Секвоя (правадыр чэрокі)

Секвоя
ᏍᏏᏉᏯ
Род дзейнасці ювелір
Дата нараджэння каля 1770
Месца нараджэння Таскегі, Тэнесі
Дата смерці 1843
Месца смерці Сан-Фернанда, Мексіка
Грамадзянства Нацыя Чэрокі
Бацька Nathaniel Gist[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Секвоя (чэрокі: ᏍᏏᏉᏯ, англ.: George Gist; каля 1770, Таскегі, Тэнесіжнівень 1843, Сан-Фернанда, Мексіка) — правадыр чэрокі, ювелір, стваральнік пісьмовасці чэрокі. Секвоя з'яўляецца адным з першых карэнных амерыканцаў, які самастойна склаў арыгінальнае пісьмо для раней непісьмовай мовы.

Нарадзіўся і выхоўваўся на тэрыторыі сучаснага штата Тэнесі ў сям'і маці. Па адной з версій, яго бацькам быў гандляр нямецкага паходжання Натаніэль Гіст. У пачатку XIX ст. разам з іншымі чэрокі перасяліўся ў Алабаму. Нягледзячы на кульгавасць удзельнічаў у англа-амерыканскай вайне 1812 - 1814 гг. у якасці дабраахвотніка-вершніка на баку ЗША. У 1814 г. прымаў удзел у ваеннай кампаніі генерала Эндру Джэксана супраць маскогі.

Асноўным заняткам Секвоі была ювелірная справа, выраб срэбраных пацерак, прычым гэтую прафесію асвоіў самастойна. У 1809 г. упершыню зацікавіўся магчымасцю стварэння пісьмовасці на мове чэрокі. Ён скончыў працу толькі праз 10 гадоў. Першымі складзеную ім пісьмовасць вывучылі яго дачка і блізкія сваякі. У 1821 г. Секвоя прадставіў пісьмовасць правадырам заходніх чэрокі ў Арканзасе і з дапамогай дачкі ўпэўніў іх у яе карысці. Навіна пра тое, што ў чэрокі з'явілася сваё пісьмо хутка стала вядома і шырока абмяркоўвалася ў ЗША. У 1824 г. урад нацыі чэрокі ўзнагародзіў яго срэбраным медалём. У 1825 г. пісьмовасць, створаная Севоям, была прынята афіцыйна і стала вывучацца ў школах. У 1828 г. урачыста прадставіў пісьмовасць у Вашынгтоне.

З 1829 г. жыў у Аклахоме. У гады масавага перасялення чэрокі ў Аклахому выступаў за аб'яднанне ўсходняй і заходняй частак свайго народа. У канцы 1830-х гг. - пачатку 1840-х гг. вандраваў па Арызоне, Нью-Мексіка і поўначы Мексікі. Па адной версіі, Секвоя імкнуўся распаўсюдзіць пісьмовасць сярод іншых індзейскіх народаў. Па версіі, больш папулярнай сярод чэрокі, ён шукаў групы чэрокі-мігрантаў, каб запрасіць іх у Аклахому. Падчас адной з такіх паездак у Мексіку ён памёр.

Секвоя ўпершыню пазнаёміўся з пісьмом падчас кантактаў з еўрапейцамі, калі сам быў непісьменным. Ён не зразумеў ідэю гукавага алфавіта, хаця карыстаўся лацінскімі літарамі пры распрацоўцы сімвалаў. Першапачаткова Секвоя імкнуўся стварыць пісьмовасць чэрокі на аснове піктаграм і лагаграм, але не меў поспеху. У выніку пісьмовасць атрымалася складовай. Першыя 6 сімвалаў значаць ізаляваныя гукі, астатнія сімвалы — склады:

Пасля смерці было створана некалькі скульптур Секвоі. Адна з іх з 1917 г. знаходзіцца ў амерыканскім Капітоліі. У 1965 г. штат Аклахома абвясціў хаціну, у якой жыў Секвоя, гістарычным помнікам. На месцы нараджэння Секвоі ў Тэнесі працуе прысвечаны яму музей.

Імя Секвоі атрымалі графства ў Аклахоме, горы ў Арканзасе, на пемежжы Тэнесі і Паўночнай Караліне, пячора ў Алабаме, від казуркі, што сустракаецца на захаднім узбярэжжы ЗША і Канады, атамная электрастанцыя ў Тэнесі, нацыянальны даследчы цэнтр у Арканзасе, яхта, якая знаходзілася ў распараджэнні Прэзідэнта ЗША, штогадовая студэнцкая ўзнагарода ў Аклахоме, школы і клубы ў розных штатах ЗША. У 1905 г. прапаноўвалася стварэнне асобнага штата Секвоя.