Алег Янкоўскі | |
Олег Иванович Янковский | |
Дата нараджэньня | 23 лютага 1944 |
---|---|
Месца нараджэньня | Жэзказган, КССР, СССР |
Дата сьмерці | 20 траўня 2009 (65 гадоў) |
Месца сьмерці | Масква, Расейская Фэдэрацыя |
Прычына сьмерці | рак падстраўнікавай залозы[d] |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | актор, артыст, рэжысэр |
Дзеці | Філіп Алегавіч Янкоўскі[d] |
Узнагароды | |
IMDb | ID nm0946160 |
Алег Іванавіч Янкоўскі (23 лютага 1944, Жэзказган, Казаская ССР, СССР — 20 траўня 2009, Масква, Расея) — савецкі, расейскі актор тэатру і кіно, рэжысэр. Народны артыст СССР (1991), ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Расейскай Фэдэрацыі (1996, 2002).
Бацька Алега Янкоўскага паходзіў з польскай шляхты, штабс-капітан, які быў паранены пад час Першай сусьветнай вайны. У 1930-я быў арыштаваны ва Ўкраіне, пасьля выпушчаны, потым ў 1937 годзе ізноў на нейкі час арыштаваны. На ВАВ ня трапіў па стане здароўя. Працаваў на будоўлі ў Ленінабадзе і Джэзказгане, дзе і нарадзіўся Алег.
Пасьля вайны ў 1951 годзе сям’я пераехала ў Саратаў, дзе ў 1953 бацька і памёр. Старэйшы брат Алега — Расьцілаў у 1957 пераехаў у Менск, куды праз год забраў і малодшага брата. Расьціслаў працаваў акторам і граў у мясцовым драмтэатры. У Менску Алег дэбютаваў на сцэне тэатру ў эпізадычнай ролі. Каб скончыць школу празь нейкі час Алег зьехаў ізноў у Саратаў.
Алег зьбіраўся паступаць у мэдычны інстытут. Выпадкова трапіў у Саратаўскі тэатральны ўнівэрсытэт, прыём студэнтаў быў тамака ўжо скончаны. Але зайшоў спытацца пра ўмовы прыёму да дырэктара. Той толькі спытаўся прозьвішча хлопца і пачуўшы «Янкоўскі» адказаў, каб прыходзіў у верасьні на лекцыі. Як высьветлілася пасьля брат Алега Мікалай Янкоўскі таемна ад сям’і падаў дакумэнты туды і з посьпехам прайшоў. Гэтак Алег паступіў у ВНУ і ў 1965 годзе яе скончыў. У той самы год пачаў выступаць у Саратаўскім драмтэатры.
У кіно Янкоўскага пачалі здымаць выпадкова. Саратаўскі тэатар знаходзіўся ў Львове. Тамака Ўладзімер Басаў пачынаў здымкі фільму «Шчыт і Меч» і шукаў аладзёнае з «арыйскім» выглядам на галоўную ролю Гэнрыха Шварцкофа. Аднойчы пад час абеду ў кавярні Янкоўскі трапіў на вочы Басава і той запрасіў яго ў свой фільм. Потым былі карціны «Служылі два таварышы», «Я, Францыск Скарына…» (галоўная роля), «Гоншчыкі». Пад час апошняга фільму ён спадабаўся Яўгену Лявонаву. У 1972 Лявонаў перайшоў на «Ленкам» і распавёў тамака пра маладога артыста. У 1973 годзе на запрашэньне Марка Захарава Янкоўскі пераходзіць у маскоўскі тэатар імя Ленінскага камсамолу.
У 1991 годзе атрымаў званьне Народны артыст СССР — апошнім з мужчынаў, хто атрымаў такое званьне.
З 1993 — Прэзыдэнт Адкрытага Расейскага кінафэстывалю ў Сочы (МКФ «Кінатаўр»).
Быў жанаты. Жонка — акторка, заслужаная артыстка Расеі Людміла Зорына. Пабраліся на другім курсе тэатральнай вучэльні. Сын Філіп Янкоўскі — актор і рэжысэр.
Напачатку 2009 у Янкоўскага выявілі рак падстраўнікавай залозы познай стадыі. 20 траўня 2009 году ён памёр у адной з маскоўскіх клінік. Пахаваны 22 траўня ў Маскве на Новадзявочых могілках.
Алег Янкоўскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў