Ёнс Якаб Берцэ́ліус (шведск.: Jöns Jakob Berzelius, 20 жніўня 1779, Лінчэпінг — 7 жніўня 1848, Стакгольм) — шведскі хімік і мінералог.
Ёнс Якаб Берцэліус нарадзіўся 20 жніўня 1779 года ў паселішчы Веверсундэ паблізу Лінчэпінга на поўдні Швецыі ў сям’і дырэктара школы. Бацька памёр неўзабаве пасля яго нараджэння. Маці Ёнса другі раз выйшла замуж, але пасля нараджэння другога дзіцяці захварэла і памерла. Айчым зрабіў усё, каб Ёнс і яго брат атрымалі добрую адукацыю. Хіміяй Ёнс Якаб Берцэліус захапіўся толькі ў дваццацігадовым узросце.
Па заканчэнні гімназіі паступіў ва Упсальскі ўніверсітэт. У 1804 годзе атрымаў ступень доктара медыцыны і заняў пасаду ад’юнкта медыцыны і фармацыі ў медыцынскай вышэйшай школе ў Стакгольме. У 1807 годзе стаў прафесарам гэтай вышэйшай школы, а з 1810 — прафесарам хіміі і фармацыі Каралінскага інстытута. У 1832 годзе пакінуў кафедру ў інстытуце і заняўся складаннем падручнікаў і аглядаў па хіміі.
Берцэліус на вопыце пацвердзіў многія хімічныя законы, вядомыя да таго часу. На працягу 1808—1812 гадах атрымаў новыя доказы закона кратных адносін, раней прапанаванага Джонам Дальтанам, і звязаў атамістычную тэорыю з шырокімі і разнастайнымі хімічнымі фактамі.
Адкрыў хімічныя элементы цэрый, селен, торый.
Стварыў электрахімічную тэорыю хімічнай роднасці, на яе аснове пабудаваў класіфікацыю элементаў, злучэнняў і мінералаў. Увёў сучасныя сімвалы хімічных элементаў, прапанаваў тэрмін «каталіз».
У 1814 годзе апублікаваў табліцу атамных мас 41 простага рэчыва, выбраўшы ў якасці адзінкі параўнання кісларод, атамную масу якога ён прыняў за 100.
У 1818 годзе цалкам выклаў сваю тэорыю прапорцый. Да гэтага часу вызначыў атамныя масы 46 элементаў і ўсталяваў працэнтны склад ~ 2000 злучэнняў.
Член Шведскай каралеўскай акадэміі навук (1808), яе прэзідэнт у 1810—1818 гадах.
Ёнс Якаб Берцэліус на Вікісховішчы |