Панцеляймо́н Кандра́тавіч Панамарэ́нка (9 жніўня 1902, Майкопскі аддзел[d], Кубанская вобласць[d] — 18 студзеня 1984[1], Масква) — беларускі і савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, генерал-лейтэнант (1943). Старшыня Савету Народных Камісараў (Савету Міністраў) БССР (1944—1948), Першы сакратар ЦК КП Беларусі (1938—1947), начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху (1942—1944).
Нарадзіўся 9 жніўня 1902 года на хутары Шолкаўскі Беларэчанскай воласці Майкопскага аддзела Кубанскай вобласці Расійскай імперыі (цяпер — Беларэчанскі раён Краснадарскага краю Расіі) ў сялянскай сям’і.
У 1918 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнік Грамадзянскай вайны 1917—1922. З 1919 працаваў на нафтапромыслах, пасля на чыгуначным транспарце. З 1922 на камсамольскай працы. Скончыў Маскоўскі інстытут інжынераў транспарту (1932). У 1932—1936 служыў у Чырвонай Арміі. З 1936 года — інжынер Усесаюзнага электратэхнічнага інстытута. З 1937 года — у апараце ЦК УКП(б).
У 1938—1947 гадах — першы сакратар ЦК КП(б)Б. Даваў згоду на арышт і асуджэнне дзяржаўных і партыйных работнікаў БССР[2][3].
21 лістапада 1938 года падрыхтаваў справаздачу «О Белорусском языке, литературе и писателях». У ёй П. Панамарэнка дакладаў дзяржсакратару ЦК аб тым, што, азнаёміўшыся з беларускімі пісьменнікамі і іх настроямі, ён зрабіў шэраг высноў, па рэалізацыі якіх хацеў бы параіцца са Сталінам. Панамарэнка для перадачы беларускай мовы скарыстоўваў расійскую транскрыпцыю (накшталт «щирых белорусов»), абражаў культуру і мову, фактычна падпісваў смяротны прысуд літаратурным дзеячам, абвінаваціўшы іх у «контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай працы, ідэйна кіруемых заўсёды дзясяткам прафашысцкіх пісьменнікаў (у тым ліку Янкам Купалай і Якубам Коласам[4])…» Панамарэнка ў сваёй справаздачы прапаноўваў:
«…Рашуча ачысціць літаратуру ад твораў з нацыянал-фашысцкай кантрабандай (сёе-тое мы ў гэтым напрамку ўжо зрабілі), падняць літаратурную, адданую моладзь, асвяжыць літаратуру, умацаваць кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў».
Затым пісаў, якія крокі ўжо былі праведзены ў бок саюзу пісьменнікаў, і дадаваў:
«Па двух пытаннях:
- а) пра прапанаваныя мерапрыемствы ў дачыненні да беларускай мовы — граматыкі і літаратуры;
- б) пра стаўленне да пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, — я прашу Вас даць мне параду».[5]
Але ўжо літаральна праз месяц Панамарэнка папрасіў узнагародзіць разам з іншымі пісьменнікамі Якуба Коласа: «…У яскравых мастацкіх вобразах паказаў барацьбу беларускага народа супраць белапольскіх акупантаў…»[4]
З пачатку 1939 года ўдзельнічаў у выкрыцці кіраўнікоў НКУС БССР, абвінавачаных у грубых парушэннях рэвалюцыйнай законнасці і злоўжываннях уладай. З 1939 года таксама член Ваеннага савета Беларускай ваеннай акругі, прымаў удзел у кіраўніцтве войскамі, што ўвайшлі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Менавіта Панамарэнка пераканаў Іосіфа Сталіна ў тым, што Палессе з Брэстам i Пінскам мусяць быць менавіта ў складзе БССР[6].
У гады Вялікай Айчыннай вайны быў членам ваенных саветаў 3-й ударнай арміі, Заходняга, Цэнтральнага і Бранскага франтоў. У 1942—1944 гг. — начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Непасрэдна пасля вызвалення БССР Сталін прад’явіў прапанову змяніць межы рэспублікі з РСФСР. У жніўні гатовы быў праект перадачы Расійскай Федэратыўнай Рэспубліцы Полацкай вобласці. Дзякуючы настойлівым старанням I сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі, падмацаваным аргументамі аб ахвярнасці насельніцтва Беларусі ў барацьбе з нямецкім акупантам, беларускім камуністам удалося абараніць усходнія межы рэспублікі[7][8].
У 1944—1948 гг. — Старшыня СНК (з 1946 Савет Міністраў) БССР. У 1948—1953 гг. — сакратар ЦК УКП(б), адначасова ў 1950—1953 гг. — Міністр нарыхтовак СССР. З 16 кастрычніка 1952 па 6 сакавіка 1953 — член Палітбюро ЦК КПСС. У 1953—1954 гг. — Міністр культуры СССР. У 1954—1955 гг. — першы сакратар ЦК Кампартыі Казахстана.
З 1955 года — пасол СССР у Польшчы. З 1957 года — пасол СССР у Індыі і Непале, з 1959 года — у Нідэрландах.
Памёр 18 студзеня 1984 года ў Маскве. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.
Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ордэнам Суворава I ступені, ордэнам Айчыннай вайны I ступені, ордэнам «Знак Пашаны».