Фрэнсіс Альберт Сінатра (12 снежня 1915, Гобакен, Нью-Джэрсі — 14 мая 1998, Лос-Анджэлес) — амерыканскі акцёр, спявак і шоумен.
Вядомы рамантычным стылем выканання песень і «мядовым» голасам. У маладыя гады меў мянушку Фрэнкі (англ.: Frankie) і Голас (англ.: «the Voice»), у пазнейшыя гады — Містар Блакітныя Вочы (англ.: Ol' Blue Eyes), а затым паважлівае Старэйшына (англ.: Chairman of the Board). Песні ў яго выкананні ўвайшлі ў класіку эстрады і стылю свінг, сталі найбольш яркімі ўзорамі эстрадна-джазавай манеры спеву «крунінг», на якой былі выгадаваны некалькі пакаленняў амерыканцаў. За 50 гадоў актыўнай творчай дзейнасці Фрэнк Сінатра запісаў каля 100 нязменна папулярных дыскаў і сінглаў, выканаў усе самыя вядомыя песні найбуйнейшых кампазітараў ЗША — Джорджа Гершвіна, Кола Портэра і Ірвінга Берліна. Фрэнк Сінатра з’яўляецца адным з найбольш уплывовых артыстаў папулярнай музыкі 20 стагоддзя.
У 1997 годзе атрымаў вышэйшую ўзнагародай ЗША — Залаты медаль Кангрэса.
Сінатра — сын італьянскіх эмігрантаў, якія на мяжы стагоддзяў яшчэ дзецьмі са сваімі бацькамі аселі на ўсходнім узбярэжжы Амерыкі. Яго бацька быў выхадцам Палерма (Сіцылія) і працаваў прафесійным баксёрам, пажарнікам і барменам. Маці Сінатры была родам з паўночнаітальянскага горада Лумарца (недалёка ад Генуі) і займала пасаду мясцовага старшыні Дэмакратычнай партыі ў Гобакене. Фрэнк быў адзіным дзіцём у сям’і. Ён рос у сціплым становішчы, у параўнанні з становішчам шматлікіх іншых італьяна-амерыканскіх імігрантаў.
З ранніх гадоў яго цікавіла музыка, і з 13 гадоў ён падзарабляў з дапамогай укулеле, маленькай музычнай усталёўкі, і мегафона ў барах свайго горада. З 1932 у Сінатры былі невялікія выступы на радыё. Калі ў 1933 на канцэрце ў Джэрсі-Сіці ён убачыў свайго куміра Бінга Крозбі, то цвёрда вырашыў стаць спеваком. Акрамя таго, ён працаваў таксама спартыўным журналістам мясцовай газеты падчас Вялікай дэпрэсіі ў 1930-я гг., пасля таго як без дыплома пакінуў ВНУ. Кіно выклікала ў яго вялікую зацікаўленасць, а яго любімым акцёрам быў Эдвард Г. Робінсан, які тады здымаўся часцей за ўсё ў фільмах пра гангстараў.
З групай «The Hoboken Four» Сінатра выйграў у 1935 конкурс маладых талентаў папулярнага тады радыёшоу «Major Bowes Amateur Hour» («Гадзіна для аматараў Вялікага Боўза») і праз некаторы час паехаў з імі ў сваё першае нацыянальнае турнэ. Пасля гэтага 18 месяцаў з 1937 ён працаваў па абавязку ў якасці шоумена ў музычным рэстаране ў Нью-Джэрсі, які таксама наведвалі такія вялікія артысты, як Кол Портэр, і выступамі на радыё заклаў асновы для сваёй прафесійнай кар’еры.
Штуршок кар’ернаму ўзлёту Сінатры дала праца ў знакамітых свінгавых джаз-аркестрах трубача Гары Джэймса і трамбаніста Томі Дорсі ў 1939—1942 гг. У лютым 1939 Сінатра ажаніўся з Нэнсі Барбата. У гэтым шлюбе ў 1940 нарадзілася Нэнсі Сінатра, якая пазней стала вядомай спявачкай. За ёй нарадзіліся ў 1944 Фрэнк Сінатра-малод. (у 1988—1995 гг. кіраўнік аркестра Сінатры) і ў 1948 Ціна Сінатра, якая працуе кінапрадзюсарам.
У канцы 1940-х гадоў у Сінатры пачаўся творчы крызіс жанру, які супаў па часе з бурным раманам з актрысай Авай Гарднер. 1949 стаў самым цяжкім у кар’еры Сінатры: яго звольнілі з радыё, а праз паўгода планы па правядзенні канцэртаў у Нью-Ёрку былі цяжка парушаныя. Нэнсі падала на развод, а раман з Гарднер перарос у гучны скандал. «Columbia Records» адмовіла яму ў студыйным часе. У 1950 яго кантракт з MGM быў скасаваны, а новы агент з MCA таксама адвярнуўся ад Сінатры. Ва ўзросце 34 гады Фрэнк стаў «чалавекам мінулага». У 1951 Сінатра ажаніўся з Авай Гарднер, з якой развёўся праз шэсць гадоў. Акрамя гэтага, Сінатра страціў голас пасля наймацнейшай прастуды. Усе гэтыя няшчасці былі настолькі нечаканыя і цяжкія, што спявак вырашыў скончыць жыццё самагубствам.
Праблемы з голасам былі часовымі, і, калі ён аднавіўся, то пачаў усё ізноў. У 1953 ён зняўся ў фільме «Ад сёння і навек» («From Here to Eternity»), атрымаўшы за яго «Оскар» як лепшы акцёр другога плану. Яго сталі запрашаць у розныя кінапраекты, самымі ўдалымі з якіх сталі «Чалавек з залатой рукой» («The Man With the Golden Arm», 1955), «11 Сяброў Оўшэна» («Ocean’s Eleven», 1960), «Дэтэктыў» («The Detective», 1968).
З канца 1950-х гадоў Сінатра выступаў у Лас-Вегасе з такімі эстраднымі зоркамі, як Сэмі Дэвіс, Дын Марцін, Джо Бішап і Пітэр Лоўфард. Іх кампанія, вядомая як «Rat Pack», працавала з Джонам Кенэдзі падчас яго прэзідэнцкай кампаніі ў 1960. Вельмі паспяховымі былі запісы і выступы з біг-бэндамі Каўнта Бэйсі, Білі Мэя, студыйнымі свінгавымі аркестрамі Нэльсана Рыдла і інш., якія набылі Сінатры славу аднаго з майстроў свінга.
У 1966 Сінатра ажаніўся з актрысай Міа Ферау. Яму быў 51 год, а ёй — 21. Яны разышліся праз год. Праз дзесяць гадоў Сінатра ажаніўся ў чацвёрты раз — з Барбарай Маркс, з якой пражыў да канца свайго жыцця.
У 1971 Сінатра аб’явіў, што сыходзіць на пенсію, аднак працягваў даваць рэдкія канцэрты. У 1979 Сінатра запісаў адзін з сваіх шэдэўраў — «New-York, New-York», і стаў адзіным спеваком у гісторыі, які здолеў праз пяцьдзясят гадоў вярнуць сабе папулярнасць і каханне публікі. У 1988—1989 прайшоў развітальны тур «Rat Pack», а апошні канцэртны выступ Сінатры адбыўся ў 1994, калі яму было 78 гадоў.
14 мая 1998 Фрэнк Сінатра памёр ад сардэчнага прыступу ва ўзросце 82 гадоў.
(найбольш паспяховыя праекты)