Артур Эшэр Мілер (анг. Arthur Asher Miller, 17 кастрычніка, 1915 — 10 лютага, 2005) — вядомы амерыканскі драматург 20-га стагоддзя. Нарадзіўся ў Нью-Ёрку. Найбольш вядомыя яго п’есы «Смерць каміваяджэра» (Death of a Salesman) і «Салемскія ведзьмы» (The Crucible). Артур Мілер лічыцца найбольш уплывовым драматургам 20-га стагоддзя ў Амерыцы. Таксама вядомы тым, што яго жонкай была Мэрылін Манро.
Артур Мілер нарадзіўся і гадаваўся у Нью-Ёрку ў сям’і яўрэйскіх імігрантаў, якія паходзілі з Польшчы. Сям’я жыла ў дарагой кватэры на Манхэтане каля Цэнтральнага парку, пакуль бацька не страціў грошы падчас Вялікай амерыканскай дэпрэсіі.
Мілер скончыў Мічыганскі ўніверсітэт у спецыяльнасці журналістыка. Пачаў пісаць п’есы яшчэ ва ўніверсітэце. У 1949 годзе за п’есу «Смерць каміваяджэра» атрымаў прэмію Пуліцэра і іншыя прэстыжныя ўзнагароды. У 1953 годзе выдаў п’есу «Салемскія ведзьмы», якая таксама набыла вялікую папулярнасць, у тым ліку на Брадвеі.
У 1956 годзе пабраўся шлюбам з Мэрылін Манро (гэта быў яго другі шлюб). Развяліся яны ў 1961 годзе.
Таксама ў 1956 годзе Артур Мілер быў выкліканы на слуханні ў Кангрэс ЗША і абінавачваўся ў сувязях з камуністычнай партыяй. Ён падаў апеляцыю, і ў 1958 яна была задаволеная — з яго знялі падазрэнні.
Памёр ва ўзросце 89 гадоў ў мястэчку Роксбуры, штат Канектыкут, з прычыны спынення сэрца.