Тадэвуш Бжазоўскі | |
---|---|
польск.: Tadeusz Brzozowski | |
![]() | |
Род дзейнасці | генерал Таварыства Ісуса (1814-1820) |
Дата нараджэння | 21 кастрычніка 1749[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 5 лютага 1820[1] (70 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Веравызнанне | каталіцтва |
Месца працы | |
![]() |
Тадэвуш Бжазоўскі (польск.: Tadeusz Brzozowski, руск.: Фаддей Бжозовский; 21 кастрычніка 1749, Каралявец — 5 лютага 1820, Полацк[2]) — дзеяч каталіцкага касцёла, дзевятнаццаты генерал Таварыства Ісуса (у 1814—1820 гг.), педагог.
Тадэвуш Бжазоўскі нарадзіўся ў ў Караляўцы, у сям’і польскага паходжання. 26 жніўня 1765 г. у Нясвіжы ўступіў у Таварыства Ісуса. Адукацыю атрымаў у езуіцкіх калегіумах у Слуцку (1767—1770), дзе вывучаў рыторыку, грэчаскую і французскую мовы і літаратуру, і Нясвіжы (1770—1773), дзе займаўся філасофія і матэматыкай. Пасля скасавання Папам Кліментам XIV Таварыства Ісуса (1773) вывучаў тэалогію ў Віленскай дыяцэзнай семінарыі. У 1775 г. быў высвечаны на ксяндза у Пінску. Потым працаваў настаўнікам у сем’ях багатай шляхты і выкладчыкам ў школах Адукацыйнай камісіі ў Мінску[2].
Тым часам, на колішніх землях Вялікага Княства Літоўскага, якія ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, працягвала кіпець жыццё езуіцкай супольнасці. Кацярына ІІ забараніла агалошваць папскае брэвэ Dominus ac Redemptor, а таму з фармальнага пункту гледжання яно ў яе ўладаннях так і не набыло моц. Імператрыца прыязна ставілася да езуітаў, імкнучыся выкарыстоўваць іх у сваіх асветніцкіх і палітычных мэтах, а тыя, у сваю чаргу, адказвалі расійскім уладам падкрэсленай лаяльнасцю.
Пасля таго, як папа Пій VI даў згоду на адкрыццё ў Полацку, буйнейшым езуіцкім цэнтры Расійскай імперыі, навіцыяту (урачыста адкрыты 2 лютага 1780 г.) і, тым, самым дэ-факта прызнаў існаванне Таварыства Ісуса ў Расіі, натхнёныя езуіты з усёй Еўропы імкнуцца перабрацца на беларускія землі, каб працягнуць выкананне сваёй ордэнскай місіі. Не стаў выключэннем і Тадэвуш Бжазоўскі. У 1782 г. ён прыехаў у Полацк і паступіў у навіцыят, а праз год даў манаскія абяцанні.
Маючы выдатную лінгвістычную падрыхтоўку (дасканала ведаў лаціну, французскую, нямецкую і рускую мовы) Тадэвуш Бжазоўскі займаўся перакладам на польскую тэалагічнай літаратуры. Быў прэфектам школ, выкладчыкам нямецкай і французскай моў у Оршы (1784—1785), прапаведнікам, прэфектам школ і выкладчыкам французскай у Полацку (1785—1789), прэфектам школ у Віцебску (1789—1791), а потым ізноў прапаведнікаму ў Полацку (1791—1797)[3].
Выдатна прявіўшы свае здольнасці і заваяваўшы высокі аўтарытэт сярод братоў-езуітаў, Тадэвуш Бжазоўскі быў прызначаны сакратаром Таварыства Ісуса (1797—1805) і працаваў пад непасрэдным кіраўніцтвам выдатных езуіцкіх дзеячаў — Габрыэля Лянкевіча, Францішка Караў і Габрыэля Грубера[2]. (Адначасова з гэтым займаў пасаду прэфекта Полацкай друкарні[4][5].) У 1801 г. быў зроблены значны крок да аднаўлення Таварыства Ісуса: Папа Пій VI сваім брэвэ Catholicae fidei афицыйна дазволіў дзейнасць езуітаў у межах Расійскай імперыі, і Францішак Караў, які на той момант займаў пасаду генеральнага вікарыя, атрымаў права называцца «генералам Таварыства Ісуса ў Расіі». У 1802 годзе Тадэвуш Бжазоўскі быў прызначаны яго асістэнтам (1802—1805)[2].
Неўзабаве пасля трагічнай смерці на пажары Габрыэля Грубера, былога галавы Таварыства, адбылася V Полацкая генеральная кангрэгацыя. 2 верасня 1805 г. Тадэвуш Бжазоўскі быў абраны новым генералам[6].
Тадэвуш Бжазоўскі не здабыў славы вучонага-эрудыта альбо здольнага адміністратара. Тым не менш, стоячы на чале ордэна, разам з паплечнікамі ён здолеў дамагчыся прыкметных поспехаў. Так развівалася пастырская і адукацыйная дзейнасць Таварыства. Былі заснаваныя місіі ў Маздоку (1806), Іркуцку (1811) і Томску (1815). У паўночнаамерыканскія місіі ў 1806—1811 гг. былі накіраваныя 8 езуітаў з Беларусі.
Але самым важным дасягненнем Тадэвуша Бжазоўскага стала тое, што ён здолеў адстаяць незалежнасць Полацкага езуіцкага калегіума ад Віленскага ўніверсітэта і, больш, таго дамагчыся пераўтварэння галоўнага адукацыйна-навуковага цэнтра езуітаў у Полацкую езуіцкую акадэмію з усімі правамі ўніверсітэта (1812)[2].
У час вайны 1812 года езуіты трымалі падкрэслена лаяльна да расійскай улады. Аднак з 1813 г. адносіны ордэна з урадам пагоршыліся. Тадэвуш Бжазоўскі адмовіўся стаць членам Біблейскага таварыства, куды па жаданні імператара ў вайшлі многія праваслаўныя іерархі, а таксама каталіцкі мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч[7].
Папская була Sollicitudo omnium ecclesiarum ад 7 жніўня 1814 г. аднаўляла Таварыства Ісуса па ўсім свеце, а таму Тадэвуш Бжазоўскі афіцыйна стаў дзевятнаццатым генералам ордэна, галавой усіх езуітаў свету. Такі паварот у адносінах паміх папствам і Таварыствам выклікаў незадавальненне пры расійскім двары, які незваротна губляў уплыў на палітыку ордэна. Абурэнне праваслаўнага духавенства з нагоды актыўнасці езуітаў у адукацыйнай сферы і празелітызму толькі дадавала напружанасці ў адносіны паміж Аляксандрам І і Ордэна. Як вынік, усе езуіты на чале з генералам (ён жыў у сталічнай рэзідэнцыі) высылаліся з Санкт-Пецярбурга, а самаму Тадэвушу Бжазоўскаму забаранялася пакідаць межы імперыі.
Не атрымаўшы імператарскага дазволу на ад’езд у Рым, генерал з 1815 па 1820 гг. жыў у Полацку, дзе і памёр 5 лютага 1820 г. Неўзабаве пасля яго канчыны, Таварыства Ісуса было забаронена ў Расіі, а езуіты мусілі хутка пакінуць краіну.