Партал юрскага перыяду | |
---|---|
англ.: Primeval | |
![]() | |
Жанр | навуковая фантастыка на тэлебачанні[d] і фэнтэзійны тэлесерыял[d] |
Стваральнік |
Эдрыен Ходжэс Цім Хейнс |
Сцэнарыст |
Цім Хейнс Эдрыен Ходжэс Беў Дойл Рычард Кёрці Кэмеран Макалістэр Стыў Бейлі Пол Фэрэл Пол Мозлі |
Рэжысёр |
Джэймі Пейн Сіла Вэа Эндру Ган Нік Мёрфі Рычард Карсан Сміт Марк Іверэст Тоні Мітчэл |
У ролях |
Дуглас Хэншал Джэйсан Флемінг Джэймс Мюрэй Эндру Лі Потс Люсі Браўн Ханна Спірыт Лайла Руас Бен Мэнсфілд Джуліет Обры Бен Мілер |
Краіна | |
Мова | англійская[1] |
Колькасць сезонаў | 5 |
Колькасць серый | 36 (спіс эпізодаў[d]) |
Вытворчасць | |
Прадзюсар |
Цім Брэдлі - Сезон 3 Пол Фрыфт - Сезон 2 Кэмеран Макалістэр - Сезон 1 |
Працягласць серыі | 45 хв. |
Студыя | BBC |
Трансляцыя | |
Тэлеканал | ITV |
На экранах | 10 лютага 2007 — 28 чэрвеня 2011 |
Спасылкі | |
itv.com/primeval | |
IMDb | ID 0808096 |
«Партал юрскага перыяду» (таксама вядомы як «Паралельны свет» ці «Першабытны» (англ.: Primeval)) — брытанскі навукова-фантастычны тэлесерыял, які быў зняты для брытанскага тэлеканала ITV кампаніяй «Impossible Pictures». Аўтарамі ідэі з’яўляюцца Эдрыен Ходжэс і Цім Хейнс, якія таксама стварылі дакументальны серыял «Шпацыры з…». «Партал юрскага перыяду» апавядае пра каманду з пяці вучоных, мэтай працы якіх з’яўляецца выяўленне часавых парталаў і нейтралізацыя небяспечных дагістарычных істот, якія пранікаюць праз іх.
Паказ серыяла пачаўся ў Вялікабрытаніі 10 лютага 2007 года, але з тых часоў быў паказаны ўжо ў шматлікіх краінах свету, у тым ліку і ў Расіі на канале ТБ-3 з 15 лістапада 2008 года. Першыя паказы серыяла прайшлі з пазітыўнымі паказчыкамі, доля аўдыторыі не апускалася ніжэй 25 % ад агульнага ліку тэлегледачоў серыяла ў Вялікабрытаніі на працягу першых двух сезонаў[2]. У ЗША першыя сезоны трансліраваліся на тэлеканале «BBC America» і атрымалі станоўчыя ацэнкі ад амерыканскіх крытыкаў[3]. Трэці сезон планавалася пачаць 30 студзеня 2008 года[4], але пачалі толькі 28 сакавіка 2009 года. У ЗША трэці сезон быў прадстаўлены на суд грамадскасці 16 мая 2009 года на тэлеканале «BBC America».
15 чэрвеня 2009 года ITV абвясціў, што паказ завершаны і чацвёртага сезону не будзе[5]. Аднак, 29 верасня 2009 года было абвешчана пра дасягнуты паміж некалькімі кампаніямі пагадненні на здымкі 4 і 5 сезонаў у 2011 годзе. Паказ першага з двух новых сезонаў пачаўся на Новы год на канале ITV1 у Вялікабрытаніі і на «BBC Амерыка» ў ЗША[6]. Апошні сезон серыяла ўжо быў паказаны на канале «Watch» у перыяд з 24 мая па 28 чэрвеня 2011 года, а затым яго можна будзе ўбачыць на канале ITV1 у 2012 годзе. 3 лістапада 2011 года паказ 4 сезону пачаўся ў Расіі на тэлеканале ТБ-3[7]. «Impossible Pictures» ніяк не каментавала будучыню серыяла, пачынаючы з запуску вытворчасці 5 сезону ў лістападзе 2010 года. Канадскі спін-оф, названы «Партал юрскага перыяду: Новы свет», быў анансаваны 15 верасня 2011 года, а пачатак вытворчасці вызначана на зіму[8].
Першы сезон здымаўся на студыі Pinewood, а таксама ў такіх месцах як Black Park, Бакінгемшыр, лонданскі метрапалітэн, стадыён «New Den» (хатні стадыён футбольнага клуба «Мілуал»), цэнтр інжынернага і вытворчага мастацтва (Хейверынг), заапарк Уіпснейд, Лонданскі заапарк, Канарскія астравы, гандлёвы цэнтр Bentalls (Кінгстан-апан-Тэмс), Thorpe Park (Сурэй), борнмуцкі пляж, жылы масіў Alexandra Road (Камдэн) і Брытанскі музей. Будынак Эдварда, герцага Кенцкага ва ўніверсітэце Сурэя (Гілдфард) выкарыстоўваўся як штаб кватэра Цэнтра па даследаванні анамалій[9][10].
Здымкі другога сезону былі скончаны 1 кастрычніка 2007 года. Паказаны другі сезон быў напачатку 2008 года[11]. Кэралайн Стыл і Олівер Лік, адлюстроўваныя Наомі Бэнтлі і Карлам Тэабальдам адпаведна, сталі двума новымі героямі, абодва з якіх таемна змовіліся з Хелен Катэр[11]. Перадапошні эпізод другога сезону быў напісаны сцэнарыстам серыяла «Доктар Хто» Полам Корнелам[12].
Каб скараціць выдаткі і выкарыстоўваць ірландскія падатковыя паслабленні для тэлевізійных праектаў, здымачная група пераехала ў Ірландыю, а менавіта ў месцы каля Дубліна і Уіклау, дзе 22 сакавіка 2010 года пачаліся здымкі чацвёртага і пятага сезонаў. Здымкі праходзілі ў сядзібе Powerscourt (каля пасёлка Эніскеры), амфітэатры «The O2», дублінскім порце, а таксама ў гарадскіх раёнах Дубліна Рынгсенд і Парк-Уэст[13][14].
Незадоўга да прэм’еры па ўсім Лондане былі ўстаноўлены рэкламныя шчыты і банеры. Было некалькі плакатаў, на якіх істоты з першага сезону серыяла былі намаляваны ў перабольшаных памерах (Артраплеўра ў серыяле па памерах параўнальная з чалавекам, тады як на плакаце яна была намалявана памерам з дом). У другога і трэцяга сезонаў таксама былі шырокія рэкламныя кампаніі.
У маі 2009 года «The Sun» паведаміла, што серыял можа быць выключаны з вяшчальнай сеткі ITV, з прычыны страт у памеры 2,7 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў (хоць не выключана, што з прычыны вялікага бюджэту серыяла). ITV адмаўляў гэту інфармацыю, выступіўшы з паведамленнем пра тое, што гэта няпраўда, яны не збіраюцца спыняць паказ, які не ажыццяўляўся толькі падчас рамонтных прац[15]. Аднак, да чэрвеня 2009 года брытанскі тэлеканал пацвердзіў, што паказ скончаны[5]. У той жа час здымачнай групе было прапанавана паспрабаваць захаваць серыял іншымі спосабамі, якія дазволяць зменшыць выдаткі і вытворчы бюджэт[16][17]. Прадстаўнік ITV сказаў наступнае:
«Пасля трох вельмі паспяховых сезонаў серыяла, у наш час мы не плануем яго працягваць. Але іншыя высакаякасныя драмы будуць па-ранейшаму займаць ключавыя пазіцыі ў сетцы вяшчання нашага тэлеканала».
Верагоднай прычынай зачынення серыяла сталі страты тэлеканала на працягу 2009 года ў памеры 105 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. У выніку і іншыя папулярныя тэлесерыялы і шоу былі выключаны з вяшчальнай сеткі, напрыклад тэлесерыял «Біццё сэрца»[18]. Нягледзячы на гэта, 29 верасня 2009 года было абвешчана пра запуск здымкаў 4 і 5 сезонаў серыяла, у якіх захаваўся амаль увесь акцёрскі склад 3 сезону[19]; толькі Лайла Руас[20] заявіла пра тое, што не збіраецца вяртацца. Паводле новага пагаднення, меркавалася зняць 7 эпізодаў чацвёртага сезону, якія планавалі паказаць на ITV напачатку 2011 года, а затым паўтарыць на канале Watch UKTV, а 6 эпізодаў пятага сезону планавалася паказаць спачатку на канале Watch, а паўтарыць на ITV1[21]. Здымкі новых сезонаў пачаліся 22 сакавіка 2010 года, а скончыліся ў лістападзе[14]; дата прэм’еры была прызначана на студзень 2011 года. Здымкі чацвёртага сезону скончыліся 25 чэрвеня, і адразу ўслед за гэтым стартавала вытворчасць пятага сезону[22].
7 красавіка 2010 гады былі прадстаўлены тры новых героя серыяла. Імі сталі вучоны Філіп Бёртан, сыграны Аляксандрам Сідзігам, Мэт Эндэрсан, новы палявы лідар, роля якога выканаў Кіяран Макменамін, і Джэс Паркер, гераіня актрысы Руты Кірні, якая будзе кіраваць аперацыямі з цэнтра па даследаванні анамалій[23]. 8 чэрвеня 2010 года рэжысёр чацвёртага сезону ірландзец Роберт Куін заявіў у інтэрв’ю, што ў пятым і шостым эпізодах чацвёртага сезону з’яўляюцца пачвары з будучыні, якія спачатку тэрарызуюць прыморскую вёску (знятую ва Уіклау), а затым атакуюць старадаўні замак[24].
Паміж ITV і Warner Bros. было складзена пагадненне на здымкі мастацкага фільма па матывах тэлесерыяла. Правы на вытворчасць былі выкуплены Аківай Голдсманам і Кэры Фостэрам — прадзюсарамі новага праекта[25]. 15 верасня 2011 года было абвешчана пра стварэнне канадскага спін-офа серыяла пад назвай «Партал юрскага перыяду: Новы свет», паказы якога плануецца весці на канадскім тэлеканале Space. Гэта сумесная вытворчасць кампаній Omni Film productions, Impossible Pictures і Bell Media. Вытворчасць плануецца пачаць у Ванкуверы і Брытанскай Калумбіі ўзімку 2011 года[26].
Сезон | Колькасць эпізодаў | Даты паказаў у Вялікабрытаніі | |
---|---|---|---|
Прэм'ера сезону | Фінал сезону | ||
1 | 6 | 10 лютага 2007 | 17 сакавіка 2007 |
2 | 7 | 12 студзеня 2008 | 23 лютага 2008 |
3 | 10 | 28 сакавіка 2009 | 6 чэрвеня 2009 |
4 | 7 | 1 студзеня 2011 | 5 лютага 2011 |
5 | 6 | 24 мая 2011 | 28 чэрвеня 2011 |