Метакомет | |
---|---|
англ.: Metacomet | |
Род дзейнасці | правадыр племені |
Дата нараджэння | 1639[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 12 жніўня 1676[2][3] |
Месца смерці | |
Бацька | Масасойт[d] |
Жонка | Вутонекануске |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Метакомет (англ.: Metacomet, або кароль Філіп (англ.: King Philip; каля 1638 — 12 жніўня 1676 гг.) — вярхоўны правадыр канфедэрацыі індзейцаў-вампаноаг. Узначальваў ваенныя сілы алганкінскай кааліцыі ў вайне караля Філіпа.
Метакомет быў другім сынам Масасойта, правадыра вёскі Паканакет і вярхоўнага правадыра канфедэрацыі вампаноаг. У 1621 г. Масасойт заключыў пагадненне з англійскай Плімуцкай калоніяй, якое давала дазвол на пасяленне каланістаў на землях канфедэрацыі. Лічыцца, што ў 1660 г. разам са старэйшым братам Вамсута-Аляксандрам прыняў еўрапейскае імя. Перасяленцы называлі яго Філіп. Ва ўзросце 19 гадоў ажаніўся з Вутонекануске, малодшай сястрой Веетаму, жонкі Вамсута-Аляксандра. У далейшым Веетаму выступала яго дарадцам.
У 1661 г. Масасойт памёр. Вярхоўным правадыром на кароткі час стаў Вамсута-Аляксандр. Пасля яго смерці ў 1662 г. Метакомет узначаліў канфедэрацыю. Яго рэзідэнцыя знаходзілася ў Маўнт-Хоўп каля вёскі Паканакет (сучасны штат Род-Айленд).
Пагадненне паміж каланістамі і вампаноаг дапамагло апошнім у барацьбе супраць агрэсіўнай канфедэрацыі нарагансет. Але ў далейшым перасяленне англічан на іх землі суправаджалася памяншэннем колькасці чальцоў канфедэрацыі з-за завезеных з Еўропы эпідэмічных хвароб. У 1660—1670-я гг. сітуацыя ўскладнялася тым, што вампаноаг і іншыя алганкінскія прыбярэжныя плямёны не мелі тавараў, цікавых для англійскіх гандляроў, таму былі вымушаны расплочвацца за іх зямельнымі надзеламі.
Метакомет падтрымліваў добрыя зносіны з кіраўнікамі калоніі Масачусецкага заліва, займаўся пакупкамі ў Бостане, трымаў па еўрапейскаму звычаю свойскіх свінняў. Аднак у 1671 г. улады Плімуцкай калоніі абвінавацілі Метакомета ў варожым настроі і прымусілі падпісаць у Тонтане мірны дагавор, які прадугледжваў здачу агнястрэльнай зброі. У 1674 г. Джон Сасамон, хрысціянін індзейскага паходжання, паведаміў адміністрацыі Плімуцкай калоніі пра падрыхтоўку паўстання з боку прыхільнікаў Метакомета. У 1675 г. ён быў забіты. Адміністрацыя калоніі арыштавала 3 воінаў-вампаноаг, абвінаваціла іх у забойстве і 8 чэрвеня пакарала смерцю.
Пакаранне трох воінаў-вампаноаг стала зачэпкай для адкрыцця ваенных дзеянняў супраць каланістаў. Аднак сілы вампаноаг былі абмежаваны прыкладна 1000 дарослых мужчын, у той час як насельніцтва англійскіх калоній набліжалася да 35 000 чалавек. Таму ён заключыў саюзныя пагадненні з суседнімі плямёнамі і пасля арганізацыі сумеснай рады ў Маўнт-Хоўп арганізаваў напад на памежнае паселішча каланістаў Суонсі, што скончылася забойствам усяго яго насельніцтва, уключаючы дзяцей і жанчын.
Алганкінская тактыка нечаканых начных нападаў на паселішчы і крэпасці, засад у перасечанай мясцовасці, жорсткага катавання палонных на першых парах была больш эфектыўнай, чым ваенныя акцыі каланістаў. Аднак індзейцы не былі падрыхтаваны да доўгатэрміновай вайны. З-за перанаселенасці ўзімку 1675—1676 гг. у Маўнт-Хоўп назіраўся недахоп ежы і пораху. Увесну каланісты знішчалі агароды алганкінаў. У чэрвені 1676 г. каланісты і саюзныя ім моэган нанеслі некалькі істотных паражэнняў паўстанцам.
12 жніўня 1676 г. каланісты-добраахвотнікі і саюзныя ім індзейцы ўзялі ў аблогу Маўнт-Хоўп. Падчас бою Метакомет быў забіты індзейцам Джонам Алдэрмэнам. Яго цела было чвартавана, а галава насаджана на дзіду.
У гонар Метакомета названы шэраг населеных пунктаў, вуліц, дарог і грамадскіх устаноў у Масачусетсе, Род-Айлендзе, Канектыкуце і Ваёмінгу, 1 горная града на поўдні Новай Англіі, 1 скала ў Масачусетсе, 1 гара ў Канектыкуце, 1 возера ў Масачусетсе, 1 вадасховішча ў Масачусетсе, 1 парк у Масачусетсе. У 1856 г. у Сан-Францыска быў пабудаваны парусны карабель «Кароль Філіп», у 1863 г. у Брукліне — ваеннае судна «Метакомет».