Папялец, папяльцовая серада́ — першы дзень Вялікага посту ў каталікоў, за 46 дзён да Вялікадня.
Назва паходзіць ад абраду пасыпаньня падчас імшы ксяндзом галоў вернікаў попелам вярбы, пасьвечанай летась на Вербным (Пальмавым) тыдні, што мусіць настроіць на пакаяньне і самаабмежаваньне. Разам з тым некаторыя народныя забавы на Папялец былі працягам карнавальных (кпіны, часам непрыстойныя, з дзеўчын, якія не пасьпелі выйсьці замуж да пачатку посту). Абавязак вернікаў у гэты дзень — сціслы пост ня толькі ў якасным, але і ў колькасным дачыненьні (дазваляецца толькі адзін прыём ежы дасыта). Многія па традыцыі ўжывалі толькі хлеб і ваду. У гэты дзень прынятыя стравы зь селядца, з XIX стагодзьдзя — з бульбы, а таксама боршч, садавіна і г. д. У аўторак перад Папяльцом, на Запусты, у апошні дзень карнавалу, апоўначы мусіла сціхаць музыка і жарты і ў залю, дзе адбываліся забавы, урачыста ўносілі шкілет селядца на шчасьце, як напамін пра марнасьць зямнога існаваньня.
У некаторых краінах на Папялец крэсьляць попелам знак крыжа на чале верніка[1].
Як і іншыя хрысьціянскія сьвяты, зьвязаныя зь Вялікаднем, дата Папяльца — рухомая, і штораз вылічваецца паводле асаблівай формулы.
Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».