жамойць была адным з апошніх рэгіёнаў Еўропы, які адмовіўся ад язычніцтва.
Доўгі час захоўваўся рэлігійны дуалізм — змешванне дахрысціянскіх вераванняў з хрысціянскімі[19]. Хрысціянскія легенды, створаныя літоўцамі, адносна нешматлікія і мала арыгінальныя: уплыў хрысціянства на народную творчасць праявіўся пераважна ў знешніх формах — заменай хрысціянскіх паняццяў (часта проста назваў) пры захаванні колішніх сюжэтаў[20].
У сярэдзіне XVI — пачатку XVII ст. у ВКЛ пракаціліся хвалі рэлігійнай Рэфармацыі, а затым Контррэфармацыі, якія закранулі, галоўным чынам, мясцовую шляхту. Самай папулярнай канфесіяй сярод шляхты-пратэстантаў (у тым ліку магнатаў, якія былі на чале руху) стаў кальвінізм[21]. Сярод літоўцаў (г.зв. літоўнікаў), якія перасяліліся на землі Тэўтонскага ордэна (пасля — Герцагства Прусія) з 1525 года распаўсюджвалася лютэранства[22]. У 1590—1600-я гады літоўская пратэстанцкая шляхта ў большасці перайшла ў каталіцызм, толькі меншая яе частка трымалася пратэстанцтва[23]. Галоўным цэнтрам арыянства (да 1658) і кальвінізма ў Літве (для шляхты) былі Кейданы, яго падтрымлівала біржанская («кальвінісцкая») галіна Радзівілаў, уласнікаў Кейданскай латыфундыі.
Пасля ўваходжання літоўскіх зямель у склад Расійскай імперыі католікі падвяргаліся пэўнай дыскрымінацыі (якая змянялася ў розныя перыяды), у першую чаргу, у праве заняцця мясцовых дзяржаўных пасад (з 1863) і ў праве набыцця ў літоўскіх губернях зямлі (з 1864), друкавання каталіцкай літаратуры лацінскімі літарамі і інш. З утварэннем Літоўскай Рэспублікі (1918—1940) дыскрымінацыя католікаў і свабоды веравызнання спынілася.
У час знаходжання Літвы ў 1940—1990 гадах у складзе СССР (у форме Літоўскай ССР) савецкія улады змагаліся з рэлігійнасцю насельніцтва і папулярызавалі атэізм[24]. З 1990 годзе аднаўляецца свабодная рэлігійная дзейнасць. Цяпер рэлігійныя літоўцы пераважна вызнаюць каталіцтва (каля 80 %), радзей пратэстантызм (кальвінізм, лютэранства) або праваслаўе.
Вылучэнне з цэнтральнай групы балтыйскіх моў і складванне ранніх форм літоўскай мовы адносяць да V—VII стст.[25] Сучасныя формы гутарковай літоўскай мовы пачалі складвацца пасля XIII ст. у выніку цеснага ўзаемадзеяння ўсходнебалтыйскіх моў, якія апынуліся ў межах Вялікага Княства Літоўскага[26].
З XIV ст. асноўнай пісьмовай мовай канцылярыі вялікага князя літоўскага і мясцовых адміністрацый у ВКЛ была славянская мова — т.зв. «руская мова», якой спачатку абазначалі царкоўнаславянскую мову (ці «старажытнарускую мову»), што паступова да сярэдзіны XVI ст. ужо набыла шмат рысаў гутарковай беларускай мовы і не набыла рыс балцкіх гаворак, а таму сучаснымі навукоўцамі тая літаратурная «руская мова» ВКЛ абазначаецца неалагізмам як «старабеларуская мова». У якасці пісьмовай мовы выкарыстоўвалася таксама латынь (асабліва ў каталіцкім касцёле), а з сярэдзіны XVII ст. у публічным жыцці гарадоў і вышэйшых саслоўяў ВКЛ замест «рускай мовы» пачала дамінаваць польская мова[27].
Літаратурная форма літоўскай мовы пачала складвацца толькі з другой паловы XVI ст., калі ўраджэнец Жамойці, лютэранскі пастар Марцінас Мажвідас выдаў пры дапамозе прускага герцага ў 1547 г. у Кёнігсбергу (Прусія) лютэранскі «Катэхізіс» — на заходніх гаворках сучаснай жамойцкай мовы (дыялекта) з вялікім уплывам гаворак прускай мовы, што было пачаткам друкарства на балцкіх гаворках ВКЛ[28]. З самага свайго пачатку пісьмовыя і друкаваныя помнікі на літоўскай мове былі нешматлікімі, мелі розныя літаратурныя варыянты, бо ствараліся ў розных перыферыйных цэнтрах і былі вельмі набліжаны да гутарковай мовы балцкага насельніцтва, а таму неслі ў сабе рысы самых розных рэгіянальных гаворак, хоць і з уплывам на лексіку і сінтаксіс з боку «рускай мовы» (старабеларускай) і польскай мовы[29]. Акрамя таго пісьмовыя помнікі, якія з’яўляліся на літоўскай мове ў ВКЛ і ў Герцагстве Прусія ў XVI—XVIII стст., вылучаліся вузкасцю грамадскіх функцый, слабой ступенню нармаванасці і неразвітасцю стыляў (дамінаваў царкоўны стыль): выкарыстоўваліся для распаўсюджання хрысціянства сярод балтамоўнага насельніцтва — друкаваныя катэхізісы, Евангеллі, Біблія, лемантары (буквары), слоўнікі, малітоўнікі, рэлігійныя песні, псалмы, пропаведзі (пасцілы) і іншыя рэлігійныя тэксты[30].
Першы поўны пераклад Бібліі на літоўскую мову (а ў прыватнасці — на жамойцкую гаворку) быў надрукаваны ў 1735 г. у Кёнігсбергу (Каралеўства Прусія) і паўторна надрукаваны пасля выпраўкі ў 1755 г. там жа[31]. Нешматлікасць пісьмовых помнікаў і адсутнасць сістэмы адукацыі на літоўскай мове не спрыяла моўнай гамагенізацыі насельніцтва. Літоўская мова захоўвалася галоўным чынам у асяроддзі сельскага і сялянскага насельніцтва ў гутарковай форме розных гаворак і не выкарыстоўвалася ў афіцыйным справаводстве. Значная частка балтамоўнага насельніцтва на Віленшчыне ў часы ВКЛ абеларусілася[32], а ў XIX — пачатку XX ст. апалячылася[33].
З пачатку XIX ст. паступова ўзрастала зацікаўленасць да стварэння мастацкай літаратуры на балцкіх гаворках, але ў асноўным на жамойцкай гаворцы. Пэўны друк на мясцовым варыянце літоўскай мовы існаваў у першай палове XIX ст. у Каралеўстве Прусія: тут, напрыклад, у 1832 г. выйшла першая літоўскамоўная газета[34]. Аднак развіццё літаратурнай мовы тармазілася антылітоўскай палітыкай улад Германскай імперыі[35]. У Расійскай імперыі дзейнічала толькі забарона літоўскага друку лацінкай у 1864—1904 гг., а літоўскі друк кірыліцай, наадварот, заахвочваўся. Сучасная літоўская літаратурная мова пачала стварацца з 1880-х гг. на аснове балцкіх гаворак вакол горада Марыямпале (па сучаснай класіфікацыі — сувалкійская гаворка аўкштайцкага дыялекта літоўскай мовы, складзеная пад уплывам гаворак яцвягаў[36][37]). З гэтай прычыны для норм новай літаратурнай мовы стала характэрна аддаленасць ад гутарковай гаворкі і большасці дыялектаў[35][38]. Разам з тым у літаратурнай мове з’явілася шмат неалагізмаў, створаных на аснове слоў польскай і беларускай мовы, у тым ліку асноўнага слоўнікавага фонду. Менавіта з 1890-х гг. пачынае інтэнсіўна развівацца літоўская літаратура самых розных жанраў, стабілізуюцца нормы літаратурнай мовы і развіваюцца яе стылі[35].
Найбольш спрыяльныя ўмовы для развіцця літаратурнай формы з’явіліся ў XX ст., асабліва пасля стварэння ў 1918 г. Літоўскай Рэспублікі, у якой літоўская мова стала дзяржаўнай і выкарыстоўвалася ў афіцыйным справаводстве.
Сучасная літоўская літаратурная мова з’яўляецца дзяржаўнай у Літоўскай рэспубліцы, дзе з’яўляецца мовай навучання на ўсіх ступенях адукацыі і ўжываецца ў мясцовых публічных мас-медыя. У той жа час пэўная частка сельскіх жыхароў традыцыйна карыстаецца не літаратурнай мовай, а мясцовымі дыялектамі і гаворкамі.
Моўнымі і этнаграфічнымі групамі сучасных літоўцаў навукоўцамі ўмоўна лічацца: аўкштайты — у Аўкштайціі; жамойты — у Жамойці; дзукі — у Дзукіі; паўночныя занямонцы (занавікі) і паўднёвыя занямонцы (капсы) — у Сувалкіі; літувінінкі (літоўнікі) — у т.зв. Малай Літве (частцы Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі)[39]. Большая частка літоўцаў ва Усходняй Прусіі (т.зв. літоўнікаў/літувінінкаў) да пачатку XX ст. была германізавана (анямечана)[4].
Традыцыйная культура і заняткі літоўцаў у старажытнасці былі тыповымі для народаў Балтыі. Да іх адносіцца ворнае земляробства (жыта, ячмень, авёс, пшаніца, гарох, лён, з канца XVIII ст. — бульба) і жывёлагадоўля (коні, буйная і дробная рагатая жывёла, свіні і інш.). Ворнымі прыладамі былі — адназубнае рала (арклас) ці саха (жагрэ) з адной (на ўсход ад Нёмана і Віліі (Нярыса)) альбо дзюма паліцамі (на захад ад Віліі). Жыта касілі касой (на захадзе), паў-касой (у цэнтральных раёнах) ці сярпом (на ўсходзе). На марскім узбярэжжы і Куршскай касе было развіта рыбалоўства. Другараднае значэнне мела бартавое (бортніцтва), затым (з канца XIX ст.) — пасечнае пчалярства[41].
Самым старажытным тыпам пасялення была вёска (каймас) з безсістэмнай (кучавой) планіроўкай (ад некалькіх да некалькіх дзясяткаў сядзіб), а з XVI ст. распаўсюджваецца і вулічная планіроўка (пасля правядзення валочнай памеры), у XIX—XX стст. па ўсёй Літве — хутары з аднаго двара, якія былі характэрны для Жамойці яшчэ са старажытнасці[41]. Першыя гарады, якія ўтвараліся вакол першапачатковых гарадзішчаў-замкаў, узнікаюць у другой палове XIII — пачатку XIV стст. У XIV—XV стст. расце колькасць гарадоў і мястэчак[22].
Сялянскія сядзібы былі як правіла невялікімі, бо звычайна бацькоўская гаспадарка дзялілася паміж дзецьмі. Жылая пабудова (зрубная хата — нумас) у вёсцы ставілася тарцом да вуліцы, перад хатай рабіўся кветнік (рута, ружа, мята, півоня і інш.), а вакол ставіліся гаспадарчыя пабудовы. Да пачатку XX ст. большасць хат былі драўлянымі, крытымі ў большасці выпадкаў саломай[42]. З пачатку XX ст. хаты крыюцца гонтай, бляхай, а ў Клайпедскім краі і Заходнім Занямонні (г.зн. на тэрыторыі Усходняй Прусіі) — чарапіцай[42]. У перыяд паміж Першай сусветнай вайной і Другой сусветнай вайной шырокі размах набывае працэс ліквідацыі старых бедных вёсак і перасялення людзей на хутары, што мэтанакіравана арганізоўвалася ўладамі Расійскай імперыі і Літоўскай Рэспублікі (1918—1940)[42].
Самым старажытным і паўсюль распаўсюджаным тыпам хат быў нумас/намас — аднакамерная зрубная хата без столі і з адкрытым вогнішчам у цэнтры, якая выкарыстоўвалася адначасова і як жытло, і як хлеў. Пазней да намаса пачалі прыбудоўваць і дадатковыя пакаёўні, хлеўныя пакоі і навесы, што стала пачаткам жамойцкаму тыпу хат. У XVI ст. у Аўкштайціі нумас быў выцеснены курнай хатай піркя. З XVI ст. намас ужо выконваў функцыю кухні і кладоўкі, а з XVIII ст. — памяшкання для дробнай жывёлы. У XVI—XIX стст. былі сфарміраваны тры тыпы хат: а) жамойцкі (троба) — чатырохсхільная шматкамерная хата, у цэнтры якой знаходзілася нежылое памяшканне з каміннай печчу пасярэдзіне (на якім рыхтавалі корм быдлу), а вакол па баках — жылыя і гаспадарчыя пакоі; б) аўкштайцкі (піркя, альбо яе варыянты грыча і румас) — чатырохсхільная курная хата (з печчу ў жылым памяшканні, сенцамі і каморай), аналагічная па ўнутранай планіроўцы хатам беларусаў, бо была перанята ў беларусаў[22]; і в) занямонскі/сувалкійскі (стуба) — двухсхільная доўгая шматкамерная хата, пакоі ў якой размяшчаліся ўздоўж адзін за адным (цэнтральны пакой — кухня з сенцамі; з аднаго боку кухні — гаспадарчыя пакоі, а з другога — жылыя; меліся дадатковыя ўваходы ў хату)[43].
Да XX ст. сяляне самі выраблялі прылады працы, прадметы хатняга ўжытку і адзення[42]. Сёння найбольш папулярнымі формамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і рамёстваў, якія захаваліся са старажытнасці, з’яўляюцца драўляная скульптура (крыжы, слупы-капліцы, выявы Хрыста, хрысціянскіх святых і інш.), часта арнаментаваная жалезам; лубок; пляценне; мастацкае ткацтва; коўка і апрацоўка бурштыну[39].
З узнікненнем Вялікага Княства Літоўскага быў ліквідаваны падзел балцкага насельніцтва на плямёны і ўнутрыпляменныя вялікія сваяцкія роды, а таксама пачалі фарміравацца розныя праслойкі новага, феадальнага грамадства — феадалы (шляхта), мяшчане і сяляне. Склад феадалаў і мяшчанства ў гарадах ВКЛ вызначаўся этнічнай стракатасцю[44].
З прыняццем хрысціянства ўсталёўваецца манагамія замест ранейшай палігаміі. Да пачатку XVI ст. вялікая сям’я ў вёсцы знікае і замяняецца малымі сем’ямі. Галоўную ролю ў сям’і іграў бацька, двор якога перадаваўся па спадчыне старэйшаму сыну ці зяцю. Дагэтуль дамінуе білінейнае сваяцтва (гіміністэ) і малая сям’я (шэйма). Сем’і ствараліся пры дапамозе сватаўства, улічвалася перш за ўсё маёмаснае становішча бацькоў. У вясельных абрадах асаблівую ролю іграў сват (піршліс) і конны вяшчальнік (квесліс), якія апавяшчалі пра вяселле. Сістэма тэрмінаў сваяцтва мае лінейны тып з элементамі апісальных тэрміналогій; сіблінгі падзяляюцца па полу. Тэрміны сваяцтва для маці, сястры, брата, унука, мужа, бацькі мужа і жонкі маюць індаеўрапейскае паходжанне, а астанія тэрміны з’яўляюцца ўнікальнымі і характэрны толькі для літоўскай мовы[45].
Асноўнай катэгорыяй насельніцтва былі сяляне, большую частку якіх да XIV ст. складалі свабодныя земляробы — лаўкінінкі (ад слова лаўкас — «поле»), але ўзнікалі і розныя катэгорыі залежнага сялянства (у тым ліку прыгоннага)[44]. Сяляне былі членамі тэрытарыяльных абшчын (палей), якія ўтваралі воласць. Унутранае жыццё сялянскай абшчыны рэгулявалася сходам (капа) і рознымі абшчыннымі традыцыямі — традыцыя супольнай дапамогі члену абшчыны (талака — талка); традыцыя супольнага адпачынку (вячоркі, вечарыны — вакаронес); частаванне адзін аднаго свежыной, свежым півам і мёдам, і інш.[46]
Традыцыі народных гулянняў захоўваюцца да сённяшняга часу. Калядная вячэра (Кучас) пачынаецца з ужывання тонкіх вафель (калядайціс) з ціснёнымі выявамі на тэму Нараджэння Хрыстова, а скончваецца варажбой. На свята Новага года робіцца працэсія вяскоўцаў, апранутых у валхвоў («трох каралёў»). На Масленіцу (Ужгавенес) катаюцца на санках, спальваюць жаночую ляльку «Морэ» і ставяць сатырычныя сцэнкі ў масках («пан», «жандар», «абжора Лашыніс», «жаніх-няўдаль Сідарас» і г.д.). На Вялікдзень (Велікас) абмалёўваюць і кацяць яйкі, гойдаюцца на арэлях, абліваюцца вадой, сцягаюць адзін аднаго галінкамі. На Купалле (Іванаў дзень — Ёнінес) паляць вогнішчы і скокаюць праз яго, збіраюць кветкі, плятуць вянкі і кідаюць іх у ваду[45].
Пасля прыняцця хрысціянства ў знак шчырай веры насельніцтва (асабліва сялянскае) ставіць па вёсках, на пагорках, пры дарогах сімвалічныя драўляныя каталіцкія крыжы — часта нават нетрадыцыйнай формы, бо нясуць у сабе спалучэнне хрысціянскіх і язычніцкіх традыцый (у тым ліку, багата арнаментаваныя каплічкі-слупы «stogastulpis» і «koplytstulpis»). Часам групамі крыжоў абстаўляюцца нават цэлыя пагоркі. Літоўская традыцыя вырабу драўляных каталіцкіх крыжоў і яго сімволіка была ўключана ў 2008 г. у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА[47].
Каталіцкія ксяндзы карыстаюцца ўсямернай павагай на вёсцы.
Значны ўплыў на мову і культуру літоўскіх сялян зрабіла ўсходнеславянскае насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, а пазней і заходнеславянскае (палякі), што было звязана з наяўнасцю ў суседзяў традыцый дзяржаўнасці, уласнай пісьмовасці, спавядання хрысціянства і інш.[22] Да рана запазычаных літоўцамі ад беларусаў адносяць такія традыцыі і з’явы як звычай галашэння перад адпраўкай нявесты ў дом жаніха; валачобны абрад беларускага ўзору; фарбаванне яек на Вялікдзень; радзінную абрадавую страву бабіна каша; некаторыя віды фальклору; аўкштайцкую курную хату; лексіку палітычнага, рэлігійнага, гандлёвага і іншага характару (bajoras — баярын/шляхціц, Velykos — Вялікдзень, turgus — торг, muita — мыта, adyna — гадзіна, abrūsas — абрус, і інш.); прозвішчы (Адамкявічус, Зінкявічус, Міцкявічус, Віткявічус і г.д.); і інш.[22]
Традыцыйны мяшчанскі ці шляхецкі касцюм упісваюцца ў агульныя заходнееўрапейскія модныя тэндэнцыі, але быў створаны своеасаблівы шляхецкі «сармацкі строй», які меў выразны нацыянальны характар.
Традыцыйны сялянскі касцюм меў некалькі варыянтаў (у залежнасці ад раёна пражывання) і атрымаў пэўнае ўдзеянне ў Жамойці і г.зв. Малой Літве з боку касцюма немцаў, а ў Аўкштайціі і Дзукіі — з боку славян[48].
Традыцыйны жаночы сялянскі касцюм захоўваўся ў побыце да сярэдзіны XIX ст. і меў шэсць варыянтаў (жамойцкі, аўкштайцкі, клайпедскі, капскі, дзуцкі, занавіцкі). Аснову яго складаюць доўгая палатняная сарочка, шырокая спадніца (звычайна 2-3), фартух, тканы або плецены пояс, камізэлька (ліеменэ), наплечнае покрыва (скара). На галаве дзяўчаты насілі вянкі (вайнікас, пакалке) са стужак і галуна, часам — на цвёрдай аснове, а замужнія жанчыны — чапцы, а ў Аўкштайціі яшчэ і паралельна рушніковы ўбор (намітку — нуаметас). Рута ў прычосцы дзяўчын азначала дзявоцтва. Завушніц ні дзяўчыны, ні жанчыны не насілі. Адзенне ўпрыгожвалася складанай вышыўкай, а таксама срэбнымі, бурштынавамі, каралевымі і шклянымі пацеркамі[41]. У аздабленні вопраткі выкарыстоўваліся арнаменты і разнастайная гама колераў (белы, шэры, карычневы, чорны), узоры наносіліся таксама на пальчаткі, панчохі і г.д. Жаночая спадніца (маргінес) — розных колераў, у клетку, палоску ці складанага ўзору[42].
Традыцыйнае мужчынскае сялянскае адзенне складалася з палатнянай сарочкі (маршкіняй), палатняных, суконных ці паўшарсцяных штаноў, камізэлькі, палатнянага альбо суконнага кафтана, валянага капялюша, паяса ці рамня. Зімой мужчыны і жанчыны насілі сярмягу, аўчыныя футры або паўкажушкі[41].
Традыцыйным працоўным абуткам мужчын і жанчын на вёсцы былі плеценыя з ліпавага дубу лапці (віжы), скураныя пасталы, у Жамойці і Сувалкіі таксама драўляныя чаравікі (клумпес) і абутак на драўлянай падэшве са скураным і крамнінным верхам (нагіні, мядпаджэй), у святочныя дні — боты[49].
Аснову харчавання літоўцаў складалі раслінныя і малочныя прадукты, у т.л. іржаны (радзей пшанічны) хлеб (дуона), бліны і кашы з мукі, ячменнай і аўсянай крупы (для Дзукіі характэрны бліны з грачанай крупы), гарох, малако, мяса[45]. З пачатку XIX ст. шырокае распаўсюджанне атрымалі стравы з бульбы. З мяса пераважна ўжывалася свініна[42].
І па сённяшні дзень для большасці літоўцаў папулярнымі з’яўляюцца традыцыйныя стравы з цёртай бульбы і мясной, тварожнай і іншай начынкай (цэпеліны), малочныя супы (з мукой і крупамі або з бульбянымі клецкамі), бульбяныя бліны, бульба з малаком або кіслым малаком, сыр з кменам, тушаная капуста з мясам (бігас), кілбасы (дэшра, скіландзіс), вэнджаная свініна, крывяны суп (юка), боршч, рассольнік і інш. Да нацыянальных страў таксама адносіцца шупініс (каша з гароху, бульбы і свіннога мяса), ведарай (свінныя кішкі, начыненыя цёртай сырой бульбай ці крупой і запечаныя), аўсяны кісель і інш. З традыцыйных напояў распаўсюджаны бярозавы сок (сула), квас (у тым ліку з груш), мядок (мідус)[50].
На святы пякуць адмысловыя высокія кексы тыпу кухоннае дрэва (шакоціс, рагуоціс), здобнае печыва (жагарэліс), піражкі і пончыкі (спургас). Асноўны традыцыйны алкагольны напой — ячменнае цёмнае (і нават амаль чорнае) піва (алус)[45].
Менавіта з запісаў фальклору Жамойці ў канцы XVIII ст. (спачатку тэкстаў, затым тэкстаў з напевамі, затым інструментальных мелодый) пачалося развіццё літоўскай фалькларыстыкі. Складанасці ў навуковай фіксацыі фальклору звязаны з няведаннем літоўскай мовы славянамоўнымі даследчыкамі і навукоўцамі часоў ВКЛ і Расійскай імперыі, што зніжала зацікаўленасць тых навукоўцаў да зместу фальклору. Трошкі больш зацікаўленасці да літоўскага фальклору і мовы з боку лінгвістаў пачалося з даследаванняў Аўгуста Шлейхера ў сярэдзіне XIX ст., працы якога доўга заставаліся адзіным дапаможнікам для вывучэння літоўскай мовы. Старажытны пласт фальклору сялян Дзукіі і Аўкштайціі адкрыты толькі ў XX ст.[45]
У фальклоры маюцца розныя паданні пра паходжанне свету і рэлікты старажытных міфаў (пра маланкоўца Пяркунаса і інш)[45]. Літоўская міфалогія не багата вобразамі. Эпас звязаны галоўным чынам з жывёльнай тэматыкай. Маецца багаты казачны фальклор, які паўплываў на прафесійнае мастацтва (казка «Эгле — каралева вужоў», якая стала асновай для паэмы і балета, і інш). Мноства песень на працоўную (земляробчыя і хатнія заняткі), каляндарна-святочную, сямейна-абрадавую, інтымна-лірычную і ваенна-гістарычную тэматыку, якія суправаджаюцца інструментальнымі кампазіцыямі, карагодамі, танцамі, гульнямі і г.д. У фальклоры, гэтак жа як ва ўсёй сялянскай культуры, шырока бытавалі язычніцкія матывы і спалучэнне язычніцкіх і хрысціянскіх элементаў[44]. У музычна-паэтычнай стылістыцы захоўваюцца мясцовыя адрозненні[45]. Звычаі і абрады былі звязаны з земляробчымі работамі, асабліва іх завяршэннем, сямейнымі і каляндарнымі святамі[51].
Характэрнай рысай песень з’яўляецца лірызм: 50 % песень — «пра каня», 30 % — «пра руту»[19]. Найбольш старажытныя працоўныя і абрадавыя песні — у Аўкштайціі і Дзукіі. Самы архаічны пласт — аўкштайцкая поліфанічная музыка сутарцінес (жаночыя спевы ўдваіх, утраіх, учатырох альбо мужчынская ансамблевая ігра на аднародных духавых інструментах), якая суправаджала любыя віды калектыўнай працы, абрады, карагоды і танцы. Да пачатку XX ст. яна засталася толькі ў некаторых раёнах Аўкштайціі[45]. Літоўская поліфанічная музыка сутарцінес была ўключана ў 2010 г. у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА[52].
У Дзукіі захаваліся старадаўнія абрадавыя арэльныя песні (каляндарныя і вясельныя), песні пра жывёл і раслін, вузкааб’ёмные лады (у т.л. ангемітоніка), адзіночныя (жаночыя альбо мужчынскія) спевы. Характэрны таксама харавыя ўнісонныя і антыфонныя спевы, напеўная мелодыка (пераважна лірычнага тыпу, з распевамі складоў). У заходніх раёнах Дзукіі сустракаюцца 2-х і 3-хгалосныя песні ў 7-ступеннай дыятоніцы[45].
Фальклор Жамойці адрозніваецца разнастайнасцю песенных тыпаў і выканаўчых традыцый, значную яго частку складаюць лірычныя песні, шматгалоссе позняга, гамафонна-гарманічнага тыпу. У межах аднаго жанру сустракаюцца песні розных стылявых пластоў: напрыклад, сярод пастуховых песень — і архаічныя (з прызыўных воклічамі «Ralioo!»), і меладычна развітыя 3-галосныя лірычнай тэматыкі[45].
У пачатку XX ст. ужо многае з фальклору было забыта, а на змену прыходзілі літаратурныя песні (такіх літаратараў як Антанас Страздас, Вянужыс, Баронас) і народныя частушкі (dainuška)[19].
Традыцыйнымі музычнымі інструментамі вяскоўцаў Літвы з’яўляюцца драўляныя (з ліпы ці вярбы) гуслі (канклес/кунклес); язычковы інструмент бірбіне; пастуховы рог ажрагіс; драўляныя натуральныя трубы рагай, трымітай, даўдзіцес; падоўжаная флейта лумздзяліс; шматстваловая флейта скудучай; дуда; розныя мембранафоны; ідзіяфоны; народныя скрыпкі; струнны бас; гармоніка і інш.[45]
Традыцыйная культура развівалася і захоўвалася доўгі час на вёсцы, бо з пачаткам утварэння Вялікага Княства Літоўскага эліта грамадства (феадалы і мяшчане) пераймала многія агульнаеўрапейскія традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняй Еўропы (праваслаўнай) і Заходняй Еўропы (каталіцка-пратэстанцкай)[53]. Сярод феадалаў (шляхты) і мяшчан у часы ВКЛ гутарковай станавілася «руская мова» (старабеларуская мова), а пазней польская мова, якія выкарыстоўваліся ў афіцыйным справаводстве[53]. У часы Расійскай імперыі і СССР шмат літоўцаў засвоілі і рускую мову (вялікарускую мову).
Сучасныя літоўцы страцілі многія свае былыя лакальныя этнаграфічныя асаблівасці і традыцыйныя рысы матэрыяльнай і духоўнай культуры (акрамя мовы і рэлігіі), што тлумачыцца працэсамі ўрбанізацыі, інтэнсіфікацыі ўнутрыкраінных кантактаў (па прычыне развіцця сродкаў сувязі і інфраструктуры), увядзеннем стандартаў пачатковай адукацыі, узнікненнем агульнанацыянальнай прэсы і г.д. Працэс інтэнсіўнай культурнай гамагенізацыі літоўцаў пачаўся ў XIX ст. у часы Расійскай імперыі, калі ў 1861 г. было скасавана прыгоннае права (хоць і да таго значная частка сялян была вольнай), створаны ўмовы для развіцця капіталістычных адносін і стварэння новых сацыяльных груп (буржуазіі і рабочых, а таксама інтэлігенцыі, у тым ліку клерыкальнай), сфарміраваны ў канцы XIX ст. сучасны варыянт літоўскай літаратурнай мовы. З другой паловы XIX ст. атрымліваюць больш шырокае распаўсюджанне характэрныя для Еўропы ў цэлым культурныя з’явы і новаўвядзенні[42]. У 1896 г. у Расійскай імперыі ўзнікла першая палітычная партыя літоўцаў (сацыял-дэмакратычная), а пасля яшчэ і іншыя партыі.
Яшчэ больш спрыяльныя ўмовы для культурнай гамагенізацыі насельніцтва былі створаны пасля абвяшчэння Літвой сваёй дзяржаўнасці і незалежнасці ў 1918 г. і дзяржаўнай палітыкай стандартызацыі жыцця. Гэта адлюстравалася перш за ўсё ў знешніх формах: яшчэ большае, чым у XIX ст., распаўсюджанне агульнаеўрапейскіх тыпаў адзення, ежы, жытла, заняткаў і інш. У 1921—1939 гг. літоўскі ўрад праводзіў мяккую, але паступальную этнічную асіміляцыю (літуанізацыю/балтызацыю) нелітоўскага насельніцтва краіны (немцаў, рускіх, палякаў і інш.), акрамя яўрэяў, якім дазволілі этнічную сегрэгацыю; абмяжоўваў магчымасці для культурнага развіцця на польскай мове і ставіў перашкоды палякам для заняцця дзяржаўных пасад[54].
У 1919 г. у Каўнасе быў створаны Літоўскі спартыўны саюз (1919—1920), а пазней замест яго ў 1920 г. Літоўскі саюз фізічнага выхавання і ў 1921 г. Літоўская спартыўная ліга (апошняя з 1923 г. узяла на сябе функцыі Нацыянальнага алімпійскага камітэта), якія паставілі мэту прапагандаваць заняткі фізічнай культурай і прафесійным спортам у краіне. Першых буйных поспехаў і міжнароднага прызнання літоўскія спартсмены дамагліся ў 1930-я гг., калі ў 1937 г. і 1939 г. літоўская мужчынская зборная па баскетболе стала чэмпіёнамі Еўропы. (Першы чэмпіянат Еўропы па баскетболе (1935) выйграла зборная Латвіі). У складзе літоўскай каманды тады былі таксама амерыканскія баскетбалісты літоўскага паходжання, гэтак жа як і трэнер Пранас Лубінас. Жаночая баскетбольная каманда Літвы ў 1938 г. у Рыме (Італія) заваявала тытул віцэ-чэмпіёна Еўропы. Гэтыя дасягненні літоўскіх баскетбалістаў, як мужчын, так і жанчын, адыгралі вырашальную ролю для далейшых лёсаў баскетбола ў Літве, дзе гульня пачала лічыцца аж да сённяшняга часу нацыянальным відам спорту (амаль як «другая рэлігія»), хоць у цэлым дасягненні літоўскай зборнай па баскетболе сярэднія[55]. Пазней, у складзе мужчынскай зборнай СССР па баскетболе (якая выйграла мноства чэмпіянатаў і медалёў на Алімпійскіх гульнях) было толькі некалькі літоўцаў, але лепшыя з баскетбольных клубаў Літоўскай ССР.
Уключэнне Літвы 3 жніўня 1940 г. у склад СССР (у форме Літоўскай ССР) пацягнула за сабой далейшую нівеліроўку рэгіянальных асаблівасцей і ўвядзенне дадаткова рускай мовы ў адукацыйны працэс і дзяржаўны ўжытак[56]. Маянткоўцы былі вымушаны эмігрыраваць, бо ў адваротным выпадку былі б рэпрэсаваны савецкай уладай. У 1940 г. былі нацыяналізаваны буйная прамысловасць, сістэма транспарту і сувязі, медыцынскія ўстановы і інш.[57] У ходзе зямельнай рэформы 1940—1941 гг. надзелы зямлі атрымалі каля 60 тысяч беззямельных і дабаўкі да сваіх надзелаў каля 42 тысячы малазямельных гаспадароў[58]. У Літоўскай ССР пачалася рэарганізацыя сістэмы адукацыі, у 1940 г. была створана першая кінастудыя («Каўнаская кінастудыя», перайменаваная пазней у «Літоўскую кінастудыю»), а ў 1941 г. першая акадэмія навук (Акадэмія навук Літоўскай ССР, якая з 1990 г. носіць назву «Акадэмія навук Літвы»). Працэс «саветызацыі» (сацыялістычных пераўтварэнняў на савецкі ўзор) быў перарваны нападам Германіі ў 1941 г. на СССР у ходзе Другой сусветнай вайны.
У 1945—1950 гг. цэнтральныя ўлады СССР правялі поўную «саветызацыю» Літоўскай ССР: была ліквідавана прыватная ўласнасць (на зямлю, прадпрыемствы, гандлёвыя цэнтры, банкаўскія ўстановы і інш.); сельскае насельніцта прымусова заганялася ў калгасы і калгасныя пасёлкі з грамадскімі будынкамі на галоўнай плошчы і гаспадарчымі пабудовамі асобна; планава ствараліся дзяржаўныя прамысловыя прадпрыемствы[59]. Савецкая калектывізацыя прывяла да маштабных перасяленняў насельніцтва з хутароў у гарады і пасёлкі гарадскога тыпу, дзе часта сціраліся вясковыя традыцыі, хоць гарадская культура Літвы і дагэтуль мае шмат рысаў сельскай (і сялянскай) культуры — песні, танцы, абрады (у тым ліку рэлігійныя), народнае прыкладное дэкаратыўнае мастацтва (асабліва драўляная скульптура, у тым ліку рэлігійнага характару) і г.д. На вёсцы захоўвалася хатняе ткацтва.
Пасля ўключэння Вільні (Вільнюса) і Віленскага края ў 1940 г. у склад Літвы пачаўся інтэнсіўны наплыў літоўскага насельніцтва ў новую сталіцу, што мэтанакіравана рабілася ўладамі Літвы (асабліва з 1945 г.), каб павялічыць да таго мізэрны працэнт літоўскага насельніцтва ў горадзе і панізіць працэнт яўрэйскага, польскага і беларускага[60].
У 1950—1990 гг. савецкая ўлада рабіла шмат намаганняў, каб наблізіць умовы і стандарты духоўна-культурнага і матэрыяльнага жыцця на вёсцы да гарадскіх: у сельскім быце прывычнымі сталі электрычнасць, газ, вадаправод, каналізацыя, цэнтральнае ацяпленне, масава будаваліся дамы культуры і кінатэатры, цэнтры бытавога абслугоўвання і медпункты. У сельскай мясцовасці масава пачалі насіць адзенне, зробленае на фабрыках СССР. У той жа час, як правіла, менавіта прысядзібная гаспадарка давала сельскім жыхарам асноўныя прадукты харчаванння (малако, мяса, яйкі, бульба, гародніна), а такія прадукты як хлеб, кандытарскія вырабы, вострыя прыправы, напоі і інш. пакупаліся ў дзяржаўных магазінах[42]. Народная мастацкая самадзейнасць арганізоўвалася адміністрацыяй дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў, хоць працягвалі існаваць і народныя складальнікі песень і мастакі[42]. Менавіта ў савецкія часы была дасягнута амаль суцэльная пісьменнасць насельніцтва, а таксама (праз урбанізацыю) працэнтная перавага гараджан над вяскоўцамі[61].
У савецкія часы шырока праводзяцца ўсенародныя святы песень, што пачалося яшчэ з 1924 г. па ініцыятыве кампазітара Юозаса Жылевічуса, з’яўлялася павагай да традыцыйных сялянскіх песень, танцу і касцюму і трывае да сённяшняга часу[62]. Гэтыя традыцыі былі формай самавыяўлення і захавання нацыянальнай свядомасці людзей. У канцы 1980-х гг., песні сталі неад’емнай часткай руху за аднаўленне незалежнасці Літвы, што вядома пад назвай «Спяваючая рэвалюцыя». На шматтысячнае свята песень (Dainų šventė), якое праходзіць раз у чатыры гады пасля атрымання незалежнасці (1990 г.), у Літву прыязджаюць літоўцы з іншых краін свету, таму і свята сталі называць Сусветным літоўскім святам песень[63]. У 2008 г. традыцыя і сімволіка свят песень Балтыйскіх краін — Эстоніі, Латвіі і Літвы — была ўключана ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА[64]. Малыя святы песень зараз праводзяцца літоўскімі эмігрантамі за мяжой — у ЗША, Канадзе, Аўстраліі.
Пасля выхаду ў 1990 г. Літвы са складу СССР і атрымання незалежнасці, руская мова перастала мець афіцыйны статус у дзяржаве, а краіна пачала рэвізію сацыялістычнага прошлага і працэс прыватызацыі, арыентуючы знешнюю палітыку на краіны НАТА і Еўрапейскага Саюза. З 1 мая 2004 г. Літоўская Рэспубліка з’яўляецца дзяржавай-членам Еўрапейскага Саюза, што цягне за сабой для насельніцтва ўвядзенне адпаведных стандартаў у заканадаўстве, вывучэнне англійскай мовы, свабодны ўезд/выезд з краіны і яшчэ большую адкрытасць пераняццю многіх агульнаеўрапейскіх традыцый вядзення бізнеса, баўлення вольнага часу (святы, спорт, турызм і інш.), стандартаў адукацыі, адкрытасць інфармацыйнай прасторы (у тым ліку Інтэрнэта) і г.д. У той жа час некаторымі сучаснымі літоўскімі інтэлігентамі адзначаецца схільнасць сучасных літоўцаў да самаізаляцыі ад еўрапейскіх тэндэнцый, кансерватызму і ксенафобіі насуперак талерантанасці і дэмакратызму, што тлумачаць, у тым ліку, усведамленнем «нязначнасці» Літвы ў Еўрапейскім Саюзе і адчуваннем «пагрозы» з боку суседніх народаў, больш «моцных» культурна, эканамічна і дэмаграфічна[65].
У апошнія дзесяцігоддзі Літва звычайна займае першае месца ў Еўропе і адно з першых месцаў у свеце па колькасці самагустваў на душу насельніцтва, што тлумачаць беспрацоўем, алкагалізмам, беднасцю і даўгамі, псіхалагічнымі прычынамі (бесперспектыўнасць існавання, адчай і г.д.) і інш.[66]
Падлікі літоўскага насельніцтва на тэрыторыі свайго кампактанага рассялення ў раннія перыяды носяць гіпатэтычны характар з-за адсутнасці афіцыйнай статыстыкі.
Паводле афіцыйнай статыстычнай інфармацыі ў 1861 г. у Расійскай імперыі ў зоне кампактанага рассялення жыло каля 1,414 млн літоўцаў, а ў Германскай імперыі (ва Усходняй Прусіі) — 139 тыс.[67]
У ходзе Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі (1897) , не праводзілася апытанне насельніцтва аб этнічнай прыналежнасці асобы (ці як казалі ў тыя часы па-руску — «народности»), а толькі аб роднай (ужыванай) мове і веравызнанні. Дакладнасць вынікаў перапісу аспрэчваецца, але іншай усеахопнай статыстычнай інфармацыі няма. Лічыцца, што ў 1897 г. у Ковенскай, Віленскай і Сувалкаўскай губернях жыло каля 1,6 млн літоўцаў[68]. Паводле даддзеных перапісу ад 1897 г. у Вільні 40 % насельніцтва роднай мовай назвала яўрэскую (ідыш); 30,1 % — польскую; 20,9 % — рускую; 4,3 % — беларускую; 2,1 % — літоўскую; 1,4 % — нямецкую; 0,5 % — татарскую; 0,3 % — украінскую; 0,4 % — іншыя мовы[69]. У канцы XIX ст. ва Усходняй Прусіі (Германская імперыя) налічвалася каля 115 тыс. літоўцаў[70].
У 1923 г. на тэрыторыі свайго кампактанага рассялення ў Літве налічвалася 1,70 млн літоўцаў; у 1940 г. — каля 2,4 млн; у 1945 г. — каля 2,1 млн; у 1959 г. — 2,15 млн; у 1970 г. — 2,50 млн; у 1979 г. — 2,71 млн; у 1989 г. — 2,92 млн; у 2001 г. — 2,90 млн; у 2011 г. — 2,56 млн.[71]
З часу аднаўлення незалежнасці (у 1990 г.) у Літве пачалася сталая дэпапуляцыя, якая па сваім тэмпам займае адно з першых месцаў у Еўропе, што выклікана значнымі штогадовымі хвалямі эміграцыі літоўцаў (у першую чаргу, працоўнай і на пастаяннае месца жыхарства замяжу), зніжэннем нараджальнасці і старэннем насельніцтва[72]. Паводле прагнозаў, у 2060 г. каля 40 % жыхароў Літвы будуць складаць людзі ўзростам за 60 год[73].
Паводле перапісу 2009 г. толькі 66,9 % жыхароў Літоўскай Рэспублікі жыве ў гарадах.
Значныя эміграцыйныя патокі літоўскага насельніцтва за межы свайго традыцыйнага і кампактнага рассялення пачаліся з другой паловы XIX ст., калі малазямельныя і беззямельныя сяляне пераязджалі для заробку ў прамысловыя гарады цэнтральнай часткі Расійскай імперыі (Санкт-Пецярбург, Масква, Адэса, Рыга, Тула, Калуга і інш.) і за межы Расійскай імперыі, галоўным чынам, у ЗША[74]. Галоўным цэнтрам дыяспары ў Расійскай імперыі быў Санкт-Пецярбург, дзе меліся невялікія культурныя цэнтры і таварыствы дапамогі літоўцаў. У 1869—1899 гг. у ЗША эмігрыравала каля 50 тысяч літоўцаў, у 1899—1914 гг. — звыш 252 тысяч, пасяліўшыся, галоўным чынам, у Чыкага, Лемонце і Нью-Ёрку, дзе былі адкрыты літоўскія культурныя цэнтры і каталіцкія парафіі[75]. У 1910 г. у ЗША пражывала 207 тыс. літоўцаў[76]. Частка эмігрантаў перасялілася і ў краіны Лацінскай Амерыкі. З пачаткам ваенных дзеянняў у ходзе Першай сусветнай вайны шмат літоўцаў-бежанцаў (да 300 тыс.) было эвакуіравана ў цэнтральныя губерні Расійскай імперыі: у Петраград і яго навакольная раёны (каля 150 тыс.), Маскву, Варонеж, Тамбоў, Яраслаўль, Кіеў і інш.[74]
Стварэнне Літоўскай Рэспублікі (1918—1940) прывяло як да іміграцыі, так эміграцыі насельніцтва. Паводле дагавора паміж Літвой і РСФСР ад 1920 г. на радзіму вярнулася большая частка літоўцаў-пасяленцаў і літоўскіх бежанцаў ад вайны[77]. У ЗША і іншыя краіны ў 1923—1939 гг. пераехала каля 80 тысяч літоўцаў[42]. Па прычыне таго, што ўрад ЗША ўстанавіў квоты колькасці эмігрантаў з розных краін, многія літоўцы вымушаны былі накіроўвацца ў Бразілію (31,4 % усіх літоўскіх эмігрантаў у міжваенны перыяд), Аргенціну, Уругвай і Канаду, дзе большая іх частка працавала малакваліфікаванымі работнікамі на сельскагаспадарчых плантацыях у цяжкіх умовах, таму многія літоўцы з цягам часу адтуль перасяляліся ў ЗША і іншыя краіны[78].
Літоўскае насельніцтва ў міжваенны перыяд (1918—1939) у Польшчы і Германіі (ва Усходняй Прусіі) падвяргалася адпаведна паланізацыі і германізацыі[42]. Савецкая ўлада ў міжваенны перыяд вызначыла Мінск (сталіца БССР) у якасці галоўнага культурнага цэнтра літоўскай дыяспары ў СССР, што мела ў першую чаргу сацыялістычны і паказны, прапагандысцкі характар для міжнароднай грамадскасці: у Мінску існаваў літоўскі сектар пры АН БССР, выдавалася газета на літоўскай мове «Чырвоны араты» (1927—1937), падручнікі і кнігі, інш. У Маскве выдаваўся часопіс на літоўскай мове «Кавадла» (1931—1938), у Ленінградзе і Маскве існавалі літоўскія нацыянальныя клубы і г.д. Аднак у 1937—1938 гг. савецкая ўлада ліквідавала ўсе літоўскія нацыянальныя арганізацыі і друк у СССР, а многія літоўцы ў СССР былі рэпрэсаваны[77]. Пасля ўключэння ў 1945 г. большай часткі Усходняй Прусіі ў склад СССР і стварэння Калініградскай вобласці, пачаліся сталінскія рэпрэсіі і высяленні немцаў і літоўцаў, якіх савецкія ўлады не адрознівалі ад немцаў па прычыне германізаванасці, з гэтай тэрыторыі ў Сібір, дзе большая частка іх загінула ў лагерах ад голаду[79].
Па прычыне ўключэння Літвы ў склад СССР з краіны выехала значная частка літоўскага насельніцтва, у тым ліку грамадскай эліты (буржуазія, інтэлігенцыя, клір), накіраваўшыся ў ЗША, Канаду і Аўстралію[80]. Паводле прыблізных падлікаў у 1945—1990 гг. за межамі Літоўскай ССР жыло каля 700 тыс. літоўцаў[81].
Пасля выхаду ў 1990 г. Літвы са складу СССР некаторыя эмігранты (у тым ліку, нашчадкі ранейшай эліты) пачалі вяртацца ў незалежную літоўскую дзяржаву. Напрыклад, другім прэзідэнтам атрымаўшай зноў у 1990 г. незалежнасць Літвы стаў Валдас Адамкус — сын начальніка генштаба арміі міжваеннай Літвы, рэпатрыянт з Чыкага (штат Ілінойс) і член рэспубліканскай партыі ЗША. У той жа час хвалі рээміграцыі ў параўнанні з эміграцыяй літоўцаў замяжу нязначныя.
У постсавецкі час (і асабліва пасля ўступлення Літвы ў 2004 г. у склад Еўрапейскага Саюза) эміграцыя набывае пагражальныя для краіны памеры, што тлумачыцца праблемамі літоўскай эканомікі (закрыццё многіх прадпрыемстваў, высокія цэны на энерганосьбіты і г.д.), адсутнасцю перспектыў і сацыяльных гарантый для маладых людзей, нізкімі заробкамі ці беспрацоўем у Літве. У 2012—2013 гг. узровень беспрацоўя ў Літве складаў 12—13 %[82]. З 1990 па 2010 г. з Літвы выехала каля 615 тыс. чалавек; прычым у 2001—2010 гг. эмігравала каля 337 тыс.[83] Паводле розных ацэнак, за перыяд з 2004 па 2014 г. з Літвы выехала ад 500 тыс. да 1 млн чалавек (перапіс насельніцтва ў 2011 г. праводзіўся ў тым ліку і па інтэрнэту, таму літоўскія эмігранты з любой кропкі свету маглі дэклараваць свае нібыта месцазнаходжанне ў Літве)[84]. Асноўнымі накірункамі літоўскай эміграцыі з’яўляюцца краіны Еўрапейскага саюза: так, у 2011 г. у Велікабрытаніі асела каля 50 % агульнай колькасці літоўскіх эмігрантаў; у Ірландыі — 10,4 %; у Нарвегіі — 7,1 %; у Германіі — 7 %; у Іспаніі — 3,6 %; у ЗША — 3,3 %; у Швецыі — 2,4 %; у Расіі — 2 %[85]. Гэта стварае новыя новыя цэнтры літоўскай дыяспары.
Паводле афіцыйных дадзеных, у Велікабрытаніі ў 2001 г. налічвалася 4 363 літоўца, а ў 2011 г. — ужо 97 083 літоўца[86]. У Ірландыі ў 2006 г. пражывала 36 683 літоўцы, а ў 2011 г. — ужо 43 847 літоўцаў[87]. З той прычыны сярод сучасных літоўцаў Велікабрытанія нават атрымала паў-жартаўлівую назву «Другая Літва» (Antra Lietuva), а Ірландыя — назву «Трэцяя Літва» (Trečia Lietuva)[88].
Літоўцы на Вікісховішчы |