Папялец

Папялец, папяльцовая серада́ — першы дзень Вялікага посту ў каталікоў, за 40 дзён да Вялікадня.

Назва паходзіць ад абраду пасыпання пад час імшы ксяндзом галоў вернікаў попелам вярбы, пасвечанай летась на Вербным (Пальмавым) тыдні, што мусіць настроіць на пакаянне і самаабмежаванне. Разам з тым некаторыя народныя забавы на Папялец былі працягам карнавальных (кпіны, часам непрыстойныя, з дзеўчын, якія не паспелі выйсці замуж да пачатку посту). Абавязак вернікаў у гэты дзень — сціслы пост не толькі ў якасным, але і ў колькасным дачыненні (дазваляецца толькі адзін прыём ежы дасыта). Многія па традыцыі ўжывалі толькі хлеб і ваду. У гэты дзень прынятыя стравы з селядца, з XIX ст. — з бульбы, а таксама боршч, садавіна і г.д. У аўторак перад Папяльцом, у апошні дзень карнавалу, апоўначы мусіла сціхаць музыка і жарты і ў залу, дзе адбываліся забавы, урачыста ўносілі шкілет селядца на шасце, як напамін пра марнасць зямнога існавання.

Як і іншыя хрысціянскія святы, звязаныя з Вялікаднем, датай Папяльца — рухомая, і штораз вылічваецца паводле асаблівай формулы.

  • Белы А. Папялец // Праект «Наша ежа»