Ка́ралін Рут Бэртоццы (па-ангельску: Carolyn R. Bertozzi; нар. 10 кастрычніка 1966 году) — амэрыканская хімічка, праца якой ахоплівае як хімію, гэтак і біялёгію. Яна ёсьць вынаходніцай тэрміну біяортаганальная хімія[6], якая апісвае хімічныя рэакцыі, сумяшчальныя з жывымі сыстэмамі. Працавала над сынтэзам хімічных інструмэнтаў дзеля вывучэньня вузных цукроў, званых гліканамі, і тое, як яны ўплываюць на такія захворваньні, як то рак, запаленьне і вірусныя інфэкцыі, да прыкладу каранавірус[7]. Ёсьць прафэсаркай Стэнфардзкага ўнівэрсытэту[8], а таксама праводзіць дасьледаваньні ў Мэдычным інстытуце Гаўарда Г’юза[9]. У 2022 годзе поруч з Мортэнам Мэльдалем і Карлам Бары Шарплесам атрымала Нобэлеўскую прэмію ў галіне хіміі за тое, што палепшыла таргетынг супрацьракавых прэпаратаў, базуючыся на выкарыстаньні клік-хіміі і біяортаганальных рэакцыяў[10][11]. Было адзначана, што Бэртоццы вывела клік-хімію на новы ўзровень і пачала выкарыстоўваць яе ў жывых арганізмах[12].